Архіў

Андрэй Захаранка. Гальшаны

№ 16 (173), 17 — 23 красавіка 2000 г.


 

Гальшаны

 

У кожнага чалавека ёсьць мясьцiны, добра вядомыя й заўсёды прыцягальныя, мясьцiны, куды хочацца вяртацца зноў i зноў. Шмат для каго, як i для мяне самога, акрамя Полацку ды Крэва — знакавых у кожнай беларускай душы — гэткаю мясьцiнаю ёсьць Гальшаны.

Апошнiм разам патрапiць сюды аказалася незвычайна цяжка. Раней на лясным ускрайку збоч ад шырокае гравейкi з Барунаў падарожнiка сустракала адзiнокая пашарпаная табэля з папярэджаньнем аб пачатку памежнае зоны ды неабходнасьцi адмысловага дазволу дзеля таго, каб рушыць далей. Ды гэта было, напэўна, самаю важкай, калi не адзiнай, перашкодаю на зручным ды вольным гасьцiнцы. Цяпер табэля зьнiкла. Затое наш самаход ня менш, як зь дзясятак кiлямэтраў груз у мяккi руды пясок, аб’яжджаючы пакiнутыя пасярод дарогi агромнiстыя аблупленыя грэйдары ды густа, нiбы знарок, раскiданае буйное каменьне. Нарэшце дарожны зьдзек скончыўся, i маленькi сталiчны транспарт з добра падзёртым падчэраўем ды пераможным настроем выкацiўся на ратавальны гальшанскi асфальт.

Сёньняшнiя Гальшаны мала падобныя да колiшняга славутага мястэчка. Заводы, што выраблялi палiваную кафлю, майстэрнi, магутныя млыны, паперня — усё гэта цяпер толькi згадка сiвой мiнуўшчыны. Вось i здаецца часам, што тыя Гальшаны са сваiм дзiўным палацам (гэтак падобным да флямандзкiх кастэляў Бэсэнштэйн ды Клейдаэль, што пад Антвэрпэнам), буйнымi кiрмашамi, што ладзiлiся на плошчы ля паважнага барочнага касьцёла некалькi разоў на год, ды непараўнальным майстэрствам местачкоўцаў у вязцы рукавiцаў, панчох ды славутых «гальшанскiх каптаноў» назаўсёды сышлi ў нябыт...

Але гэтак толькi здаецца. Дастаткова прытулiцца сьпiнай да аблепленае шерымi рыштаваньнямi сьцяны старога францiшканскага кляштару цi пакласьцi далоню на халодныя ружовыя цаглiны раскiданага сапегаўскага замку, як адчуваеш, што адвечныя Гальшаны ўсё яшчэ жывуць сваiм самаiстым таемным жыцьцём i ўсё яшчэ лунае магутны жыцьцятворны дух над напаўзьнiшчанымi, але няскоранымi мурамi.

Першыя старонкi тутэйшае гiсторыi цалком зьвязаныя з жыцьцём князёў Гальшанскiх, выдатным родам, якi, аднак, спынiў сваё існаваньне ў 1556 годзе. I вiною тому, як ня дзiва, сярод iншых чыньнiкаў i празьмерная прыхiльнасьць да Маскоўскае дзяржавы. Цi то Аляксандар-Нялюб, што ўдзельнiчаў у змове супраць вялiкага князя Вiтаўта; цi то Сымон, што рыхтаваў замах на жыцьцё вялiкага князя Сьвiдрыгайлы; цi то Iван Юр’евiч — змоўца супраць вялiкага князя Казімiра, якi гэтак марыў перайсьцi разам з усходнiмi землямi Вялiкага Княства ажно да Бярэзiны пад уладу вялiкага маскоўскага князя Iвана Трэцяга — усе яны альбо проста загiнулi праз свае палiтычныя прыязнасьцi, альбо, у лепшым выпадку, назаўсёды пакiнулi Лiтву ды аселi на Маскоўшчыне...

Праўда, жаночая галiна радаводу Гальшанскiх, так бы мовiць, ратавала, як магла, сытуацыю. Гэтак, княжна Iўлiянiя была жонкаю тога самага Вiтаўта, княжна Сафiя — Ягайлы (пасьля Ядзьвiгi). Менавiта яна, нарадзiўшы сыноў Уладзiслава ды Казімiра — будучых польскага караля ды вялiкага князя лiтоўскага, сталася пачынальнiцаю дынастыi Ягелонаў. Апошняя ж з гальшанскiх княжон, Алена, у 1525 годзе выйшла за Паўла Сапегу, ды з гэтага часу самi Гальшаны зрабiлiся сапегаўскаю айчынай.

Мураваны францiшканскi кляштар з касьцёлам Яна Хрысьцiцеля быў узьведзены ў 1618 годзе (касьцёл перараблялі пры канцы ХVIII ст., кляштар жа застаўся амаль некрануты). З гэтаю камянiцай зьвязанае вядомае гальшанскае паданьне.

Распавядаюць, што пад час пабудовы кляштарных карпусоў адна з апорных сьценаў нiяк не хацела стаяць ды некалькi разоў, ужо амаль скончаная, бурылася сама сабой. Раззлаваны фундатар, ня хто iншы, як староста Вялiкага Княства Павел Сапега, паабяцаў нарэшце пакiнуць без заробку майстроў, калi кляштар ня будзе скончаны ў тэрмiн. Засмучоныя будаўнiкi, сабраўшыся на раду, вырашылi пайсьцi на скрайнi сродак ды прынесьцi чалавечую ахвяру. I вось маладзiца, што першая прынесла мужу-муляру абед, была схопленая ды жыўцом замураваная ў цокаль злашчаснае сьцяны... Кляштар прастаяў непарушна да сёньняшнiх дзён. Праўда, кажуць, што й дагэтуль у адным зь ягоных пакояў часам зьяўляецца самотны прывiд у старадаўнiм адзеньнi.

Гэтая гiсторыя, напэўна, i засталася б страшнаю стараветнаю казкай, каб не яе нечаканы працяг, аб якiм распавядае спадарыня Часлава Акулевiч, загадчыца гальшанскае фiлii Мастацкага музэю, што месьцiцца цяпер у старых кляшторных мурох. Колькi гадоў таму, вывучаючы цокальную частку аднае са сьцен, дасьледчыкi патрапiлi на непаразумелую нутраную пустоту. Ускрыўшы яе, са зьдзiўленьнем убачылi спарухнелы чалавечы шкiлет, лiтаральна ўцiснуты ў невялiчкую нiшу. Тэрмiнова паклiканы мясцовы доктар засьведчыў, што хутчэй за ўсё маладая жанчына (!) загiнула ненатуральнаю сьмерцяй. Ад кантакту з паветрам косткi хутка рассыпалiся ў пыл, а магутная апорная сьцяна празь некалькi дзён дала вялiзную расколіну...

Апошнiм часам Дзяржаўны Мастацкi музэй ды Мiнiстэрыя культуры вырашылi, што гальшанскi кляштар ня мае сур’ёзнае культурна-гiстарычнае вартасьцi, ды з гэтае нагоды зьбiраюцца тутэйшую фiлiю музэю зьлiквiдаваць. Значыцца, ня ўсiм хочацца вяртацца сюды зноў i зноў. Так цi йначай, але «заклаў Гольша горад на рацэ Карабель...», i сталiся на Беларусi — паводле «Кронiкi Быхаўца» — больш, як сем соцень гадоў таму, Гальшаны.

Андрэй Захаранка


Каментары

У Беларусі ўжо некалькі вечароў праблемы з інтэрнэтам. Расказваем, што адбываецца2

У Беларусі ўжо некалькі вечароў праблемы з інтэрнэтам. Расказваем, што адбываецца

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску суд прайшоў на сцэне2

Расія ўдарыла па жылым доме ў Харкаве, загінула 11-гадовае дзіця, 30 параненых

Амерыканец падумвае пераязджаць у Беларусь — прычына арыгінальная7

Мінскаму фатографу пагражае да пяці гадоў калоніі за «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання»

У Харкаве КАБ зноў трапіла ў шматпавярховік ВІДЭА1

«Спісаў яшчэ ніхто зверху не спускаў». Дзейны сілавік расказаў пра заробкі, рэпрэсіі і чысткі ў міліцыі напярэдадні выбараў3

Зяленскі расчараваны, што ЗША выдалі канфідэнцыйную інфармацыю пра просьбу Украінай «Тамагаўкаў»

Затрыманых акцёраў РТБД вызвалілі

ЗША ўвялі санкцыі супраць чатырох кампаній за супрацоўніцтва з беларускімі прадпрыемствамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі ўжо некалькі вечароў праблемы з інтэрнэтам. Расказваем, што адбываецца2

У Беларусі ўжо некалькі вечароў праблемы з інтэрнэтам. Расказваем, што адбываецца

Галоўнае
Усе навіны →