Меркаванні77

Украінскі касманаўт Каданюк: «Хай беларус ляціць з беларускім сцягам»

Клімук і Кавалёнак ляталі як савецкія грамадзяне. Грамадзянаў Беларусі ў космасе не было.

Увосень 2012 году ў космас можа паляцець ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі, які пасьпяхова прайшоў падрыхтоўку ў расейскім Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. 41-гадовы Алег Навіцкі зьяўляецца расейскім грамадзянінам і палкоўнікам расейскіх ваенна-паветраных сілаў. І, па агульнапрынятых міжнародных стандартах, будзе лічыцца расейскім касманаўтам.

Увогуле, паводле гэтых стандартаў, Беларусь ня мае сваіх касманаўтаў — хаця ў космас лёталі, прычым кожны тройчы, беларусы Пётра Клімук і Ўладзімер Кавалёнак.

А вось Украіна свайго касманаўта мае. Празь некалькі тыдняў пасьля зьнікненьня Савецкага Саюзу, у студзені 1992-га, было створанае Нацыянальнае касьмічнае агенцтва Ўкраіны, адна за другой былі распрацаваныя і зацьверджаныя чатыры дзяржаўныя касьмічныя праграмы.

А ў 1997 годзе ў складзе экіпажу амэрыканскага шатлу «Калюмбія» ў космас паляцеў грамадзянін Украіны Леанід Каданюк.
Пра пэрспэктывы Ўкраіны і Беларусі ў асваеньні космасу, пра тое, наколькі важна гэта для іміджу сувэрэннай краіны — гутарка з генэрал-маёрам, Героем Украіны касманаўтам Леанідам Каданюком.

Сяргей Навумчык: Спадар Леанід, Вы можаце адказваць па-ўкраінску, беларусы разумеюць украінскую мову, і таму было б дзіўна, каб з першым касманаўтам незалежнай Украіны мы гутарылі не-па ўкраінску.

Каданюк: Добра.

Навумчык: Скажыце, тое рашэньне аб Вашым палёце — яно было выклікана палітычнымі прычынамі (падвысіць імідж незалежнай дзяржавы), ці гэта проста рэалізацыя касьмічнай праграмы, якая ўжо тады існавала, і цяпер існуе ва Ўкраіне?

Каданюк: Дзякуй за пытаньне, але спачатку я хацеў бы павіншаваць усіх зь Днём касманаўтыкі. Першы палёт чалавека ў космас, як і першы штучны спадарожнік Зямлі — тое было падзеяй, якія мелі ня толькі плянэтарнае, але і ўсясьветнае значэньне. Бо нарэшце на адной з плянэт Усясьвету зьявілася цывілізацыя, якая здолела стварыць такую тэхніку, што здолела пераадолець зямное прыцягненьне. Цяпер чалавек заўсёды будзе лётаць у космас, але першы палёт мы заўсёды будзем памятаць. Таму віншую ўсіх з гэтым сьвятам, сьвятам кожнага грамадзяніна цывілізаванай плянэты Зямля.

Ну а што да Вашага пытаньня, дык я ляцеў у космас у выніку дамоўленасьці 1994 году паміж прэзыдэнтамі ЗША і Ўкраіны — Леанідам Кучмам і Білам Клінтанам, яны дамовіліся пра палёт украінца. Я ляцеў у космас ужо як грамадзянін Украіны. Я пераехаў з Расеі ва Ўкраіну, я родам з Украіны, з Букавіны. Вы ведаеце, тут палітыкі не было. Хутчэй за усё, была мэта пацьвердзіць, што Ўкраіна ёсьць касьмічнай дзяржавай. І яна па праву лічыцца касьмічнай дзяржавай, паколькі належыць да тых краінаў, якія маюць поўны цыкл стварэньня касьмічнай тэхнікі — праектаваньне, выраб і эксплёатацыю ў касьмічным палёце. У сьвеце касьмічнымі тэхналёгіямі займаюцца 140-150 краінаў, але Ўкраіна ўваходзіць у колькасьць шасьці дзяржаў, якія маюць поўны цыкл. І я ляцеў у космас як грамадзянін Украіны з мэтай выкананьня ўкраінска-амэрыканскай праграмы экспэрымэнтаў.

Навумчык: На Вашым скафандры, акрамя амэрыканскага сьцягу, быў і жоўта-блакітны прапор?

Каданюк: Так, натуральна.

Навумчык: І Вы лічыцеся менавіта ўкраінскім касманаўтам? Юрыдычна гэта істотна, як і сьцяг на скафандры.

Каданюк:

Юрыдычна я першы ўкраінскі касманаўт, як чалавек, які ўпершыню прадстаўляў у космасе ўкраінскую дзяржаву.
Але першы ўкраінец, які пабываў у космасе — гэта наш легендарны Павал Раманавіч Паповіч, але ён ляцеў як грамадзянін Савецкага Саюзу. А як чалавек, які прадстаўляў Украіну, выконваў заданьне украінскага ўраду, які ляцеў з украінскім сьцягам, з украінскім гімнам — гэта быў я.

Навумчык: Чаму Вы стартавалі ў амэрыканскім шатле «Калюмбія» з мысу Канавэрал, а не ў расейскай ракеце з Байкануру?

Каданюк: Вы ведаеце, я яшчэ ў 1976 годзе быў уключаны ў атрад савецкіх касманаўтаў, але я быў адабраны ў групу шматразовай касьмічнай сыстэмы «Буран». Вы ведаеце лёс «Бурану». На жаль, «Буран» выканаў толькі адзін касьмічны палёт, дый тое — у аўтаматычным рэжыме, без экіпажу. Да другога палёту «Бурану» я ўжо рыхтаваўся. Там было тры экіпажы, у тым ліку і я.

Праграма была цікавая: «Буран» стартуе сам без экіпажу, а мы павінны былі стартаваць у караблі «Саюз-ТМ», састыкавацца на арбіце, выканаць выпрабаваньне яго на арбітальным участку, потым адстыкавацца ад «Бурану». «Буран» павінен быў вярнуцца зноў без экіпажу, а мы павінны былі састыкавацца з арбітальнай станцыяй «Мір». Тое была цікавая праграма, на жаль, яна не была выкананая, бо сама праграма «Буран» была спыненая. Але мы ў нашай касьмічнай групе прайшлі ўнікальную падрыхтоўку. Мне здаецца, што такой падрыхтоўкі больш ніхто не праходзіў і больш ніхто ня будзе праходзіць, бо мы прайшлі падрыхтоўку і як касманаўты-выпрабавальнікі, і як лётчыкі-выпрабавальнікі, вывучалі мэдыцыну, астраномію, астрафізыку, экалёгію — багата навук. Наша група была ўнікальнай, і я думаю, што больш груп з такой падрыхтоўкай ня будзе.

Навумчык: Вы сказалі, што Ўкраіна — адна з шасьці дзяржаваў, якая мае цалкам завершаны цыкл стварэньня касьмічнай тэхнікі. Гэта важна для Ўкраіны, для грамадзтва Ўкраіны, як Вы лічыце?

Каданюк: Натуральна важна, бо г

эта ўздымае статус Украіны, статус як касьмічнай дзяржавы, статус і сярод дзяржаў, якія займаюцца касьмічнымі тэхналёгіямі. З пункту гледжаньня канкурэнцыі гэта ўспрымаецца можа і ня вельмі пазытыўна, але нас успрымаюць як краіну, якая вырабляе і ракеты, і спадарожнікі.
Гэта вельмі важна і для ўраду, і для краіны.

Навумчык: Украіна мае вялізны патэнцыял, шмат што засталося і з часоў Савецкага Саюзу.

Каданюк: Так, адна траціна ракетна-касьмічнага патэнцыялу колішняга Савецкага Саюзу. Таму было б бадай што і злачынствам, калі б мы гэтым не скарысталіся, не працягнулі займацца касьмічнымі тэхналёгіямі.

Навумчык: Вось у Беларусі такога вытворчага касьмічнага патэнцыялу няма, але мы бачым пэўныя касьмічныя амбіцыі. І калі ёсьць такія касьмічныя амбіцыі — як, на Ваш погляд, магла б іх рэалізаваць Беларусь у цяперашняй сытуацыі? Дый ня толькі ў цяперашняй — нават калі адкінуць эканамічны крызыс, і гэтак далей. Скажам гэтак — пры нармальным эканамічным рэжыме.

Каданюк: Вы ведаеце, касьмічнымі тэхналёгіямі трэба займацца абавязкова. Але паколькі Беларусь ня мае такога патэнцыялу, навукова-тэхнічнага і асабліва вытворчага, дык хай лятаюць касманаўты. Цудоўна, што паляціць трэці беларус. Я цудоўна ведаю першых двух — Клімука і Кавалёнка, і мне прыемна, што будзе яшчэ адзін касманаўт зь Беларусі. Хай яму шчасьціць і хай будзе ўсё ў яго добра.

Навумчык: А як Вы думаеце, Беларусь магла б па такой праграме, як тады ў Вашым выпадку, калі супрацоўнічалі Ўкраіна і Амэрыка, з амэрыканцамі нешта зрабіць, каб ужо паляцеў ня проста этнічны беларус, а са сьцягам беларускім на скафандры?

Каданюк: Ну, я думаю, што мог бы паляцець і ў праграме ЗША, але ж Вы ведаеце, што цяпер амэрыканцы прыпынілі свае палёты на шатлах. Зараз яны робяць новы касьмічны карабель, але ён будзе ня хутка зроблены. І расіяне зараз робяць новы касьмічны карабель.

Так што хай беларус ляціць з расейцамі — зь беларускім сьцягам. Але каб ляцець зь беларускім сьцягам, яму трэба мець грамадзянства Беларусі.
Напэўна, трэба, я так сабе ўяўляю.

Навумчык: Вы прыгадалі прыпыненьне амэрыканскай касьмічнай праграмы — тут, напэўна, паўплывала не ў апошнюю чаргу трагедыя, якая здарылася дзевяць гадоў таму, у лютым 2003-га, з шатлам «Калюмбія», калі загінулі ўсе сямёра членаў экіпажу?

Каданюк: Так, вы ведаеце, там дзьве прычыны закрыцьця. Па-першае,

праграма не апраўдвала сябе эканамічна. Бо дзеля таго, каб яна апраўдвала сябе эканамічна, трэба было ў год рабіць недзе 12-14 палётаў. А яны рабілі 3-5 палётаў.
Гэта першая прычына. Другая прычына — бясьпека не была забясьпечана, таму з пяці караблёў два караблі загінулі. І дарэчы, адзін зь іх — «Калюмбія», на якім я лётаў.

Навумчык: Пэўна, для Вас тое былі драматычныя адчуваньні.

Каданюк: Так, трагедыя. Увогуле трагедыя, калі гінуць касьмічныя караблі, гінуць касманаўты. Але ў гэтым караблі загінула астранаўтка Карпана Чаўла, якая лётала са мной у экіпажы ў космас. Яна была індыйскага паходжаньня...

Навумчык: Там быў яшчэ і першы і адзіны ізраільскі касманаўт, здаецца.

Каданюк: Так, Ілан Рамон, першы ізраільскі касманаўт, які сядзеў на маім месцы.

Навумчык: Пан Леанід, Вы былі дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны 4-га скліканьня. Гэта часовы быў паход у палітыку ці Вы думаеце вярнуцца?

Каданюк: Не, не часовы паход. Больш за тое, палітыкай я цікаўлюся ўсё жыцьцё, палітыка для мяне — гэта другі космас. І я зьбіраюся балятавацца на чарговых выбарах у Вярхоўную Раду, буду ізноў балятавацца ў сваёй акрузе, на мажарытарнай акрузе. Я не хачу ісьці па сьпісах, я хачу, каб мяне абраў народ, тады я буду лічыць, што я — народны дэпутат Украіны.

Каментары7

Цяпер чытаюць

Бацька са Слуцка папрасіў дзяржаву забраць яго дзяцей дзеля аднаўлення маральных сіл1

Бацька са Слуцка папрасіў дзяржаву забраць яго дзяцей дзеля аднаўлення маральных сіл

Усе навіны →
Усе навіны

СМІ расказалі пра расійскі сцэнар імітацыі замаху на Віктара Орбана перад выбарамі7

У дзень, калі памілавалі палітвязня Дароніна, ягонай жонцы прысудзілі 8,5 гадоў калоніі за ўдзел у дваровым чаце8

Тром мінчанкам далі па 8‑9 гадоў па справе дваровых чатаў7

Трамп абвінаваціў Зяленскага ў піяры: Украіна нічога не зрабіла на Блізкім Усходзе11

Tesla выводзіць на рынак свой рэвалюцыйны электрычны грузавік Semi. Асабліва здзіўляе кабіна

«Гнюсь пануе над краем». Уладзімір Някляеў прысвяціў верш Кацярыне Андрэевай3

Бензавоз узарваўся ў выніку ДТЗ у Растоўскай вобласці Расіі. Ёсць загінулыя2

Кашалёк з сюрпрызамі. Ці зможа X Ілана Маска стаць супердадаткам для ўсяго?5

Офіс Ціханоўскай чакае пацвярджэння ўкраінскага боку наконт візіту ў Кіеў на наступным тыдні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бацька са Слуцка папрасіў дзяржаву забраць яго дзяцей дзеля аднаўлення маральных сіл1

Бацька са Слуцка папрасіў дзяржаву забраць яго дзяцей дзеля аднаўлення маральных сіл

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць