Культура2424

Чаго бракуе беларускай культуры. Піша Віктар Марціновіч

У Беларусі ёсць файныя музыкі. На іх канцэрты людзі едуць аўтобусамі за мяжу, а калі раптам іх запісы ставяць у кавярнях, нягледзячы на «чорныя спісы», людзі тэлефануюць адзін аднаму і паведамляюць пра гэта, як пра найлепшую навіну дня. У Беларусі ёсць сучаснае мастацтва, нічым не горшае за сучаснае мастацтва іншых краінаў Усходняй Еўропы. У нас ёсць галерэя «Ў» і абавязкова будзе «Арт-сядзіба», бо дурасць не можа доўжыцца доўга. У нас ёсць ня толькі сваё Біенале, але нават і Трыенале, так што мы, бадай, круцейшыя за Мілан і Парыж (хай сабе канцэпцыя і рэпрэзентатыўнасць гэтых падзей выклікаюць шмат пытанняў). У нас цяпер ёсць нават опера па Караткевічу.

Але ўсё роўна, вяртаючыся з еўрапейскіх сталіц, міжволі адчуваеш прабелы.
Дык чаго не хапае? Выкладаю гэты спіс як наўмысную правакацыю. Калі вы не згодныя ці маеце іншае ўяўленне пра белыя плямы беларускай культуры — пішыце.

1. Бестсэлер

Моцная і чытаная літаратура ёсць шкілетам любой культуры. Можна шмат казаць пра «крызіс паперы», пра скарачэнне накладаў, але нельга не пагадзіцца, што без літаратуры, без пазнавальных аўтараў, творы якіх абмяркоўваюць на кухнях і ў кавярнях, культура будзе кульгавай і непаўнавартаснай. Тэатр, кіно, нават музыка — ўсё гэта цягліцы, якія валакуць культуру наперад, задаюць ёй рух. Літаратура — тое, што існуе глыбей і як бы па-за часам. Яна — назаўсёды. Яна вызначае, праз якія сюжэты, праз якіх герояў, праз якую мову ўсведамляюць сябе людзі.

Зараз у Беларусі няма мастацкага твору, які аб’ядноўваў бы нацыю ў пэўным культурным кансэнсусе. Апошнімі аўтарамі мастацкіх бестсэлераў былі Быкаў і Караткевіч. Іх месца дагэтуль вакантнае.

Пры гэтым хацеў бы адзначыць: беларусам бракуе не таленавітых пісьменнікаў. Нам не хапае тупа сістэмы распаўсюду кніг, якая б дазволіла таленавітым аўтарам прозы ўвайсці ў кожны дом і стаць сумленнем нацыі. Караткевіча і Быкава беларусы памятаюць не таму, што яны былі якасна вышэйшыя за жывых. Проста яны патрапілі ў савецкую сістэму распаўсюду, з яе двухсоттысячнымі тыражамі. Якасная беларускамоўная проза была на кожнай кніжнай палічцы. Зараз наклады ў кніг, якія выходзяць у незалежных выдавецтвах, — 200–300 асобнікаў, набыць іх можна ў 2–3 крамах сталіцы.

Падкрэслю: праблема не ў якасці тэкстаў. Я дагэтуль не разумею, чаму раман Уладзіслава Ахроменкі «Тэорыя змовы» не чытаецца зараз усімі: гэта якасна, гэта надзённа, гэта добра напісана і, да таго ж, гэта не нудна.
Раман мае ўсе ўласцівасці, патрэбныя для бестсэлера. Але беларусы дагэтуль таўкуцца на кірмашах, набываюць Акуніна, Данцову і Куэлью і сцвярджаюць, што «беларускай літаратуры не існуе».

2. Фільм

У Беларусі няма кінематографа. За мінулы год не было зроблена ніводнага адметнага фільма, за які не было б сорамна ў той ці іншай ступені.
«Вышэй за неба» мае моцныя моманты (але не мае сцэнару і прадакшну), «Здымаць на паражэнне» мае добры прадакшн (але не мае сцэнару). Агулам беларускія фільмы — як залежныя, так і незалежныя, — гэта ўсё розныя ступені недаробленасці. Кожны з існых сцэнарыстаў і рэжысёраў дэманструе патэнцыял і можа «выбухнуць» у будучым. Час ад часу з’яўляюцца выключэнні — прыемна згадваць, напрыклад, лобанаўскі «Случай с пацаном» ці Кудзіненкаву «Акупацыю», ці дудзінскае «На перапуцці». Але збольшага мы існуем без кіно. Аб чынніках добра напісана ў Таццяны Арцімовіч. Але я б гэты тэкст (і гэты прысуд) назваў бы не «Без зубоў», а «Без яец». Што, дарэчы, болей бы адпавядала сутнасці.

3. Спектакль

«Местачковае кабарэ» — рух у добры бок, роўна так, як і «Ліфт» Чарняўскай. Але зусім добра было, каб Купалаўскі пачаў бы ставіць творы сучасных беларускіх драматургаў пра сучаснае беларускае жыццё. Можна па-рознаму ставіцца да Паўла Пражко, але сцвярджаць, што ў нас няма сваіх Сігаравых — гэта значыць проста ня ведаць сітуацыі.

4. Помнік

Дзесяцігоддзе, у якім нам выпала жыць, мае ўсе шанцы ўвайсці ў гісторыю як кволае на культурныя падзеі і цалкам ахтунговае для руінаў.

І, калі бестсэлер абавязкова яшчэ паўстане, дык левае крыло Нясвіжскага палаца, так, як і сцэнічная каробка Купалаўскага — не адродзяцца ніколі.

Тыя помнікі, да якіх я вазіў іншаземных сяброў у пачатку 2000-х, проста перасталі быць прыстойнымі. Чалавеку з густам цяжка ездзіць у Сынкавічы, бо, прабачце, залатая цыбуліна слепіць вочы.

Але мы тут не для таго, каб ныць. Мы для таго, каб сказаць, чаго не хапае. А не хапае тут адной вельмі прынцыповай рэчы. Нават не рэчы — ідэі. Якая ў сучасных штудыях называецца «музеефікацыяй руінаў».

Кожны раз, калі дзяржава бярэцца за «паляпшэнне» нейкай архітэктурнай перліны — старажытнага замку, ад якога засталася адна сценка, ці палаца, які яшчэ Напалеон Орда маляваў як пагарэлую руіну,

яна імкнецца ўзнавіць іх у тым выглядзе, у якім яны былі пабудаваныя. І гэта ў найлепшым выпадку. Бо залаты шар на брамнай вежы ў Нясвіжы дагэтуль яўляецца ў мае начныя кашмары. Дык вось, Навагрудак нам сёння дарагі ў тым выглядзе, у якім ён існуе апошнія стагоддзі. Крэва любае сэрцу беларуса як дзве напаўразбураныя вежы. І не трэба будаваць тут «прыгожанькі» замак з сучаснай чырвонай цэглы, як зрабілі ў Лідзе. Не «адбудоўваць» трэба нашы руіны. Але — музеефікаваць — пераўтвараць у атракцыю, якая ганарыцца сваёй даўніной і разбуранасцю.

5. Поле

Асноўная ж хвароба, ад якой не можа ніяк пазбавіцца беларускі культурны працэс, — адсутнасць «поля мастацтваў»,
як яго разумеў П’ер Бурдзьё («батаны» могуць пачытаць тут). Бурдзьё бачыў працэс культурнай вытворчасці як сістэму ўладных адносінаў паміж рознымі «цэхамі», «генерацыямі», крытыкамі, «трымальнікамі» і «прэтэндэнтамі». У нас жа ў пэўным сэнсе адсутнічае нават тая камунікатыўная прастора, на якой такое поле магло б «нарасці». Беларуская культура — набор атамізаваных індывідаў, якія люта ненавідзяць, не прызнаюць, ні ў што не ставяць адзін аднаго.

У каментарах Уладзіміра Набокава да перакладу «Яўгена Анегіна» сустракаемся з прозвішчам італьянскага мастака 17-га стагоддзя, Франчэска Альбані. Прычына, па якой успамін пра «Венеру» Альбані дайшоў да сённяшняга дня, у тым, што ў пэўны момант усе паэты Італіі пачалі прысвячаць ёй свае творы.

Пушкін дапамагаў Вяземскаму.

Chemical Brothers міксуе Нормана Кука.

Беларускія пісьменнікі (не ўсе, але!) не дапамагаюць адзін аднаму.

Калі ў іх у інтэрв’ю пытаюцца, каго яны могуць параіць пачытаць, у найлепшым выпадку яны кажуць пра сваіх субутыльнікаў, у найгоршым — пра тое, што ў Беларусі няма літаратуры, апрача іхняй (рэч, дараваць якую немагчыма). Беларускія ды-джэі ўспрымаюць адзін аднаго як канкурэнтаў, а не як братоў і роўных, чым, дарэчы, вельмі дзівяць літоўскіх ды-джэяў. Культура адносінаў з крытыкамі адсутнічае, роўна як і культура крытыкі. Адзін ніколі не скажа добрага слова пра другога.

Паўтаруся: у нас няма поля. Ёсць асобныя выхаваныя персоны, ветлівасць і прыстойныя паводзіны якіх захлынаюцца ў нахабным тупаце астатніх.

Трэба спыняць гэтую вайну ўсіх з усімі.

Узнікне поле — з’явіцца і ўсё астатняе.

Каментары24

Цяпер чытаюць

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе17

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Усе навіны →
Усе навіны

Каля Егіпта на фоне іранскага крызісу знайшлі вялікае радовішча прыроднага газу

Пад Гроднам нарадзілася авечка-панда ФОТЫ1

Рыбак злавіў на Нёмане сазана памерам з парася ФОТА4

Самая паспяховая беларуская бізнэсвумен удвая павялічыла прыбытковасць здабычы рыбы на Далёкім Усходзе5

Амаль паўтары тысячы гектараў на Гомельшчыне больш не будуць лічыцца радыяцыйна небяспечнымі5

Сельскую гаспадарку Дубровенскага раёна даручылі ратаваць бізнэсмену Баскіну3

У Будапешт для ратавання Орбана перад самымі выбарамі прыехаў Джэй Дзі Вэнс31

Рэкордная паездка расіяніна па Беларусі — сем парушэнняў за адну дарогу8

Высветлілі, як есці той папулярны зефір, які абмяркоўваюць у сацсетках праз яго паслабляльны эфект5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе17

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню на два тыдні. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць