Стала вядома, як Крэмль залагодзіў канфлікт з Баку за збіты расіянамі азербайджанскі лайнер
Крэмль вырашыў залагодзіць канфлікт з Азербайджанам праз крушэнне лайнера ўстаноўкай помніка Гейдару Аліеву і выплатай кампенсацыі, піша «Агентство».

У аўторак, 4 сакавіка, стала вядома пра закладку ў Маскве помніка першаму прэзідэнту Азербайджана Гейдару Аліеву і пра пачатак выплат пасажырам лайнера Embraer 190, які разбіўся пад Актау. Звязаны з Крамлём палітолаг Сяргей Маркаў заявіў, што такім чынам Масква залагодзіла канфлікт з Азербайджанам праз катастрофу, да якой прывёў удар па самалёце расійскай СПА ў небе над Грозным. Ці будзе Баку пасля гэтага лічыць усе свае патрабаванні да Расіі выкананымі, пакуль не зразумела.
Помнік бацьку цяперашняга прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева заклалі ў аўторак у скверы пры пасольстве Азербайджана. Помнік будзе ўсталяваны «за выдатны ўклад у будоўлю БАМ». Мэр Масквы Сяргей Сабянін у сюжэце распавёў, што з просьбай паставіць помнік Аліеву «звярнулася Садружнасць будаўнікоў БАМа». У афіцыйнай жа біяграфіі на сайце прэзідэнта Азербайджана БАМ і роля ў яго будаўніцтве Аліева ніяк не згадваецца.
Выплачваць кампенсацыі за шкоду пасажырам лайнера кампаніі AZAL пачала кампанія «Альфастрахование», паведаміў у аўторак «Інтэрфакс». У нататцы таксама гаворыцца, што ў кампаніі дастаткова інфармацыі для арганізацыі выплат да завяршэння афіцыйнага расследавання катастрофы.
А на мінулым тыдні кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў паведаміў аб рашэнні ўзнагародзіць ацалелых членаў экіпажа — бортправадніка Зульфугара Асадава і сцюардэсу Айдан Рагімлі — узнагародамі «за заслугі перад Чачэнскай Рэспублікай» і ўсталяваць у Грозным мемарыяльную пліту ў памяць аб ахвярах катастрофы.
Адкрыццё помніка Аліеву, рашэнне Кадырава, выплаты страхоўкі, адмова Азербайджана галасаваць «за антырасійскую рэзалюцыю ААН» (на мінулым тыдні Баку не галасаваў па рэзалюцыях аб вайне ва Украіне ў Генасамблеі ААН), а таксама адсутнасць у азербайджанскіх і расійскіх праўладных СМІ негатыўнага асвятлення краін, на думку Маркава, сведчыць аб «пераадоленні крызісу» ў адносінах Масквы і Баку.
Баку пакуль не каментаваў апошнія падзеі. Пры гэтым азербайджанскія СМІ актыўна асвятлялі закладку помніка Аліеву і выплаты «Альфастрахования».
Раней прэзідэнт Азербайджана патрабаваў, каб Расія прызнала, што лайнер быў збіты расійскай СПА, выбачылася перад Азербайджанам, пакарала вінаватых ва ўдары па лайнеры і данесла прычыны катастрофы да грамадскасці.
Самалёт Embraer 190 авіякампаніі Azerbaijan Airlines, які не змог сесці ў Грозным, разбіўся побач з Актау 25 снежня. Папярэдняе расследаванне катастрофы паказала, што ён быў збіты расійскай ракетай (падчас спробы сесці ў сталіцы Чачні самалёт падвергнуўся нападу беспілотнікаў).
Расійская прапаганда замоўчвала звесткі пра трапленне ў самалёт ракетай СПА. Замест гэтага расійскія СМІ пераказвалі заявы Расавіяцыі, якая паведаміла, што разглядаецца сутыкненне з птушкамі ў якасці асноўнай версіі.
На фоне крызісу ў адносінах з Расіяй у Баку было прынята рашэнне аб закрыцці «Рускага дома», а таксама аб ліквідацыі прадстаўніцтва ў Азербайджане, якое ўваходзіць у Расійскую дзяржаўную медыягрупу «Россия сегодня» радыё «Спутник».
Каментары