Архіў

Тэлекінэз у рэдакцыі «НН»

Магдзі Амэлі  ФОТА АНДРЭЯ ЛЯНКЕВІЧА

Іранскі псыхоляг Магдзі Амэлі абяцае за паўгоду навучыць любога рухаць прадметы позіркам.

Магдзі Амэлі ФОТА АНДРЭЯ ЛЯНКЕВІЧА
Калі я першы раз гэта ўбачыў, мне стала ніякавата. Я быў у гасьцёх у доктара Магдзі Амэлі ў Машгадзе. Гаспадыня частавала мяне, а гаспадар між тым перасоўваў позіркам цукеркі. Альбо ўзьнімаў манэту над галавой і хадзіў па хаце, а манэта рухалася над ім. Зразумела, я чытаў пра гэта раней, але ня верыў.

Пазьней у Іране мне давялося сутыкнуцца зь яшчэ большымі штукарствамі. На аўганскай мяжы, у Харасане, мяне знаёмілі зь сьвятарамі, што маглі позіркам рухаць цяжкія шафы й куфры. Але гэта што, казалі яны, вось у Куме жыве аяталаг, які падчас малітвы ўздымаецца ў паветра на сваім малітоўным кабэрцы. На жаль, я так і ня выбраўся ў Кум папытаць у яго парады на жыцьцё.

Былы бай, а цяпер выкладчык Тэгеранскага ўнівэрсытэту доктар Джаганбахш, бачачы маё зьдзіўленьне, казаў: «Вы, эўрапейцы, выхаваныя ў пазытывісцкіх грамадзтвах і цягнецеся да нашай містыкі. А мы ня ведаем, як пазбыцца містыцызму, што не дае нам разьвівацца, ня ведаем, як прывучыць нашых людзей да дакладнасьці, якую выхоўваюць дакладныя навукі». Так, містыкі на Ўсходзе багата, а дакладная навука дагэтуль выглядае выцягнутай зь мяшка Хаджы Насрэдзіна.

Перад Новым годам мой знаёмы доктар Амэлі завітаў у Беларусь. Ён хацеў бы застацца ў нашай краіне назаўжды. Іранцам Беларусь падаецца краінай свабоды, эўрапейскай і разьвітай.

У час знаходжаньня сп.Магдзі ў рэдакцыі «НН» журналісты дакумэнтальна зафіксавалі яго незвычайныя здольнасьці. Доктар таксама адказаў на пытаньні.

«НН»: Як Вы называеце гэты фэномэн?

Магдзі Амэлі: Сіла канцэнтрацыі ўвагі.

«НН»: Усе людзі здатныя на гэткае?

М.А: Кожны чалавек мае тры асноўныя вымярэньні. Першае яго вымярэньне — цела. Другое — душа, дух. Трэцяе — ягоныя здольнасьці, багацьце, закладзенае ў нас Усявышнім. Сёньняшні чалавек дасягнуў прагрэсу ў першым і другім вымярэньнях, але ў трэцім вымярэньні значных і гэтак патрэбных крокаў ня зроблена. Таму сёньняшні сьвет ня можа даць чалавеку адчуваньня сапраўднага шчасьця. Дае безьліч разнастайных асалодаў, але асалода — гэта зусім ня шчасьце. Сёньняшні сьвет здаецца мне вялікай вязьніцай. Яна сьветлая і прывабная знадворку, але ўсярэдзіне — цемра. Людзі зьяўляюцца вянцом Боскага тварэньня. Але гэтыя самыя высакародныя істоты пастаянна зьняволеныя нейкімі дробнымі турботамі. Чакаючы скону, яны занятыя паўторам аднаго й таго самага з пакаленьня ў пакаленьне.

Хіба гэта жыцьцё? Толькі спазнаўшы веліч нашых здольнасьцяў і талентаў, раскрыўшы іх, мы зразумеем, дзеля чаго створаныя й жывём. «Сіла канцэнтрацыі ўвагі» — першы этап раскрыцьця чалавечых здольнасьцяў, першы посьпех на дарозе самаспазнаньня.

Кожны чалавек можа разьвіць сілу канцэнтрацыі ўвагі. Госпад заклаў у нас мноства невымерна больш магутных здольнасьцяў, але толькі той, хто спазнае й раскрые іх у сабе, зможа імі скарыстацца.

«НН»: Як раскрыць гэтыя здольнасьці?

М.А: Гэта няцяжка. Тое, што вы сфатаграфавалі, — нішто, я магу шмат большае, але цяпер я змучаны дарогамі.

Я гатовы дапамагчы ўсім ахвотным раскрыць свае здольнасьці. Калі беларускія ўлады дадуць мне магчымасьць жыць у вашай краіне, я запрашу ўсіх ахвотных вучыцца. Узьнімаць невялікія кавалкі паперы можна навучыцца прыкладна за паўгоду.

«НН»: Гэтыя здольнасьці маюць нейкае дачыненьне да «дасканаласьці» духу?

М.А: Не. Гэткая практыка спрыяе духоўнаму росту, але зусім не паказвае на ўзвышанасьць ці дасканаласьць нечага духу. Гэта могуць рабіць і злачынцы. З рэлігіяй таксама простай сувязі няма — рабіць такое можа мусульманін, хрысьціянін, атэіст. Але здольнасьць гэтая закладзена ў нас Богам.

«НН»: Якім чынам, на Вашу думку, чалавек мае рухацца да дасканаласьці?

М.А: Найвышэйшая мудрасьць палягае ў тым, каб спазнаць сябе. Нават спазнаньне Бога без спазнаньня сябе — марнасьць. Падмуркам будынку самаспазнаньня ёсьць роздум. Я маю на ўвазе разважаньне над адпаведнай «сыравінай», перадусім над сабой, якое вядзе да спазнаньня. Спазнаньня, што нараджае й песьціць у чалавеку любоў. Любоў, якая прыводзіць чалавека ў рух. Рух як Разьвіцьцё, што вядзе да дасканаласьці.

Гутарыў Сяргей Рак

Пракамэнтаваць убачанае мы папрасілі беларускага фізыка Ігара Міклашэвіча.

«НН»: Якім тэрмінам можна назваць гэтую зьяву — руханьне прадметаў позіркам? Ці была яна калі засьведчаная навукова?

Ігар Міклашэвіч: Такая зьява завецца тэлекінэз, і навукова яна ніколі не была засьведчаная. Тэлекінэз нібыта назіраўся, але — «у хатніх умовах». Калі ж навукоўцы ставілі гэты экспэрымэнт згодна з усімі правіламі, заўсёды выяўлялі нейкую хібу, фальшаваньне, незаўважнае ў звычайных умовах. Найчасьцей гэта проста круцельства — «спрытнасьць рук». Падкладаюць магніты і г.д. Наагул, ніводзін сур’ёзны навуковец у існаваньне гэтай зьявы ня верыць.

«НН»: Ці можна вытлумачыць тэлекінэз з пункту гледжаньня навукі?

І.М.: Мы ня можам навукова абгрунтаваць тэлекінэз. Спробы знайсьці крыніцу яго, безумоўна, былі, але гэта — спробы растлумачыць ненавуковыя вынікі (бо карэктна пастаўленых пасьпяховых экспэрымэнтаў не было) з навуковага пункту гледжаньня.

Вам варта прапанаваць чалавеку, які заяўляе, што ён валодае такімі здольнасьцямі, паўтарыць усё ў нейкім навуковым асяродку. Апошнім часам у грамадзтве зьявілася мноства шарлатанаў з фэнамэнальнымі здольнасьцямі. Трэба адразу запрашаць такіх людзей засьведчыць свой дар у навуковых умовах.

Мы прапанавалі доктару Амэлі паўтарыць экспэрымэнт у навуковых умовах. Ён згадзіўся: «Падчас наступнага прыезду ў Менск гэтай вясной».

Сяргей Радштэйн

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларускія шпіёны пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША і краінах Еўропы. Хто яны? Поўны спіс

Беларускія шпіёны пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША і краінах Еўропы. Хто яны? Поўны спіс

Усе навіны →
Усе навіны

«Сітуацыя значна больш сур’ёзная». Хакеры ў Літве скралі каля 600 тысяч запісаў, у тым ліку літоўскіх разведчыкаў5

У пункце пропуску «Казловічы» фура наехала на 24‑гадовага супрацоўніка лагістычнай кампаніі

Букмекеры, «наша кава» ў «Мак.бай» і ваяўнічыя літоўцы. Паглядзелі новае гумарыстычнае шоу ад СТБ8

Сельскі злодзей з Любаншчыны паехаў фарсіраваць Северскі Данец — толькі праз год сваякі заўважылі, што ён згінуў4

У Крамлі пракаментавалі зварот Звягінцава да Пуціна «скончыць ужо гэтую бойню»7

Ціханоўская наведала Чарнобыльскую АЭС1

Беларускі трэш-блогер Мелстрой уразіў падпісчыкаў новым знешнім выглядам ФОТАФАКТ7

«Мне ўсё роўна за гэта нічога не будзе». У РФ удзельнік «СВА» парэзаў былую дзяўчыну і абліў кіслатой6

У Чэхіі затрымалі мітрапаліта РПЦ Іларыёна — у яго аўто знайшлі чатыры кантэйнеры з «рэчывам белага колеру»15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускія шпіёны пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША і краінах Еўропы. Хто яны? Поўны спіс

Беларускія шпіёны пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША і краінах Еўропы. Хто яны? Поўны спіс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць