19 мая адна з самых уплывовых амерыканскіх газет у рубрыцы «Меркаванне рэдакцыі» апублікавала артыкул пад загалоўкам «Шанец нанесці удар беларускаму дыктатару».
У артыкуле адкрыта гаворыцца аб пагрозе банкруцтва ўрада Лукашэнкі, а палітыка ў дачыненні да Беларусі разглядаецца як адзін з элементаў перазагрузкі амерыканска-расійскіх адносінаў.

«Расія, якая звычайна дапамагала Беларусі, на гэты раз займае жорсткую пазіцыю. Яна пакуль прытрымлівае свае крэдыты і нават асудзіла палітычныя працэсы. Справа, вядома, не ў тым, што Масква адкрыла для сябе ідэю правоў чалавека. Хутчэй, прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін даўно не любіць Лукашэнку, стараецца прымусіць яго прадаць буйныя дзяржаўныя кампаніі расійскім інвестарам і аслабіць палітычную незалежнасць Беларусі ад Крамля», — такім чынам The Washington Post характарызуе стаўленне расійскага кіраўніцтва да свайго нязручнага беларускага саюзніка. І працягвае:

«У мінулым спадар Лукашэнка заляцаўся да Захаду, каб супрацьстаяць Пуціну. Аднак заходнія ўрады больш не павінны паддавацца на гэтую тактыку.
Злучаныя Штаты і Еўрапейскі Саюз ужо наклалі санкцыі на больш за 170 беларускіх службоўцаў пасля выбараў і пачаўшагася за імі гвалту. На працэсы супраць апазіцыі яны павінны адказаць яшчэ больш жорсткімі мерамі. У прыватнасці, еўрапейскім міністрам замежных спраў варта ў ходзе сваёй прызначанай на панядзелак сустрэчы ўвесці санкцыі супраць буйных дзяржаўных фірмаў, уключаючы нафтавыя, калійныя і зброевыя кампаніі, на якіх трымаецца дыктатура. Яны павінны таксама даць зразумець спадару Пуціну, што, калі ён праглыне Беларусь з яе актывамі, гэта скампраметуе расейскія прапановы аб стратэгічным партнёрстве з Еўрапейскім Саюзам».

Факт увязкі «беларускага пытання» з новым перыядам адносінаў паміж ЗША і Расіяй сам па сабе цікавы. Безумоўна, гэта не азначае, што Злучаныя Штаты гатовыя зрабіць пытанне дэмакратызацыі беларускага рэжыму рубам у перамовах з Крамлём, аднак магчымасць сумеснага ціску на афіцыйны Менск становіцца ўсё больш папулярнай сярод заходніх эліт. Публікацыя The Washington Post — яшчэ адзін доказ гэтага: «Са свайго боку адміністрацыі Абамы варта зрабіць Беларусь тэстам для «перазагрузкі» адносінаў з Расеяй.

Масква і Вашынгтон павінны дамовіцца аб агульнай пазіцыі па Беларусі і запатрабаваць ад сп. Лукашэнкі, каб ён — пад пагрозай банкруцтва і ізаляцыі — вызваліў палітвязняў і правёў сапраўдныя палітычныя і эканамічныя рэформы».

Цалкам артыкул можна прачытаць тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?