Культура88

Ці з'явіцца ў Мінску памятная шыльда пра Першы ўсебеларускі з'езд? Дрыга пакуль упіраецца

Сёлета ў снежні споўніцца 100 год ад часу правядзення ў Мінску Усебеларускага З’езду — першага ў гісторыі агульнанацыянальнага прадстаўнічага форуму беларускага народа, які паклаў пачатак дзяржаўнаму будаўніцтву Беларусі.

Пасяджэнні з’езду праходзілі ў Мінскім гарадскім тэатры. Цяпер гэта будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Пытанне аб 100-й гадавіне Усебеларускага З’езду разглядаў Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Па выніках абмеркавання старшыня БСДП Ірына Вештард звярнулася з лістом да Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога Савета, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта і дырэкцыі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы з прапановай ушанаваць памяць пра Усебеларускі З’езд мемарыяльнаю дошкаю на будынку Купалаўскага тэатра.

— Мы прапаноўвалі зрабіць сціплую інфармацыйную дошку без гарэльефаў і барэльефаў, — кажа І. Вештард. — Мы нават прапанавалі такі кароткі тэкст для яе: «5—18 (18—31) снежня 1917 г. у гэтым будынку праходзіў Усебеларускі З’езд, які паклаў пачатак сучаснай беларускай дзяржаўнасці».

— «Сучаснай беларускай дзяржаўнасці»? Гэта значыць, і радавод Рэспублікі Беларусь сацыял-дэмакраты выводзяць з Усебеларускага З’езду?

— Без усякіх сумненняў. Логіка падзей простая: не было б Усебеларускага З’езду — не было б Беларускай Народнай Рэспублікі; не было б БНР — не было б Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі. Выдатныя сацыялісты і дзеячы БНР Антон Луцкевіч, Тамаш Грыб, Аляксандр Цвікевіч ды іншыя глядзелі на БССР як на чарговы этап нацыянальнай рэвалюцыі, завяршэннем якога будзе незалежная дэмакратычная беларуская дзяржава. І мелі рацыю. Незалежная дзяржава збольшага ёсць, а дэмакратычную яшчэ трэба будаваць.

— І як паставіліся да прапановы сацыял-дэмакратаў Міністэрства культуры і мінскія гарадскія ўлады? 

— Гарадскія ўлады маўчаць, а першая намесніца міністра культуры Ірына Дрыга напісала вось такі адказ: «Стварэнне і ўмацаванне мемарыяльных дошак на будынку тэатра, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і месцам правядзення рознага роду значных гістарычных мерапрыемстваў, прасторай творчай дзейнасці заснавальнікаў нацыянальнага тэатральнага мастацтва, чыя памяць таксама вартая ўшанавання, уяўляецца недастаткова абгрунтаваным».

З адказу спадарыні Дрыга я зразумела, што калі на будынку Купалаўскага тэатра ўсталёўваць мемарыяльныя дошкі ў гонар гістарычных падзей, якія ў ім праходзілі, і ў гонар заснавальнікаў нацыянальнага тэатральнага мастацтва, якія ў ім працавалі, дык можа не хапіць месца на сценах. І ўсталяванне дошкі ў гонар Усебеларускага З’езду ў гэтым святле выглядае недастаткова абгрунтаваным.

­Мы не наіўныя людзі і разумеем, што адказы на такога роду прапановы, як наша, пішуцца не на міністэрскім і не на гарадскім узроўнях.

— Вас задавальняе гэты адказ?

— Цалкам задаволіў бы, калі б не адно «але». Пішучы нам адказ, спадарыня Дрыга нейк забыла, што на будынку Купалаўскага тэатра маецца мемарыяльная дошка ў гонар іншай гістарычнай падзеі — І Усебеларускага з’езду Саветаў, які праходзіў 2—3 лютага 1919 г.

Раней такая дошка, аформленая на рускай мове, вісела на фасадзе, справа ад уваходу ў тэатр. Пасля рэканструкцыі будынка дошку зрабілі беларускамоўнаю, трохі памянялі яе змест і змясцілі на сцяне з боку вуліцы Карла Маркса.

Мы нічога не маем супраць гэтай дошкі, але звяртаем увагу на дзве акалічнасці. Першая: усе з’езды Саветаў БССР, які праходзілі ў 1919—1937 гг., называліся ўсебеларускімі, хоць ні на адным з іх уся Беларусь прадстаўлена не была. Мусіць, бальшавікам рупіла даказаць, што і яны могуць правесці ўсебеларускі з’езд. А на з’ездзе 1917 года і сапраўды была прадстаўлена ўся Беларусь — і падрасійская яе частка, і паднямецкая. Заходнія паветы нашай краіны былі прадстаўлены на Усебеларускім З’ездзе дэлегатамі ад бежанцаў і вайскоўцаў.

Другая акалічнасць у тым, што на мемарыяльнай дошцы ў гонар І Усебеларускага З’езду Саветаў паведамлена не ўся праўда пра гэтую падзею. Напісана, што з’езд прыняў канстытуцыю Савецкай Беларусі і дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі з Расіяй. Маглі б дадаць, што Якаў Свярдлоў зачытаў таксама пастанову Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта аб прызнанні незалежнасці ССРБ. Але не толькі дзеля гэтага прыязджаў Свярдлоў («правая рука» Леніна) у Мінск. Галоўная яго мэта была ў тым, каб абрэзаць і ліквідаваць ССРБ. І ён дамогся ад тутэйшых бальшавікоў, якія панавалі на з’ездзе, каб яны згадзіліся з рашэннем Цэнтральнага Камітэта бальшавіцкай партыі ад 16 студзеня аб далучэнні Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў да Расіі. І ён жа прадыктаваў рашэнне пра тое, што абрэзаная ССРБ, якая толькі што паспела нарадзіцца, будзе аб’яднана з Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай Літвы. І 27 лютага, праз 24 дні пасля І Усебеларускага з’езду Саветаў, ССРБ перастала існаваць. Замест яе з’явіўся сумнавядомы, кароткачасовы Літбел, у вышэйшым кіраўніцтве якога не было ніводнага беларуса.

— Чым вы растлумачыце, што з’езд, які па сутнасці ўхваліў ліквідацыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, ушаноўваюць мемарыяльнай дошкай, а з’езд, які вырашыў устанавіць рэспубліканскі лад у Беларусі і стварыць Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў з прадстаўнікоў беларускага народа, такога гонару не ўдастоены?

— Дадайце: Усебеларускі З’езд выказаўся і за федэрацыю з Расіяй. А калі быць больш дакладнай — за федэрацыю з Расійскай Дэмакратычнай Федэратыўнай Рэспублікай. Вось у чым сутнасць. Саветы ўдзельнікі Усебеларускага З’езду разглядалі як дэмакратычныя органы ўлады, у якіх прадстаўлены як мінімум ўсе сацыялістычныя партыі. А бальшавікі іх разглядалі як органы так званай дыктатуры пралетарыяту, а па сутнасці, як дадатак да органаў бальшавіцкай партыі. Партыйныя органы прымаюць рашэнні, а дэпутаты, абраныя адкрытым галасаваннем, іх дружна ўхваляюць.

— Якія высновы можна зрабіць з адказу спадарыні Дрыга?

— Дзве высновы. Беларусь, насуперак таму, што запісана ў Канстытуцыі, — не дэмакратычная краіна. Для сучаснай улады Усебеларускі З’езд, які выступіў за дэмакратычны рэспубліканскі лад у Беларусі, непрымальны. З другога боку, ушаноўваючы мемарыяльнай дошкай такую падзею, як ІI Усебеларускі з’езд Саветаў, і хаваючы ад публікі ўсю праўду пра яго рашэнні, улада тым самым дэманструе сваю прыхільнасць да бальшавізму і пэўную залежнасць ад усходняй суседкі.

— І што далей?

— Я думаю, дэмакратычным партыям Беларусі варт было б салідарна звярнуцца да Міністэрства культуры з прапановай усё ж ушанаваць Усебеларускі З’езд мемарыяльнай дошкай. І прапанаваць Міністэрству разгледзець гэтае пытанне на калегіі з запрашэннем зацікаўленых бакоў і сродкаў масавай інфармацыі. Гэта, па-мойму, прымусіла б чыноўнікаў даваць не адпіскі, а адказы па сутнасці. А ўжо сёння сацыял-дэмакраты звяртаюцца да дэмакратычных партый Беларусі з прапановай у снежні адзначыць 100-годдзе Усебеларускага З’езду адмысловай вечарынай.

Каментары8

Цяпер чытаюць

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем6

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем

Усе навіны →
Усе навіны

Наёмніка што быў ва ўкраінскім палоне, вярнулі ў Расію, а затым асудзілі ў Беларусі не менш чым на 10 гадоў7

Эканоміка ЗША дэманструе самы высокі рост за апошнія два гады9

Пад Ружанскім палацам адкрыліся невядомыя раней сутарэнні — яны вытрымалі пажары і цяжкую будаўнічую тэхніку

Аперацыя па змяншэнні грудзей стала самай папулярнай сярод мужчын ЗША1

Памёр папулярны блогер па нерухомасці, які меў больш за 100 тысяч падпісчыкаў3

На фронце загінуў журналіст Ленты.ру, які даслужыўся да лейтэнанта і камандаваў узводам4

У Кацярыны Ваданосавай новая бяда — цяжкая хвароба маці1

У Еўропе ўзмацняюцца супярэчнасці паміж Мерцам і Макронам3

У Турцыі разбіўся самалёт з начальнікам Генштаба Лівіі на борце

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем6

Начальнік крымінальнага вышуку МУС бачыў прагулачны дворык СІЗА КДБ з акна свайго кабінета, а потым сам стаў вязнем

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць