Пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал у інтэрв'ю ізраільскаму каналу RTVI заявіў, што з пункту гледжання Ізраіля беларускія палітзняволеныя з'яўляюцца крымінальнікамі. Інтэрв'ю было дадзена 6 лютага. 10 лютага відэа было размешчана на сайце youtube.com.
«Тыя, каго лічаць палітзняволенымі, — гэта чатыры чалавекі афіцыйна сёння. Чатыры чалавекі засталіся, сядзяць у турме. Лукашэнка прапануе ім напісаць просьбу аб памілаванні, як у гісторыі з Хадаркоўскім: напішы просьбу — цябе адпусцяць. Яны не жадаюць, лічаць за лепшае заставацца героямі ў турме», — сказаў Іосіф Шагал.
На пытанне журналісткі аб пазіцыі Ізраіля, як адзінай дэмакратыі на Блізкім Усходзе, у дачыненні да праблемы палітзняволеных у Беларусі Шагал адказаў: «Як мы паставімся да палесцінца, які кіне камень у Кнэсет? Ён хто — палітзняволены ці крымінальнік? Яны ўсе сядзяць па крымінальным артыкуле, а не па палітычным. Усе. За напад на парламент, за кіданне камянёў».
«Я не кажу, што яны не палітзняволеныя — з якога боку глядзець. З пункту гледжання крымінальнага кодэкса краіны, дзе іх пасадзілі, яны крымінальнікі. З пункту гледжання Польшчы ці Еўрасаюза, яны палітзняволеныя», — дадаў ізраільскі дыпламат.
На ўдакладняючае пытанне журналісткі «а з пункту гледжання Ізраіля?», Шагал адказаў: «З пункту гледжання нашага, яны — крымінальнікі, таму што ў іх ёсць артыкул — за хуліганства, за кіданне камянёў, за знявагу ўлад ну і гэтак далей».
Пасол Ізраіля таксама пракаментаваў заходнія санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. «Галоўная краіна, якая ініцыявала ўсе прэсінгі супраць Беларусі, — гэта Польшча. Дык вось, для прыкладу: Польшча, якая ініцыявала ўсе гэтыя санкцыі, мае з Беларуссю тавараабарот 5 мільярдаў долараў. Як бы, з аднаго боку, яны кажуць «ой, правы чалавека парушаюць, дыктатар», а з іншага — 5 мільярдаў долараў».
Пры гэтым Шагал адзначыў, што тавараабарот паміж Беларуссю і Ізраілем складае ўсяго 130 мільёнаў долараў.
Паводле слоў ізраільскага дыпламата, яго краіна ўважліва вывучае магчымасць стварэння зоны свабоднага гандлю з краінамі Мытнага саюза.
Акрамя таго, Шагал паведаміў, што ёсць верагоднасць хуткай адмены візавага рэжыму паміж Беларуссю і Ізраілем. «Калі ўсё складзецца, калі ўсе бакі дамовяцца, ёсць рэальны шанс, што да лета (2014 года), візавы рэжым адменіцца».
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары