Архіў

Міхал Залескі. Героі і ахвяры

№ 9 (166), 28 лютага — 6 сакавіка 2000 г.


 

Героі і ахвяры

Фільм «Адважнае сэрца» з удзелам Мэла Гібсана выйшаў у перакладзе на беларускую мову

 

От здарылася. Жыў у нашым мястэчку адзін добры чалавек. А потым ехаў з пушчы лесавоз, зачапіў яго бервяном. Памёр, а дзеці збэсьціліся. Сын сядзеў, кажуць, і прапаў недзе пасьля турмы. Дачка скурвілася дый нарадзіла байстручка. Бегае цяпер сам сабе: смаркаты, мурзаты, нахабны і зладзейкаваты. Хто пра ягонага дзеда згадвае? Дзіцё тое людзям, як стрэмка.

Бывае гэтак і з цэлай нацыяй. Курды, баскі, чачэнцы… Трапілі яны, як Марка ў пекла. Ганяць іх па-ўсякаму: крываносыя яны, і крывадушныя, і крыважэрныя. Надта беспакойныя. Трэба супакойваць. Што ім муляе?

Насамрэч, усё ў іх як у астатніх. Толькі волі бракуе. Волі ў сваім краі. Краю свайго няма ў іх. Нібыта на сваёй зямлі жывуць… і не на сваёй.

Вялікая дзяржава, як багаты чалавек, калі прыдбала што, задарма не аддасьць. У вялікай дзяржавы ёсьць закон і войска, грошы і судзьдзі, шпегі і каты. Усё ёсьць, каб трымаць свой парадак. Знойдзецца заўсёды вяроўка ці сякера на долю якога там МакВолеса ці Каліноўскага.

Бо паміж незадаволеных, якіх шмат, бывае народзіцца адзін, пра якога складаюць потым казкі і міты.

Ці хацеў МакВолес прагнаць ангельцаў? Так. Але перш ён хацеў мець зямлю, жонку, дзяцей і нікога не чапаць. Сам гэтак казаў. А ці хацеў ён жудаснай і пакутлівай сабе сьмерці? Не.

Стань на калені і жыві, дазваляюць слугі вялікай дзяржавы. Аддай свае грошы нашым судзьдзям, кажуць яны. Аддай сваіх сыноў, каб яны забівалі нашых ворагаў, патрабуюць яны. Але судзьдзі тыя судзяць ня нашым законам і ворагі тыя нічога нам не павінны, бо дзяржава ня наша. Што рабіць?

Нехта цярпіць. Герой паўстае. Ён перамагае. За ім ідуць. Працятыя нянавісьцю, болем, страхам, брудныя, няголеныя, бязьлітасныя мужчыны. Іншых мала на вайне. Яны не ўцякаюць, бо згадзіліся памерці. Сьмерць побач. Ня кожны ўстрымаецца, каб не рабіць дрэннага.

Калі войска паўстанцаў падыходзіць да гораду, людзі перад ім уцякаюць, каб схавацца за мурамі. Проста людзі. Цягнуць нейкія бябехі, гоняць авечкі. Авечак жа могуць адабраць і зьесьці, а жанчын — згвалціць. Бо гэта — вайна. І ад таго, што яна за волю, за родны край, за зямлю крэўных, вайна ня робіцца іншай.

Асырыя, Ягіпет, Рым, Арда, Расея, Аўстрыя, Брытанія, Турцыя, Трэці Райх, СССР: колькі было імпэрыяў і зьнікла. Дзе тыя, што стваралі і разбуралі іх? Сплываюць рэкі крыві. Застаюцца аскепкі ўспамінаў. Гонар нацыяў за сваіх герояў, што нарадзіліся ў свой час.

А каторыя пасьпяшаліся ці не пасьпелі? Як той акавец, што біў кароткімі чэргамі з гарышча падпаленай хаты ў 54-м? Гэта шарагоўцы, ахвяры.

Пра тое, што можна аддаць за волю, пра тое, што мусіш аддаць за волю, — фільм з Мэлам Гібсанам пра героя. Моцны і сумны. Фільм агучаны па-беларуску, і мова тут гучыць натуральна. Няхай бы падлеткі глядзелі. Выхоўвалі ў сабе павагу да патрыятызму.

Але ня дай Божа, каб беларусам зноў спатрэбіліся героі.

Міхал Залескі


Каментары

Цяпер чытаюць

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны22

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Усе навіны →
Усе навіны

«Выглядае як жарт». У беларускі спісалі 3740 BYN за 6 хвілін у роўмінгу4

У акупаваным Севастопалі пачалі абмяжоўваць продаж прадуктаў у адны рукі5

Археолагі завяршылі сёлетнія раскопкі на Менцы. Што знайшлі?15

У Японіі на чатырох людзей напаў надзвычай кемлівы мядзведзь

Анулявалі вынікі на ЦТ школьнага выдатніка, які апублікаваў фотаздымкі тэставых заданняў9

У Гродне паставілі скульптуру аленя святога Губерта2

У Кіеве машына на шалёнай хуткасці заляцела ў падземны пераход. Загінулі чатыры чалавекі ВІДЭА2

Пуцін назваў «хамствам» адкрыты ліст Зяленскага. І адмовіўся ад сустрэчы з ім28

«Еўрагандаль» перафарматоўвае свае крамы «Хіт!» Што будзе замест іх?5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны22

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць