Міністэрства абароны Беларусі заклікала кіраўніка місіі кароткатэрміновых назіральнікаў Парламенцкай асамблеі АБСЕ Матэа Мекачы «быць больш уважлівым пры ацэнцы выбарчай кампаніі ў Беларусі і не ўводзіць у зман міжнародную грамадскасць».
Прычынай для такой заявы, як паведамілі ў прэс-службе Мінабароны, з’явіліся словы еўрапейскага палітыка на брыфінгу пра тое, што ў назіральнікаў ад АБСЕ не было магчымасці ажыццяўляць назіранне за галасаваннем у воінскіх часцях, таму што такое не прадугледжана беларускім заканадаўствам.
«На жаль, сп. Мекачы праявіў яўную некампетэнтнасць у беларускім заканадаўстве, у якім няма нават намёку на забарону ажыццяўляць назіранне за галасаваннем у воінскіх часцях», — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны.
Адначасова на сайце абароннага ведамства размешчана інфармацыя аб прысутнасці назіральнікаў на выбарчых участках, дзе галасавалі вайскоўцы. Згодна з гэтымі звесткамі 7 верасня на ўчастку № 8 у 6-й асобнай механізаванай брыгадзе ў Гродне ў якасці назіральніка быў прадстаўнік ад АБСЕ з Малдовы, 22 верасня там жа — прадстаўнікі ад АБСЕ са Славеніі і Германіі.
23 верасня на выбарчым участку № 672 у Ваеннай акадэміі знаходзіліся назіральнікі ад СНД з Казахстана і АБСЕ з Эстоніі, на ўчастку № 23 у 11-й асобнай мехбрыгадзе ў Слоніме (Гродзенская вобласць) — ад АБСЕ з Казахстана і Германіі, на ўчастку № 42 у 86-й брыгадзе сувязі ў Мінску — ад АБСЕ з Расіі і Таджыкістана, на ўчастку № 77 у 361-м батальёне аховы і абслугоўвання ў Мінску — ад Чырвонага Крыжа з Беларусі, а таксама ад БДІПЧ АБСЕ са Швецыі і Фінляндыі, на ўчастку № 668 у 120-й асобнай мехбрыгадзе ў Мінску — ад СНД, на ўчастку № 34 у 188-й інжынернай брыгадзе ў Магілёве — ад БДІПЧ АБСЕ з Грузіі і Германіі, на ўчастку № 600 у асобным батальёне аховы і абслугоўвання ВПС і войскаў СПА ў Мінску — ад БДІПЧ АБСЕ з Польшчы, Літвы і Беларусі, на ўчастку № 37 у 2-й інжынернай брыгадзе пад Мінскам — незалежны назіральнік з Венгрыі.
Апрача таго, 23 верасня група замежных карэспандэнтаў працавала на выбарчым участку № 668 выбарчай акругі № 109 у 120-й асобнай механізаванай брыгадзе з 8.00 да 9.00 (карэспандэнты агенцтваў Еўрапейскае Прэсфота, Франс Прэс, Ройтарз Усходняя Еўропа, Асашыэйтэд Прэс).
Каментары