Архіў

Віктар Шніп. Школа

№ 35 (192), 28 жніўня — 4 верасьня 2000 г.


 

Віктар Шніп

Школа

 

У Лягезах школы няма. Мае сябры Сашка і Люда пайшлі ў першую клясу ў Русакі, і мне аднаму стала сумна гуляць. І я, калі дома нікога не было, прыдумаў, каб сваіх сяброў пераманіць з вучобы да сябе — на ганку каля самых дзьвярэй расклаў вогнішча. Хата не згарэла. А я, уцёкшы ад дубца дзядзькі Віці, паўдня сядзеў у кустах, праклінаючы школу, якая забрала ў мяне сяброў.

Калі ўцішылася мяцеліца, мяне адпусьцілі з дому з санкамі на Бакачоўскую гару, зарослую сасоньнікам, пакатацца. Прыйшоў, катаюся і раптам бачу — з Русакоў ідзе цэлая банда дзетвары з кашамі і мяхамі. Крычаць нешта, сьмяюцца і на хаду скідаюць паліто. І я, доўга ня думаючы, кінуў санкі і пабег дамоў. Расказаў цётцы Алі пра дзяцей зь мяшкамі і кашамі, і чырвонымі анучамі на шыях, і пачуў: «Ды ты ня бойся іх! Гэта піянэры прыйшлі шышкі зьбіраць для школы!..»

У першую клясу я пайшоў у Пугачоўскую васьмігодку. Быў малы, задрыпаны, і мяне пасадзілі за першую парту з дачкой старшыні калгасу Розачкай. Сяджу зь ёй месяц, сяджу два, і неяк па дарозе дахаты перастрэлі мяне старэйшыя хлопцы і пытаюцца: «З кім ты гэта сядзіш за адной партай?» «З Розачкай Лібінскай…» І патлумачылі мне хлопцы, з кім я сяджу, і што калі буду і далей сядзець, дык навучаць мяне бяз школы як Родзіну любіць. І назаўтра я не прыйшоў вучыцца — прасядзеў у кустах цэлы дзень… І што было б далей — ня ведаю, але пачаліся восеньскія канікулы, а пасьля іх і сама Розачка Лібінская не прыйшла ў школу — з бацькамі зьехала ў Ізраіль.

Я і Грышка Сасноўскі, падвучаныя аднаклясьнікамі, атрамантам выпэцкалі настаўніцкае крэсла. Прыйшоў дырэктар разьбірацца. І нашы аднаклясьнікі адразу нас выдалі. Павялі нас у настаўніцкую, каб мы там прызналіся перад усімі, што гэта мы напаскудзілі. Мы доўга не прызнаваліся, але калі нас пачалі біць вялікай драўлянай лінейкай па пальцах, Грышка здаўся. А я плакаў і маўчаў…

У пятай клясе мае аднаклясьнікі даведаліся, што я пішу вершы. І празь нейкі час пра гэта ведалі амаль усе ў школе. І сталі да мяне прыставаць старэйшыя: «Напішы верш пра каханьне, напішы верш пра каханьне…» І я выконваў заказы. Адбою не было. Настаўнікі ў большасьці да маёй пісаніны ставіліся скептычна: «Сын даяркі і пастуха — паэт? Сьмех!..» І толькі малады фізык Пётра Налецкі, на якога мы, школьнікі, глядзелі, як на крыху ненармальнага, сумна ўсьміхаўся. Ніхто ня ведаў, а ён (пасьля таго, як я закончыў школу, прызнаўся мне) пісаў вершы…

Іду дахаты з электрычкі. За Дубравамі на Доўгай гары зь лесу выбягаюць хлопцы: «Паэт, ідзі сяды, пачытай нам вершаў!» Гляджу, знаёмыя з Татарскіх. «А чаму вы ня ў школе?» — пытаюся. «А мы ўчора былі!» — адказваюць і клічуць за сабой далей ад дарогі ў лес. Каля будана — вогнішча і чалавек дзесяць школьнікаў. Кураць, п’юць самагонку, лаюцца. Саджуся на бервяно побач. Старэйшы з усіх, Дзіма Варыкаш, гукае: «Дзяўчаты! Ня бойцеся, ідзіце сюды, мы вам паэта прывялі!..» І давялося мне гэтым «партызанам» чытаць вершы…

У шостай клясе я закахаўся ў аднаклясьніцу Зою Шымель зь Еленкі. Напісаў цэлую кучу вершаў пра каханьне і паслаў ёй па пошце. Чакаў пісьма ад дзяўчыны цэлы месяц. Не дачакаўся і стаў ёй пісаць лісты зь вершамі амаль кожны дзень. У клясе хлопцы сьмяюцца зь мяне, а Зоя і не глядзіць у мой бок… І закончыў я школу, і разьехаліся мае аднаклясьнікі хто куды. Зоя Шымель трапіла ў Маладэчна. Доўгі час мне хацелася адшукаць яе, але недзе ў 1980 годзе, зімой, мне расказаў бацька пра тое, як ён быў у Еленцы ад калгасу і купляў для кароўніка ў людзей сена. Якраз прадалі сена і бацькі Зоі Шымель. За чаркай разгаварыліся. І даведаўся мой бацька пра тое, як я пісаў у школе для Зоі вершы, і што яна цяпер замужам, і дзяўчынка, якая бегае ў хаце — гэта Зоіна дачушка…

У 1990 годзе запрасілі мяне ў Валожын у школу на паэтычную імпрэзу. Паехаў. Сустрэлі добра, але нечакана папрасілі пачаць выступленьне пазьней на паўгадзіны і пакуль зусім не заходзіць у актавую залю. Чаму — не гавораць. Пасьля выступленьня даведаўся — мой валожынскі знаёмы, які раней вучыўся ў гэтай школе, перад пачаткам імпрэзы ўпрыгожыў актавую залю бел-чырвона-белымі сьцяжкамі.

Ідзём у Пугачах па вуліцы. Расказваю жонцы і дзецям, дзе хто жыве і што дзе было. Спыняемся каля вялікай яміны, паўнюткай вады і аброслай быльнягом. «А тут стаяла мая школа…» — кажу я, і сын пытаецца: «А што — тваю школу рускія разбамбілі?»

У Кутаісі на сьвяце Дзён Маякоўскага, павялі нас у школу выступіць перад дзецьмі. Мы зьвярталіся да прысутных па-расейску, а яны нам сьпявалі грузінскія песьні. Мы ім абяцалі рабіць усё, каб і далей мацавалася дружба паміж народамі Савецкага Саюзу, а яны нам пачапілі піянэрскія гальштукі. Гэта было пятнаццаць гадоў назад, але гэта было…

Кінуўшы тэхнікум, пайшоў падпрацаваць грузчыкам на лікёра-гарэлачны звод «Крышталь». Трапіў ў асяродзьдзе алькаголікаў і былых зэкаў. Працую дзень, два і нарэшце адзін грамідла пытаецца: «Ты, вожык, у школу хадзіў?» «А што такое?» «Чаму цябе там па-руску балакаць не навучылі?» Давялося прызнацца, што пішу вершы. І тады грамідла сказаў: «Вожыка не чапаць! Ён пра нас паэму напіша!»

Дапамагаю маме выбіраць бульбу. Побач з нашымі соткамі па дарозе ў Дубравы (на могілкі) ідзе суседчына дачка. Мама расказвае: «Разумная дзяўчына. Настаўніца. А вось у жыцьці не пашанцавала. Год назад нарадзіла дзіця, а яно памерла. Ды і цяпер цяжарная, з мужыком не жыве — мужык п’яніца…» І ідзе па дарозе настаўніца, і нясуцца машыны міма яе, і не спыняюцца…

Цяпер у Пугачах новая цагляная двухпавярховая школа. Адзінаццаць клясаў. Шыльда на беларускай мове. І за шыльдай яшчэ жыве беларушчына…


Каментары

Цяпер чытаюць

«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх17

«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх

Усе навіны →
Усе навіны

Людзі, эвакуяваныя з Алешак, ужо ва Украіне3

У Японіі цягнік сышоў з рэек пасля сутыкнення з мядзведзем3

Адкуль у Ціханоўскага крыўда праз грошы на зубы? Разбіраемся ў гісторыі32

«Белавія» зможа купляць самалёты і запчасткі Boeing5

Беларуская чыгунка паказала новыя пасажырскія вагоны ў фірмовым стылі8

Беларус прайшоў больш за 100 кіламетраў дзеля хворай дзяўчынкі

«Рускай мовы мой сын не чуе». Маргарыта Ляўчук — пра выклікі мацярынства, вяртанне на вялікую сцэну, абражанага Лукашэнку і каханне10

У Ждановічах сёння адчыніўся будаўнічы гіпермаркет. Што там прадаецца?1

Кіеў аднавіў інтэнсіўныя ўдары па расійскіх НПЗ пасля таго, як Вашынгтон праігнараваў яго патрабаванні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх17

«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць