Улада123123

Пасла Швецыі выслалі з Беларусі

У адказ Стакгольм анулюе від на жыхарства двух беларускіх дыпламатаў.

Інфармацыю пра дэмарш лукашэнкаўцаў распаўсюдзіў міністр замежных справаў Швецыі Карл Більт. «Рэжым Лукашэнкі выслаў шведскага пасла з Беларусі за тое, што ён занадта падтрымліваў правы чалавека. Агідна. Паказвае натуру гэтага рэжыму»,

напісаў шведскі міністр у сваім Твітары.

Більт таксама паведаміў, што ў адказ Швецыя высылае двух беларускіх дыпламатаў і што Стакгольм «не будзе вітаць» прыезду новага беларускага пасла ў Швецыі.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных пракаментаваў сітуацыю наступным чынам:

«Беларускі бок не выдварае шведскага пасла. Прынята рашэньне пра непадаўжэнне яго акрэдытацыі».

«Дзейнасць Эрыксана была скіраваная на разбурэнне двухбаковых адносін», — мяркуе Савіных. Лукашэнкаўскі дыпламат падкрэсліў, што рашэнне адносна Эрыксана ляжыць у плоскасці двухбаковых, а не беларуска-еўрапейскіх адносін і засцярог шведскі бок ад «абвастрэння сітуацыі». «Мы будзем вымушаныя рэагаваць адэкватна», — зазначыў ён.

«Высылка шведскага пасла рэжымам Лукашэнкі з’яўляецца грубым парушэннем нормаў адносін паміж дзяржавамі, — гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных справаў Швецыі,
размешчанай на сайце ведамства. — Абвінавачанні супраць амбасадара не маюць пад сабою грунту. Швецыя ніколі не хавала той факт, што яна падтрымлівае дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі, а амбасадар Эрыксан з усёй сур’ёзнасцю і адданасцю падтрымліваў дадзеную палітыку Швецыі».

Швецыя абмяркоўвае сітуацыю з кіраўніцай еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан.

«Цягам дня мы паінфармуем беларускага амбасадара ў Швецыі аб тым, што прысутнасць новага прапанаванага Беларуссю амбасадара тут непажаданая і што від на жыхарства двух камандзіраваных прадстаўнікоў амбасады анулюецца», — гаворыцца ў заяве шведаў.

«Lukasjenko-regimens» — менавіта гэты выраз ужываецца ў заяве шведскага МЗС.

Стэфан Эрыксан працаваў у Мінску з верасня 2005 года і быў адным з найлепшых еўрапейскіх экспертаў па Беларусі.
Спачатку ён быў кіраўніком аддзялення амбасады Швецыі, а ў чэрвені 2008 стаў першым паслом Швецыі ў Беларусі. Пры ім пасольства ўехала ў новы будынак і пашырыла сваю працу.
Эрыксанам у Мінску многія захапляліся, бо ён дасканала гаварыў па-беларуску і шмат рабіў для падтрымкі беларускай культуры.
Ён асабіста пераклаў на шведскую творы Васіля Быкава і Уладзімера Арлова і арганізоўваў канцэрты беларускіх рок-гуртоў у Швецыі.

Нагадаем, што 14 ліпеня шведская спявачка Ларын, пераможца сёлетняга Еўрабачання, пасля свайго выступу ў Віцебску на «Славянскім базары» у будынку шведскай амбасады сустрэлася з жонкай палітвязня Алеся Бяляцкага Наталляй Пінчук,
праваабаронцамі й журналістамі. Яна падпісалася пад петыцыяй аб забароне смяротнага пакарання ў Беларусі.

Варта адзначыць, што Швецыя паслядоўна падтрымлівае рух за грамадзянскія правы і нацыянальнае вызваленне ў Беларусі.
У прыватнасці, яны дапамагаюць адзінаму беларускамоўнаму тэлеканалу «Белсат» і ЕГУ. Калі пасля выбараў 2010 года ўлады ажыццявілі пагром апазіцыі, міністр Більт разам са сваімі нямецкім, польскім і чэшскім калегамі выступіў з рэзкім артыкулам пратэсту ў еўрапейскіх СМІ.

Найбольшае раздражненне беларускага рэжыму выклікала дзёрзкая акцыя групы шведскіх грамадзян 4 ліпеня.
Яны з рызыкай для жыцця праляцелі ў паветраную прастору Беларусі і скінулі на Мінск з лёгкаматорнага самалёта плюшавых мядзведзікаў з заклікамі да свабоды слова. Выглядае, што гэта была акцыя групы энтузіястаў, да якой шведская дзяржава дачынення не мела. Тым не менш, ад лукашэнкаўскіх ідэолагаў загучалі заклікі «пакараць Швецыю».

У аўторак прэзідэнцкая газета «Советская Белоруссія» абвінаваціла Эрыксана ў празмернай актыўнасці.

Высылка шведскага пасла можа прывесці да паўтору беларуска-еўрапейскай дыпламатычнай вайны вясны гэтага года.
Тады, нагадаем, беларускія ўлады запатрабавалі ад польскага пасла і пасланніцы Еўракамісіі выехаць для кансультацый. У адказ краіны Еўрасаюза адклікалі паслоў з Беларусі.

Глядзі яшчэ: «Вёў падрыўную працу на тэрыторыі нашай краіны»

Каментары123

Цяпер чытаюць

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры9

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры

Усе навіны →
Усе навіны

У Мядзведжыне татальна высякаюць лес. Афіцыйная версія — ратуюць ад караеда10

Трамп назваў Дэмакратычную партыю галоўным ворагам ЗША пасля Ірана15

Дырэктараў пачнуць штрафаваць за вялікія зарплаты7

Навукоўцы: хімікаты ў нарошчаных валасах могуць павышаць рызыку раку грудзей

Колькасць палітвязняў у Беларусі ўпершыню за чатыры гады знізілася да 897 чалавек2

УСУ заявілі пра знішчэнне ў Бранскай вобласці расійскіх ЗРК «Бук»1

У Мінску ўвялі максімальны кошт праезду ў маршрутках2

У Слонімскім раёне да вядомай валанцёркі чыноўнікі без папярэджання прыйшлі палічыць сабак, якіх яна ўтрымлівае за ўласны кошт5

На Падляшшы экспрэс «Зубр» збіў трох белавежскіх зуброў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры9

Лукашэнка адпускае літоўскія фуры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць