Архіў

БІБЛІЯТЭКА

№ 08 (129) 1999 г.


БІБЛІЯТЭКА


 

«Мроя»: рэспубліка і пашпарт

 

Пашпарт грамадзяніна N.R.M. 1999. («Беларуская музычная калекцыя»)

Сёньня музычныя праекты з удзелам «мрайчукоў» атрымліваюць розгалас яшчэ да іхнага выхаду. Так было і з «Народным альбомам», так сталася і з «Пашпартам грамадзяніна NRM». Як толькі «Пашпарт» зьявіўся на кампакце, ад калекцыянэраў давялося пачуць: «NRM» на CD? Лепш бы старую «Мрою» выдалі! Я й сам заўзятар той «Мроі», калі «Я — рок-музыкант», «Зондэркаманда» ці «Ён яшчэ вернецца» разганялі мурашак па скуры. Але творчы рост калектыву відавочны, хаця б у тым, што «незалежнікі» з «Мроі» канцэптуалізуюць свае праграмы.

Калісьці канцэптуальнага альбому можна было чакаць хіба што ад прадстаўніка арт-року або сымфа-року, зрэдку дацягвалі да гэтага і гардавікі. А вось розныя гіпары і панкі ў лепшым выпадку шынкавалі ў альбом россыпы сваіх гітоў. «Мроя» ж ніколі ня грала арт-року, а вось праз панк і гэві — прайшла. Калісьці ейны стылёвы сымбіёз нараклі беларускім тэрмінам стод-рок, але цяпер іхную музыку ўсё часьцей характарызуюць тэрмінам поп-гранж.

Зладжанасьць страляе ў вушы зь першых акордаў альбому ў кампазыцыі пра крутых пацаноў — «Кумба». Скінуўшы лёгкі рэп-налёт, «Паветраны шар» бліскуча ператвараецца ў стары добры «мроеўскі» стод-рок, зь якога ў «Тваім партрэце» ўсё ж вытыркаюцца прыкметныя панкаўскія рэбры. 30-сэкундавы «Гамон» прэтэндуе стаць самым ёмістым з самых маленькіх музычных партрэтаў нашай рэчаіснасьці.

Рэчаіснасьць, дзе і «Песьні пра каханьне», і «Песьні юных падпольшчыкаў» — своеасаблівыя. Настолькі своеасаблівыя, што першая зь іх па-за альбомам (яна трапіла на зборны кампакт-дыск «Вольныя танцы») набывае зусім іншы сэнс. Дакладней, у іншым антуражы яна губляе значную частку сваёй сэнсавай нагрузкі.

Затое фальклёрная «Добры вечар, дзяўчыначка» перажывае такі самы працэс, але ў адваротным кірунку: у альбоме яна набывае сэнс, пра які ейны аўтар — беларускі народ — і не здагадваўся.

«Пашпарт» гэтай «Незалежнай рэспублікі...» нельга рваць на кавалкі. Занадта ён цэльны. Аўтары мастацкай аздобы альбому толькі ўзмацнілі гэтую цэльнасьць, укладаючы ў скрынку касэты і кампакт-дыску сапраўдны пашпарт грамадзяніна NRM — рэспублікі, дзе ёсьць і свой герб, і свой сьцяг, і свой кабінэт міністраў. Нам застаецца толькі зразумець іх і далучыцца.

Вітаўт Мартыненка


 

ТАНЦЫ ДЛЯ ВОЛЬНЫХ КЛЮБАЎ

 

«Вольныя танцы: слухай сваё!», Менск, 1999, БМА.

Гэты CD — першая ў гісторыі беларускага рок-н-ролу спроба сабраць пад адной вокладкай розныя паводле стылю, жанру і прафэсійнага ўзроўню гурты. Слухачам прапануюцца па адной-дзьве песьні як «монстраў» — гуртоў ULIS, NEURODUBEL, НОВАЕ НЕБА, КРАМА, ПАЛАЦ, N.R.M., гэтак і «маладых» — СКЛЕП, EXIST, ЗЬНІЧ, DEVIATION, POSTSCRIPTUM, «вечна маладых» — ZYGIMONT VAZA і КАМЭЛЁТ, «нанова маладых» — МЯСЦОВЫ ЧАС — і таксама «пакуль маладых» — КРЫВІ.

Тамсама зьмешчаны асобны праект Касі Камоцкай і Зьмітра Вайцюшкевіча — песьня «Белая Лебедзь». Гэтая песьня — унікальная, бо рэпрэзэнтуецца толькі на CD «Вольныя танцы...». Астатнія падабраныя адвольна. Зрэшты, такі падыход не псуе эклектычнай канцэпцыі зборніка, бо галоўны крытэр адбору — гэта беларуская мова сьпеваў. Вынятак — NEURODUBEL, рэпрэзантаваны песьняй «Bielarus uber alles». Гэтая акалічнасьць сьведчыць пра тое, што пры выбары гуртоў і іхных кампазыцыяў для кампакту ініцыятары праекту — Беларуская Музычная Альтэрнатыва і Беларускі Гэльсынскі Камітэт — кіраваліся ня толькі мовай сьпеваў, але й грамадзянскай пазыцыяй, якую выканаўцы выяўляюць, прынамсі, з сцэны.

Прэзэнтацыя праграмы «Вольныя танцы: слухай сваё!» ладзілася ў менскім клюбе «Акварыюм» 25 сакавіка і 1 красавіка. Бадай, гэта была першая ў сэзоне імпрэза, калі беларускія рок-фанаты мелі магчымасьць пабачыць разам амаль увесь «залаты фонд» беларускага рок-н-ролу». Калі меркаваць па запоўненасьці залі і рэакцыі публікі, фэны былі ў захапленьні, нягледзячы на невысокую якасьць апаратуры на сцэне. Што да музыкаў, амаль усе ўдзельнікі праекту прыхільна паставіліся да прэцэдэнту — CD падобнага кшталту. Прынамсі, упершыню ў Беларусі дацямілі зрабіць рок-н-рольную праграму, якая можа стацца добрым дэма-падарункам замежным сябрам-мэляманам...

Што да беларускага слухача, ідэя зборкі «...Слухай сваё!» магла б нарэшце натхніць энтузіястаў (а лепш — прадпрымальнікаў) на стварэньне CD-бібліятэкі беларускага рок-н-ролу. Вырашылася б праблема расьцярушанасьці і «паўпадпольнасьці» гэткай музыкі.

Квят.


 

У фiялетавай ночы вугал крыла
Дакумэнтальная проза

Кніга раскрывае фізыялёгію і норавы савецкай сыстэмы. Працуючы ў галоўнай партыйнай газэце «Звязда», аўтар шмат назіраў за паводзінамі вялікага і малога начальства, а таксама звычайнага «гома саветыкуса». Падзеi кнiгi разгортваюцца за фасадам пампэзнай камунiстычнай iдэалёгii, дзе пануюць амаралізм і п’янства, дзе сплятае свае інтрыгі КГБ і няма свабоды.

 

Аляксандар Лукашук (нар. 1955), працаваў перакладчыкам, журналістам, у дакумэнтальным кіно (Дзяржаўная прэмія за фільм «Дарога на Курапаты», 1994). Аўтар кніг «Зьдзек», «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста», «За кіпучай чэкісцкай работай» (міжнародная прэмія Беларускага Пэн-Цэнтру, 1998). З 1993 — на Радыё Свабода.

 


 

ДРУГІ НУМАР ЧАСОПIСУ «ARCHE»

 

Выйшаў другі нумар часопiсу «ARCHE». У ім раман Уладзімера Сакалова «Заўсёды сьветла каля турэмных муроў», «Энцыкляпэдыя мёртвых» Данілы Кіша, раман-цытата Аляксандра Лукашука «1982», «Аповед № 3» Андрэя Дынька, апавяданьні Чарльза Букоўскага, Хорхе Люіса Борхеса, вершы Валеркі Булгакава, Багуміла Грабала, Андрэя Хадановіча. Тэма нумару — постмадэрнізм. Друкуюцца «Паэтыка адкрытага твору» Умбэрта Эка, «После современности» Івана Антановіча, «Nowa Ziemia od tlumacza» Чэслава Сэнюха, «Крапіва: Кандрат і прарок» Сяргея Петрыкевіча, «Постмадэрная мова ў мастацтве» Даратэі Алькоўскай-Летц, тэксты Жан-Франсуа Ліётара, Саламіі Паўлычко. У рубрыцы «Кіно» выступае Сяргей Фяненка, у «Вожыку» — Юрась Барысевіч, друкуюцца турэмныя ўспаміны Андрэя Мельнікава «Выжывае падлейшы», а таксама эсэ і дзёньнікавыя запісы. Дэбютуюць са сваімі тэкстамі Ян Какупала і Прафэсар Каркаран. Вялiкi фармат, добры друк. Кошт 370 000 руб.

У справе набыцьця часопісу зьвяртайцеся праз тэл. (017) 249-08-88, 257-48-69. Можна атрымаць часопіс поштай (350.000 + кошт перасылкi: Менск, 220018, а/с 3).

Дыскусiя з нагоды выйсьця нумару з удзелам аўтараў i рэдакцыйнага актыву адбудзецца 11 траўня, у аўторак, а 18.00 у Гомелі.

Чытайце «ARCHE» — першы часопіс ХХІ стагодзьдзя.

 


 

Беларускія маршы і песьні
музычны зборнік, аўдыёкасэта, CD

«Беларускія маршы і песьні» — супольны праект газэты «Наша Ніва» і мужчынскага хору «Унія». Выйшлі аўдыёкасэта і CD з запісам патрыятычных песень у выкананьні хору і зборнік-сьпеўнік. Апроч гімнаў і маршаў у сьпеўнік уключаныя шэдэўры беларускай патрыятычнай песьні: «О Беларусь, мая шыпшына», «Магутны Божа» ды іншыя. Праект прысьвечаны 80-годзьдзю БНР.

Пытайцеся ў незалежных распаўсюднікаў. Па даведкі тэлефануйце (017) 227-78-92


 

Выйшла з друку кніга літаратуразнаўчых артыкулаў Лявона Юрэвіча «Камэнтары». У ёй працы, прысьвечаныя творчасьці Вацлава Ластоўскага, Янкі Юхнаўца, Сьвятаслава Каўша, Рыгора Крушыны, Алеся Салаўя, Пётры Татарыновіча, Міхася Міцкевіча, Ларысы Геніюш, «Баявой ускалосі», айцам-марыянам, тавізаўцам ды інш. Пасьлямова Уладзімера Конана. Цікава, што на вокладцы – карціна Артура Клінава «Карабель».

Ахвотным прыдбаць кнігу: тэл. (017) 283-24-10

Кнігу дзіцячых песень «Дударочак» (з нотамі і мэтадычнымі ўказаньнямі), складзеную І.Лосікам і Л.Скаромнай, можна замовіць па тэл. (017) 227-78-92


 

АРХІВЫ БНР

 

Два фундамэнтальныя тамы «Архіваў БНР» складаюць разам 1700 старонак. Гэта поўнае апісаньне і частковая публікацыя дакумэнтаў Фонду №582 Дзяржаўнага Архіву Літвы («Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі»). У выданьні ўзялі ўдзел Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва (Нью-Ёрк), Таварыства Беларускага Пісьменства (Вільня) і «Наша Ніва» (Менск). Але фактычна ўсю выдавецкую працу выканаў адзін чалавек — Сяргей Шупа. Ён зрабіў укладаньне, падрыхтоўку тэксту, напісаў уступны артыкул, камэнтары, выканаў пераклады, паказальнікі, кампутарны набор і макет.

 


 

На пачатку году ў Нью-Ёрку выйшла кніга ўспамінаў Яўхіма Кіпеля «Эпізоды». Я.Кіпель – асоба дапраўды легендарная: у 20-я гады – кіраўнік менскага маладзёвага клюбу «Беларуская Хатка», супрацоўнік Інбелкульту, у 30-я — савецкі зэк, у 1944-м – старшыня ІІ Беларускага Кангрэсу, у 50-я — адзін зь лідэраў беларускай эміграцыі ў ЗША... Захапляльнае апавяданьне пра сустрэчы зь Янкам Купалам і Якубам Коласам, з бацькамі нацыі Вацлавам Ластоўскім, Язэпам Лёсікам, Вацлавам Іваноўскім, сяброўства зы Зьмітрам Жылуновічам, супраца з кіраўніком беларускага супраціву ў часе нямецкае акупацыі кс. Вінцэнтам Гадлеўскім, спатканьні з расейскім генэралам Уласавым. Кніга поўная найцікавейшых сьведчаньняў пра вызначальныя падзеі беларускае гісторыі.

Выданьне можна замовіць па тэл. (017) 283-24-10.


Каментары

Цяпер чытаюць

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»8

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Усе навіны →
Усе навіны

Нетаньяху: Пасля ўдараў па «Яндэксе» колькасць антысеміцкіх ботаў скарацілася на 60%5

Затрыманы галоўны падазраваны ў падпале ратушы Ліможа: гэта левы радыкал21

Зяленскі: Амерыка вельмі хоча, але не можа спыніць Расію4

Як у Польшчы зарэгістраваць замежны дакумент?1

У Мінску 17‑гадовага алімпіядніка па гісторыі абвінавацілі ў рэабілітацыі нацызму14

На мяжы дзвюх Карэй расце напружанасць. Сеул прыгразіў Пхеньяну жорсткім адказам3

У Мінску хірургі прааперавалі мужчыну, які ў гэты час быў у іншай бальніцы

Старшага інкасатара Беларусбанка асудзілі за палітыку і назвалі «тэрарыстам»4

Прыхільнікі захавання Альберты ў складзе Канады разгромна лідзіруюць на рэферэндуме4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»8

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць