Грамадства88

Велазавод прэзентаваў сістэму муніцыпальнага пракату ровараў

«Веласіпедная кампанія «МВЗ» прэзентавала праект сістэмы пракату гарадскіх веласіпедаў City Aist. «Гарадскі Бусел» (англамоўны брэнд у кампаніі застаўся з савецкага часу русіфікаваны) мала чым адрозніваецца ад тых, што сёння выкарыстоўваецца па ўсёй Еўропе: спецыяльны антывандальны гарадскі веласіпед і база, да якой ён прымацоўваецца. Аплаціўшы пэўны час карыстання веласіпедам — праз смс-паведамленне ці з дапамогай адмысловай карткі — можна вярнуць яго на любую іншую вольную базу.

Сёння у свеце дзейнічае амаль 400 сістэм калектыўнага карыстання роварамі. Самая вялікая з іх знаходзіцца Кітаі. У Парыжы дзейнічае найбуйнейшая гарадская сістэма Vélib', якая аб’ядноўвае 1220 веластанцый і каля 20 тысячаў веласіпедаў. Нядаўна такая сістэма запрацавала ў Варшаве, рыхтуецца да запуску праграма байкшэйрынгу ў Нью-Ёрку з 600 станцый і 10 тысячаў веласіпедаў.

Праграмы велашэйрынгу звычайна распрацоўваюць муніцыпальныя ўлады, каб палепшыць экалогію і здароўе людзей, а тэхнічны бок працэсу забяспечваюць прыватныя кампаніі.

Як паведамілі «Нашай Ніве» ў «Веласіпеднай кампаніі «МВЗ», «кампанія распрацавала тэхнічнае абсталяванне, якое можа набыць кожны ахвотны. Праект сістэмы пракату ў Мінску знаходзіцца хутчэй у стане ідэі».

Аднак сістэма муніцыпальных веласіпедаў прадугледжвае магчымасць выкарыстання веласіпеда ў якасці паўнавартаснага транспартнага сродка, а станцыі пракату размешчаны ў месцах вялікага скупчання людзей і злучаюць буйныя транспартныя цэнтры. Пабачыць «байкшэйрынг» у дзеянні можна ў ёўрапейскіх гарадах: там «белыя каўнерыкі» у строях едуць на пракатных веласіпедах ад метро да офісаў, а бабулі падвозяць прадукты з крамы дадому.

У Мінску такі сцэнар выглядае менш імаверным. Калі станцыі ўсталююць у цэнтры ці ўздоўж адзінай у горадзе велатрасы, City Aist будзе простым атракцыёнам. Калі ж размяшчаць станцыі як трэба — ва ўсім горадзе, каб, напрыклад, жыхары спальных раёнаў маглі даехаць да метро, паўстае адвечная праблема мінскіх велааматараў: амаль поўная адсутнасць інфраструктуры.

Актывісты мінскага веларуху ўхваляюць ініцыятыву «Бусла», аднак не вераць у магчымасць яе паўнавартаснай рэалізацыі на сучасным этапе.

«Мінску бракуе адпаведнай інфраструктуры, але попыт на паслугу будзе. Добра, што нехта рызыкнуў заняцца гэтай справай, і добра, што гэта менавіта „Бусел“ — яны выпускаюць гарадскія ровары, якімі ў Мінску карыстацца цяжка, і сістэма пракату гарадскіх веласіпедаў выкрые ўсе хібы», — расказаў «НН» старшыня Мінскага роварнага таварыства Антон Харужы.

«Такі праект — вагон наперадзе цягніка. Інфраструктура за ім не тое што не паспявае — яе не існуе, — кажа вела блогер Андрэй Кузнечык. У людзей няма стымулу ездзіць на веласіпедзе. Вось на аўтамабілі стымул ёсць — яго нават на газоне запаркаваць можна і на гэта закрыюць вочы. А з велатранспартам цяжэй. Правілы забараняюць рухацца па праезнай частцы пры наяўнасці ходнікаў. Аднак калі ходнікі ёсць, але шырынёю ў паўметра? Даказвай потым ДАІ, што рух па ім немагчымы. Дый зімой ходнікі чысцяцца па рэшткавым прынцыпе: спачатку аўтадарогі, а потым яны. Я ўвесь час езджу ў раёне фабрыкі „Слодыч“, дык там ходнікі пачысцілі ад снегу, толькі калі я напісаў заяву ў Мінгарвыканкам».

Але што трэба зрабіць, каб не катацца на ровары, а ездзіць на ім?

«Па-першае, трэба прывесці бардзюры да будаўнічых нормаў. Згодна з імі, на скрыжаваннях з праезнай часткай вышыня бардзюраў не павінна перавышаць 5 сантыметраў. У дварах іх не павінна быць зусім, -кажа Антон Харужы. — Па-другое, трэба веладарожак стварыць разгалінаваную сетку. Гэта могуць быць як і выдзеленыя зоны ходнікаў, так і аддзеленыя разметкай зоны праезнай часткі.

Нядрэнна было б пераняць еўрапейскі досвед і ўвесці абмежаванне хуткасці ў горадзе 50 км/г, а на вуліцах з аднабаковым рухам — да 30 км/г. На такія вуліцы можна бязбоязна выпускаць і аўтамабілі і ровары, прычым апошнія ў абодвух кірунках. Таксама мала магчымасцяў для захоўвання веласіпедаў ля дамоў, хоць сітуацыя з велапаркоўкамі ўвесь час лепшае. Усё можа быць, калі горад будзе рабіць захады».

На сёння не існуе дакладнай статыстыкі колькасці веласіпедзістаў ў Мінску. Лічбу 5 тысячаў актыўных велааматараў агучыла ў 2010 годзе Беларуская асацыяцыя экспертаў і сюрвэйраў на транспарце. Гэтая арганізацыя на замову ДАІ распрацавала Канцэпцыю забеспячэння сістэмы веласіпеднага руху ў Мінску. Канцэпцыя прадугледжвае стварэнне 500 кіламетраў безбар’ерных велашляхоў і папулярызацыю велатранспарту сярод мінчукоў. На жаль, тэрміны з’яўлення гэтай «мары велааматара» дакладна не прапісаны, а бардзюры як былі высокімі нават для пешаходаў, такімі застаюцца і цяпер. Бясспрэчна, праект кшталту City Aist у Мінску, дзе нельга ўзяць ровар у метро, ці, як у некаторых гарадах, павесіць яго на адмысловы багажнік, прымацаваны да аўтобуса, мог бы стаць запатрабаваным у мінчукоў. Аднак неабходнасць злазіць з веласіпеда перад кожным бардзюрным камянём ужо цяпер адбівае ахвоту карыстацца яшчэ не існым сталічным «байкшэйрынгам».

Каментары8

Цяпер чытаюць

28‑гадовай беларусцы пасля жудаснай аварыі ў Тайландзе не могуць аказаць дапамогу — няма патрэбнай крыві1

28‑гадовай беларусцы пасля жудаснай аварыі ў Тайландзе не могуць аказаць дапамогу — няма патрэбнай крыві

Усе навіны →
Усе навіны

У жыхаркі Брэста скралі даражэзную брэндавую сумачку. Прынамсі яна ў гэта шчыра верыла2

Памятаеце кватэры, за прагляд якіх бралі па 7000 рублёў? Стала вядома, за колькі іх купілі13

Кіроўцаў аўтобусаў папулярнага ўнутрыбеларускага маршрута адзелі ва ўніформу

Анджэя Пачобута ўзнагародзілі найвышэйшым ордэнам Польшчы6

У Нацыянальным мастацкім музеі выстава да 120‑годдзя Андрэя Бембеля, заснавальніка беларускай школы скульптуры1

Лукашэнка даручыў Рыжанкову пачаць перамовы з літоўцамі23

«Нам не патрэбны эмоцыі — патрэбна дапамога». Мама зніклага чатыры дні таму Максіма распавяла пра пошукі сына і падтрымку людзей

Большасць індыйскіх нафтаперапрацоўчых заводаў адмовілася ад новых закупак расійскай нафты1

Прэзідэнт літоўскай «Linava» пра сітуацыю з дальбойшчыкамі ў Беларусі: Перавозчыкі злыя, не выключаюць магчымасці блакаваць дарогі ў Літве12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

28‑гадовай беларусцы пасля жудаснай аварыі ў Тайландзе не могуць аказаць дапамогу — няма патрэбнай крыві1

28‑гадовай беларусцы пасля жудаснай аварыі ў Тайландзе не могуць аказаць дапамогу — няма патрэбнай крыві

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць