Архіў

Лінія зь перагібам

Кіруецеся на «Лінію Сталіна»? Правіянт бярыце з сабою. І забудзьце пра гістарычную праўду.

Рэпартаж Алеся Кудрыцкага.

«Дзе «Лінія Сталіна»? А халера яе ведае», — рэагуе на запыт дзядок у Заслаўі, падправіўшы адказ ладным мацюком. Мясцовы народ амаль нічога ня чуў пра адноўлены комплекс вайсковых умацаваньняў, што быў нядаўна з помпай адкрыты паблізу гораду. Толькі праз паўгадзіны роспытаў адзін заслаўскі дзядзька паказвае правільны напрамак. Наперадзе — шлях даўжынёй у 6 кілямэтраў уздоўж шашы, якая пралягае паўз парослыя лесам пагоркі.

Машыны не спыняюцца, бо набітыя пасажырамі: усе едуць у адпачынак. Хтосьці кіруецца да Нарачы, хтосьці ўсё-такі наважыўся паглядзець на тую «Лінію Сталіна», пра якую апошнім часам так шмат гавораць, пішуць і паказваюць па тэлевізіі.

Уік-энд на «Лініі Сталіна» задуманы як для сярэдняй клясы. Сьвежазбудаваны паркінг ля фартыфікацыйнага комплексу перапоўнены, зь легкавікоў выходзяць сем’ямі, пстрыкаючы бліскавіцамі сотавых тэлефонаў.

Першы ўдар турыстаў прымае экспазыцыя трафэйнай нямецкай тэхнікі, разьмешчаная ля самай паркоўкі. Малыя жменямі вісяць на грузавіках з чорнымі крыжамі ды, нібы тыя мурашкі, абляпляюць «фашысцкі» матацыкл з каляскай. «Мо табе й шмайсэр на грудзі даць?» — пытаецца дзядзька-наглядчык і вешае на грудзі хлопцу-«матацыклісту» плястмасавую копію аўтамата. «Ну, мы цяпер ужо Сашку ня здымем, давядзецца матацыкл да машыны чапляць», — махае на яго рукой жанчына ў летняй сукенцы.

Ад трафэйнай выставы наведвальнікі кіруюцца на ўзгорак, дзе за плотам выстаўлена савецкая ваенная тэхніка. Экспазыцыя досыць эклектычная — танкі часоў Другой сусьветнай мяжуюць з узорамі ваенных машын 1970-х. Дзеці ня могуць доўга ўседзець на распаленай сонцам брані, на якой хоць ты бліны смаж.

Далей турысты кіруюцца па трывалым мосьце са сьвежагабляваных дошак цераз сажалку, поўную мутнавата-жоўтай вады (нядаўна напампавалі — гліна яшчэ не асела). Зноў пад’ём. На ўзгорку — пляцоўка інжынэрнай тэхнікі. Крыху наводдаль, ля крытага бляхай ангару, аголеныя па пояс салдаты млява рыюць нейкую яміну, смаляць цыгаркі і спадылба паглядаюць на турыстаў.

Далей пачынаецца агляд акопаў ды дотаў — доўгатэрміновых агнявых пунктаў. Жанчыны відавочна сумуюць, пакуль мужчыны з выглядам знаўцаў тлумачаць ім прызначэньне гэтых урослых у зямлю бэтонных вежаў. «Во, туды трэба гранату кідаць!» — кажа бацька малому сыну, які зазірае ў байніцу камандна-назіральнага пункту №135. Дзеці з галёканьнем гойсаюць у лябірынтах акопаў, выкладзеных знуты акуратнымі круглымі бярвенцамі, і просяць пакатаць іх на невялічкай гармаце аднаго з агнявых пунктаў як на арэлях.

Сьцяжынкі, пасыпаныя жвірам ці выкладзеныя пліткай для ходнікаў, акопы, выкладзеныя бярвенца да бярвенца, акуратна нацягнуты калючы дрот — усё выглядае крыху цацачным. Тым больш што «лінія Сталіна» так ніколі і не была напоўніцу выкарыстаная па сваім абарончым прызначэньні. Дый «лініяй Сталіна» ніхто яе ў Беларусі ніколі не называў. А тым больш у суседніх вёсках, насельніцтва якіх было татальна рэпрэсаванае ў 1937 годзе. Натуральна, гэты факт арганізатарамі аднаўленьня комплексу не афішуецца. Комплекс прызначаны для слою, сярэдняга ня толькі па даходах, але і па ўзроўні адукацыі.

Але наведнікі ня лыкам шытыя. «Так, дасталося нашым бацькам і дзядам, — кажа сярэдняга веку кабета, сфатаграфаваўшыся зь сяброўкай ля бруствэру. — Але чаму немцы так хутка гэтыя ўмацаваньні прайшлі?» — «Ніхто не страляў, не пасьпелі яны страляць, — кажа бабулька ў хустцы, якую вядзе пад локаць маладзейшая кабета, відаць, дачка. — А камандзіры што? Яны здалёк камандавалі».

«У нас сваё стаўленьне да Сталіна, і кожны раз яны розныя», — тлумачыць выбар назвы комплексу палкоўнік Аляксандар Мятла, прэзыдэнт фонду «Памяць Аўгану», праводзячы экскурсію для наведвальнікаў. «Нас да апошняга моманту трэціравалі з гэтай назвай, казалі, што мы Сталіна праслаўляем. Але няхай з гэтым гісторыкі разьбіраюцца. Назва гэтая — у гонар гістарычнай справядлівасьці. І Сталіна».

«Тата, я хачу піць», — плача хлопчык. Бацька толькі разводзіць рукамі. Навокал няма нават шапіка, у якім можна было б набыць мінэралкі. Платны туалет — адзіны пункт сэрвісу, які пасьпелі збудаваць. І гэта пры тым, што Лукашэнка заявіў, што «лінія Сталіна» павінна быць самаакупнай.

Зь невялічкага латка ля выезду з комплексу прадаюць кніжкі пра вайну, у тым ліку «Сталіну, Эўропа, пакланіся» (5 тысяч рублёў). Побач — вайсковая фляга з выявай «правадыра» (7 тысяч). «Дык што ж гэта, Сталін ёсьць, а вады няма?» — запытваемся ў людзей у форме чырвоных камандзіраў. «А набудзьце флягу і набярыце вады ў Заслаўі!» — рагатнулі нам у адказ. На вайне як на вайне.

Каментары

Цяпер чытаюць

Сын Сяргея Бульбы збірае грошы ў Польшчы, прыдумаўшы сабе біяграфію ветэрана і палітычнага ўцекача52

Сын Сяргея Бульбы збірае грошы ў Польшчы, прыдумаўшы сабе біяграфію ветэрана і палітычнага ўцекача

Усе навіны →
Усе навіны

Акцёр Нагіеў раскрытыкаваў засілле фільмаў пра вайну, назваў вайну вайною і патлумачыў, чаму здымаецца ў «Ёлках»7

Таленавітага праграміста адправілі за краты. Ён уваходзіў у топ-0,2% спецыялістаў у сваім кірунку8

На рынку ў Табарах прадавалі снег

Лукашэнка ўгаворвае амерыканцаў не бамбіць флот наркамафіі, а дамаўляцца9

Як за год змянілася цана кватэр у Мінску і абласных цэнтрах4

Трамп падаў пазоў супраць BBC на пяць мільярдаў даляраў1

Лукашэнка анансаваў размову з Трампам5

Як змянілася Хатынь пасля рэканструкцыі: цяпер там прадаюць бургеры і дзіцячыя цацкі16

Кампаніі ўсё часцей шукаюць супрацоўнікаў-«апавядальнікаў»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сын Сяргея Бульбы збірае грошы ў Польшчы, прыдумаўшы сабе біяграфію ветэрана і палітычнага ўцекача52

Сын Сяргея Бульбы збірае грошы ў Польшчы, прыдумаўшы сабе біяграфію ветэрана і палітычнага ўцекача

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць