Італія, якая заваблівала мільянераў, цяпер хоча браць з іх плату за выезд
Амаль дзесяць гадоў Італія прыцягвала заможных замежнікаў выгаднымі падатковымі ўмовамі. Цяпер урад Джорджы Мелоні вырашыў перагледзець гэтую палітыку.

У 2017 годзе Італія ўвяла асаблівы падатковы рэжым для заможных замежнікаў, каб заахвоціць іх пераязджаць у краіну. Новыя рэзідэнты маглі плаціць фіксаваны падатак на 100 тысяч еўра за год незалежна ад сумы даходаў, атрыманых за мяжой.
Пры гэтым ім не трэба было раскрываць італьянскай падатковай службе суму гэтых даходаў. Дадатковымі перавагамі былі льготныя ўмовы атрымання спадчыны і адносна невялікія падаткі на маёмасць. Разлік быў на тое, што прысутнасць багатых людзей прынясе карысць усёй эканоміцы. Яны будуць купляць нерухомасць, карыстацца мясцовымі паслугамі і ствараць дадатковы попыт.
Паводле ацэнак кансалтынгавай кампаніі Henley & Partners, толькі за 2025 год у Італію пераехалі каля 3600 мільянераў. Аднак наколькі падатковыя льготы паспрыялі іх прытоку і якую карысць гэта прынесла самой краіне, як піша Le Monde, застаецца незразумелым.
У чэрвені 2026 года Падліковая палата Італіі адзначыла, што дзяржава так і не ацаніла эфектыўнасць спецыяльнага падатковага рэжыму. Пры гэтым багатыя замежнікі не абавязаны ўкладваць грошы ў вытворчасць або іншыя праекты, якія спрыялі б развіццю эканомікі.
Адным з галоўных цэнтраў заваблівання заможных замежнікаў стаў Мілан, дзе з'яўляюцца новыя элітныя клубы і рэстараны. На фоне іх прытоку асабліва прыкметна выраслі і цэны на жыллё. З 2017 года нерухомасць у сталіца Ламбардыі падаражэла на 49%, тады як у сярэднім па Італіі — толькі на 8,8%. Для звычайных жыхароў горада жыллё становіцца ўсё менш даступным, і многія вымушаныя перасяляцца на ўскраіны.
Эканамісты звяртаюць увагу, што падатковыя льготы для багатых могуць паглыбляць сацыяльную няроўнасць, не гарантуючы пры гэтым адчувальнай карысці для эканомікі.
Новыя правілы для багатых
Урад Джорджы Мелоні ўжо пачаў паступова рабіць спецыяльны падатковы рэжым менш выгадным. Спачатку фіксаваны гадавы падатак для новых заможных рэзідэнтаў павялічылі са 100 да 200 тысяч еўра, а ў 2026 годзе — да 300 тысяч.
Цяпер у праекце бюджэту на 2027 год з'явілася яшчэ адна прапанова — так званы «падатак на выезд». Яго плануюць спаганяць з заможных людзей, якія вырашаць перанесці сваё падатковае рэзідэнцтва з Італіі ў іншую краіну.
Новы падатак плануюць спаганяць з прыбытку, які заможныя людзі маглі б атрымаць ад продажу фінансавых актываў, што падаражэлі за час іх пражывання ў Італіі. Прычым заплаціць давядзецца нават у тым выпадку, калі акцыі ці іншыя актывы яшчэ не прададзеныя. Прапанаваная стаўка падатку — 26%.
Пры гэтым улады разлічваюць на даволі сціплыя паступленні — 3,37 мільёна еўра ў 2027 годзе і па 6,74 мільёна еўра ў наступныя гады.
Прапанова ўжо выклікала занепакоенасць сярод заможных замежнікаў і іх падатковых кансультантаў. Яны асцерагаюцца, што новыя правілы зробяць Італію менш прывабнай для мільянераў. Крытыкі таксама звяртаюць увагу на супярэчлівасць палітыкі Рыма, які спачатку заахвочваў багатых людзей пераязджаць у краіну, а цяпер хоча абкласці іх ад'езд дадатковым падаткам.
У той жа час прыхільнікі больш высокіх падаткаў на буйныя багацці вітаюць ініцыятыву. У італьянскім аддзяленні міжнароднай арганізацыі Oxfam, якая змагаецца з беднасцю і сацыяльнай няроўнасцю, лічаць, што такі механізм мог бы ў будучыні перашкодзіць багатым людзям пазбягаць падаткаў на маёмасць шляхам пераезду за мяжу.
Пакуль гаворка ідзе толькі пра законапраект, які яшчэ павінен прайсці парламент. Аднак сама яго з'ява сведчыць пра змены ў падатковай палітыцы Італіі напярэдадні парламенцкіх выбараў 2027 года.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары