Літаратура2323

Танк № 009 — спрэчны

У выдавецтве «Логвінаў» выйшаў зборнік са ста вершаў Максіма Танка «Абвяржэнне», выбраных Хадановічам.

Кнігу ўклаў паэт і старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч, выбраўшы з даробку класіка 100 вершаў.

«Андрэй браў тэксты, якія прэзентуюць Танка-філосафа, Танка-лірыка, у якіх няма ні слова пра партыйныя білеты ці камунізм, —
кажа філосаф Валянцін Акудовіч, укладальнік серыі „Я кнігу маю“, у якой выйшаў зборнік. — Максім Танк, не зважаючы на адданасць камуністычным ідэалам,
гэта сапраўды нацыянальны паэт. Па-другое, ён быў вельмі еўрапейскім паэтам і, па-трэцяе, Танк быў першым пасляваенным паэтам-інтэлектуалам.
Гэта яго вельмі вылучала сярод іншых паэтаў, якія не змаглі адысці ад вясковых каранёў».

Гэтыя якасці паэзіі Танка, кажа Акудовіч, і імкнуўся падкрэсліць укладальнік. Таму зборнік і атрымаў назву «Абвяржэнне» —

«Хадановіч выцягнуў Максіма Танка «з-пад мундзіраў».

З Акудовічам можна паспрачацца. Па-першае, Танк не быў пасляваенным. Гэта быў паэт, сфармаваны міжваеннай Еўропай, эпохай камунізму, нацызму, Грамады і Народных Франтоў. Адначасова з Танкам жылі і пісалі, напрыклад, Ларыса Геніюш, Наталля Арсеннева. Геніюш таксама, дарэчы, мела вясковыя карані і ніколі ад іх не адыходзіла. Але гэта былі ніяк не меншыя інтэлектуалы, чым сам Акудовіч.

Кніга выйшла першай у серыі «Я кнігу маю». У ёй выдавецтва «Логвінаў» збіраецца выдаваць найлепшыя творы беларускай літаратуры ў фармаце покетбукаў — кішэнных кніг у мяккай вокладцы для масавага чытача.
Покетбук мае быць танным. Кніга Танка каштуе як тры студэнцкія абеды: 36 тысяч.

У серыі кніга Танка значыцца пад № 009. Але выдалі яе першай, каб паспець да юбілею.

Пад № 001 у выдавецкіх планах стаіць кніга Валянціна Акудовіча «Дыялогі з Богам».
Яе выданне, як і прэзентацыя серыі — яшчэ наперадзе.

«У зборніку няма вершаў, якія нас з-пад палкі прымушалі вучыць у школе», — піша ў прадмове ўкладальнік.

З прычын, відаць, «школьнасці», «сялянскасці», «камуністычнасці» ў кнігу не трапілі такія шэдэўры, як «Павезлі цягнікі», «Вясна ідзе», «Родная мова», «Перапіска з зямлёй», «Песня кулікоў»
(якая адна замяняе пару гістарычных прац пра Заходнюю Беларусь)… Але тое, што ў сотню не ўпісаліся ўсе добрыя вершы — пасмяротнае шчасце любога паэта і дадатковае прызнанне яго вартаснасці.

І яшчэ адну рысу Танкавай паэзіі праігнараваналі ўкладальнікі: яе палітычнасць.
У Танка былі камуністычныя вершы, і нацыянальныя, і проста гуманістычныя. Але
ён заўжды, ад маладосці да апошніх дзён, быў палітычна мыслячым паэтам, і без гэтага Танка не зразумець і не ацаніць.
Танк сам прызнаваўся, што пачаў пісаць вершы «са злосці» на беззмястоўную і бяззубую паэзію сучаснікаў. Без палітычнасці Танка-паэта не было б.

Купіць «Абвяржэнне» можна ў кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а).

Прапануем увазе чытачоў некалькі твораў, што не трапілі ў кнігу.

* * *

Паслухайце, вясна ідзе.
Звініць ў маім акне жалеза.
З вінтоўкай стражнік ноч і дзень
Пільнуе куст пахучы бэзу.

А ён расцьвіў, агнём гарыць,
Такім пахучым, мяккім, сінім;
На дрот калючы, на муры,
Як хустку, полымя ускінуў.

Я ціха разбудзіў другіх.
Ад слёз сінелі вочы бэзам.
I недзе хруснула ў худых
Руках іржавае жалеза.

1937

На пероне

Гудкі і калёс перазвон, —
Памалу цягнік пад’язджае.
Абмыла вячэрні пэрон
I песня, і мова чужая.

I ўсё іх дзівіла у нас:
I беднасць зямлі,
I багацьце,
Палёў хараство,
I вясна,
I нашы лазовыя лапці.

Чуваць быў начлежны напеў…
Праплакаў кулік над папарам.
Хтось «Мацюся» хрыпла запеў
Пад струны гавайскай гітары.

На захад ідуць цягнікі —
Лён,
Жыта,
Сасна і бяроза…
Гляджу і гляджу з-пад рукі,
Як моладасць нашу вывозяць.

1938

Песня кулікоў

Пахне дзёгцем, потам, рыжаю аўчынай,
Цішыня ў хаціне згорбленай, старой,
Ды гарыць памалу ноч даўгой лучынай,
Сцелючы сасновым дымам і смалой…
Часам вецер дрэвы, зачапіўшы гужам,
Доўга іх пілуе месяца сярпом
I снуе на плоце белы снежны кужаль
З доўгай снежнай песняй за сьляпым акном.
Дымна ў печы дровы і карчы палаюць.
Зайцамі кладуцца цені на сцяне.
Пеніцца сярдзіта бульба, закіпае
Снежнаю завеяй ў чорным сагане.

— Ну, садзіся з намі! — дзед стары гаворыць
I акраец хлеба чорнага кладзе.
— Наарфуе снегу, бы мякіны горы,
Ні праехаць полем, ні прайсці нідзе…
Сам, відаць, далёкі… не з блізкіх аколіц,
Не з-пад нашых, пэўна, саламяных стрэх…
Ды апранут слаба — змерзнеш недзе ў полі;
Хоць на лаве мулка, перасьпі начлег!
Бачыш: у нас голад, жыць нялёгка, браце,
Хлеб на стол кладзецца толькі для гасцей.
Добра, калі хопіць бульбы ў нашай хаце
Да вясны, да першых з выраю гусей…

Час такі нядобры. З першых дзён марозу
Маладых нямала ў турмы павялі.
Шмат разоў, напэўна, шэрыя бярозы
След іх белым ветрам ў полі замялі.
Каб далі вучыцца нам на мове роднай,
Ўсе мы дамагаліся грудзьмі…
Я ўжо хутка лягу пад сасной зялёнай, —
Што, скажы мне, будзе з нашымі дзяцьмі?

У кутку, на нарах, на старую кніжку
Ціхі голас льецца і чупрыны бель;
Сумна з маладзіцай над малой калыскай
Ўсхліпывае песняй белая мяцель.
— Спі, засні, маленькі!..
— Што, мужык на працы?
Кажаш, у астрозе? Дзесяць год далі?!
— Спі, засні, саколік! —
Быццам дождж гарачы,
Так з вачэй у маткі слёзы паплылі.

— Я, стары, таксама з-пад страхі сялянскай,
Быў і там, дзе сёння твой гаруе сын…
Шмат слядоў пакінуў на дарогах гразкіх,
На скрыпучых струнах белых палазін…

— Спі, засні, маленькі, родненькі саколік!
Ну, не плач, мой добры!..
Слухай: ля ракі
Не мяцель галосіць на заснуўшым полі,
А ў імгле зблудзілі, пэўна, кулікі…

I стары ўздымае выцвілыя вочы:
— Ну скажы, ці доўга гэта будзе так?
Сеяць усё сеем — з рана да паўночы,
А з бяды не можам выбрацца ніяк.
I ў нас цёмна, змрочна, толькі час ад часу
Загарыцца сонца паміж нашых стрэх,
Ды сядзім паўгода над галодным квасам,
Нашы сцежкі ў полі замятае снег…
Кажаш — ужо хутка выпрастаем плечы,
Кажаш аб шырэйшых нівах, аб вясне.
Вось і я, здаецца, вылез бы з-за печы,
Хай пакліча толькі моладзь і мяне.

…………………………………………….
За разбітай шыбай стогне вецер глуха,
Рвуцца пражы ніткі, ўюцца на калкі…
— Спі, засні, маленькі… або лепш паслухай,
Як, зблудзіўшы недзе, плачуць кулікі…

Пахне дзёгцем, потам, рыжаю аўчынай,
Цішыня ў хаціне згорбленай, старой;
Ціха дагарае ноч даўгой лучынай,
Сцелючы сасновым дымам і смалой.
Пад разлівы песні хмарыць сон гарачы.
— Спі, засні, мой добры… слухай… ля ракі…
Ды і мне здаецца, што ў імгле, няйначай,
Не мяцель, а плачуць недзе кулікі.

1936

Родная мова

З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, —
Ты выткана, дзiўная родная мова.

Няма на зямлi таго шчасця i гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такiх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якiя б ты не правяла
Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння
таiць акрываўлены вораг з пятлёй
ад спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і песняй маёй —
Над тым, што было i што век будзе вольным.

Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваiм
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калi ж ападзе і развеецца дым
I нiвы васкросшыя закаласяцца, —
Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,
Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасi iх сарэбраны гром
I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.

1943

А якія творы Танка Вы лічыце вартымі?

Каментары23

Цяпер чытаюць

Пасля скаргі стукача з папулярных беларускіх сайтаў зніклі цэны ў далярах на машыны і кватэры17

Пасля скаргі стукача з папулярных беларускіх сайтаў зніклі цэны ў далярах на машыны і кватэры

Усе навіны →
Усе навіны

На Міншчыне завялі крыміналку на бацьку, які гвалціў дачку 20 гадоў таму8

Новая веладарожка: хутка можна будзе даехаць да Мінскага мора без прыпынкаў2

Беларусы дапамаглі маладой маці з інваліднасцю зрабіць рамонт у інтэрнаце. Інакш дзіця забралі б у дзіцячы дом13

Сёння ў Расіі зноў гарыць Перм. Выглядае, што СПА ў Прыўраллі больш няма15

Бусел-прыгажун рэгулярна заходзіць у краму ў Маладзечанскім раёне. Яму купляюць сасіскі, не грэбуе птушка і батонам2

«7 пасажыраў, 2 каністры ў прыбіральні». Праз «саляршчыкаў» на мяжы ў Брэсце ўтвараюцца чэргі5

У Заслаўі ў ХІІ стагоддзі мог быць мураваны храм ці княжацкі палац, пра які нічога не ведалі гісторыкі17

На матчы Лігі чэмпіёнаў фанаты закідалі ўсё поле туалетнай паперай

Учора днём па ўсёй краіне было не вышэй за +10°С

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля скаргі стукача з папулярных беларускіх сайтаў зніклі цэны ў далярах на машыны і кватэры17

Пасля скаргі стукача з папулярных беларускіх сайтаў зніклі цэны ў далярах на машыны і кватэры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць