Літаратура

Ісьляндыя

Марыя Мартысевіч піша пра Макса Шчура.

Макс Шчур. Раньні збор: вершы; Стакгольм, Аркона, 2006. 288 стар., наклад не пазначаны.

Гады два таму я пабачыла ў таварыша гэтую кнігу. Рука інстынктыўна пацягнулася да томіка. “О, Шчур, – кажу, – выдаўся, – кажу, – дай, – кажу, – пачытаць”. Але таварыш кнігі ня даў, суправадзіўшы адмову дзіўным тлумачэньнем: “Я прывёз з Прагі некалькі асобнікаў. Аўтар папрасіў мяне перадаць іх асабіста ў рукі канкрэтным асобам. Цябе ў сьпісе не было”. Такім чынам мой шлях да гэтай кнігі расьцягнуўся на паўтары гады. Паколькі гара не пайшла да Магамэта, давялося самой выпраўляцца па яе ў Прагу. Так я, няхай і запозьнена, сталася адным з нешматлікіх шчасьлівых уласьнікаў адной з самых няпростых беларускіх паэтычных кніг апошняга часу.

i

Гэты літаратурны фэномен, відаць, даўно мае нейкую назву.

Знаёмы польскі пісьменьнік паказваў кнігу, якую чытае, – мэмуары аднаго швайцарскага інтэлектуала. Швайцарскі інтэлектуал пісаў кнігу ўсё жыцьцё, а перад сьмерцю выдаў накладам 15 асобнікаў – для родных і сяброў. Пазычыць пачытаць кнігу ад кагосьці з кола ўладальнікаў лічыцца цяпер за гонар. Фаліянт у простай чорнай вокладцы бяз надпісаў, адсутнасць выходных дадзеных. Цалкам верагодна, у тэстамэнце аўтара так і напісана: “Не даваць крытыкам”.

Сьвядома ці падсьвядома, “Раньні збор” Макса Шчура стылізаваны пад гэтакі эзатэрычны рарытэт, непрыступную цытадэль.

Прайшоўшы праз пэўныя перашкоды (як мінімум – дзяржаўныя межы) і ўрэшце разгарнуўшы чорна-белы томік, міжволі задумаесься, ці варта аналізаваць тое, што дасталася так няпроста.

І ўсё ж я лічу, што нехта з нас, шчасьлівых уласьнікаў, мусіць урэшце парушыць немаўленьне пра паэзію Макса Шчура. Хаця б таму, што абстрагаванасьць паэта ад беларускага літаратурнага працэсу – змушаная сытуацыя. Макс Шчур нагадвае прыгажуню-прынцэсу, заточаную ў высокай вежы злой чараўніцай. Прынцэса бавіць час у чаканьні прыўкраснага прынца, які пераможа цмока, даскочыць да яе балькону, разьвее чары пацалункам. Макс Шчур, у якой зь вежаў “залатой” Прагі ён ні быў бы замкнёны, хоча пазбыцца сваёй самоты, менавіта таму перадае на радзіму кнігі.

ii

“Раньні збор” зьмяшчае вершы, напісаныя Шчуром з 1991 па 2006 год, з 16 гадоў да 30-ці. Прачытаць гэтыя 288 старонак варта хаця б для таго, каб разабрацца ў няпростай Шчуравай геаграфіі. Шчур абвяшчае сябе “паэтам без грамадзянства”, носьбітам “касмапалітычнай культуры”. Нарадзіўся ён у Берасьці, бавіў летнія вакацыі ў бабулі ў Карэлічах, вучыўся ў Менску, цягам адной ночы апынуўся ў Чэхіі, напалоханы перасьледам уладаў. Ня можа вярнуцца дадому, бо ці то зьеў, ці то спаліў, ці то выкінуў у Влтаву беларускі пашпарт. Аб’ехаў Эўропу ад Стакгольму да Рыму. Сьніць Абісінію і Аргентыну. Жыве недзе пад Прагай... І тым ня менш, радзіма ў Шчура ёсьць. Калі вызначаць краіну, у якой месціцца яго “невідочнае места” (niamiesta.net – партал, які Шчур адмініструе), – то гэта, безумоўна, Ісьляндыя.

Самая паўночная эўрапэйская краіна, ultima thule. Краіна, якая месціцца на высьпе вульканічнага паходжаньня. Краіна, дзе ядуць вульканічны хлеб і тухлае акулавае мяса. Краіна, дзе адзінае войска – берагавая ахова. Краіна самадастатковая і для нас, лічы, гермэтычная. Магутная, разьвітая культура, мае вытокі ў скандынаўскіх сагах. Кажуць, на 300 000 чалавек насельніцтва ў Ісьляндыі найбольшая ў сьвеце колькасьць творчых асобаў, зь якіх сьвету добра вядомая толькі сьпявачка Б’ёрк.

Макс Шчур – адзінаасобны (лірычны) герой сваіх вершаў, існуе нібы на камяністай высьпе. Высьпе, абмаляванай ім ня надта прывабна, – гэтак, кажуць, вікінгі апісвалі Ісьляндыю, каб іншым не закарцела пасяліцца на гэтай райскай зямлі. Ён насяляе гэту выспу толькі тымі пэрсанажамі, якіх хоча там бачыць – спрэс творчымі папярэднікамі: Шэксьпір, Картасар, Борхэс, Лорка, Скарына, Бах, Вагнэр, К’ерк’егар, і сучасьнікамі, шматлікімі адрасатамі і адрасаткамі яго вершаў. Аўтар крычыць па-за межы гэтай выспы, як ісьляндзкая сьпявачка Б’ёрк – нездарма ў адным з тэкстаў ён называе яе музай, якая “прыйшла, убачыла і перамагла / стэрыльнасьць [Эўропы] / чысьцінёй свайго крыку, / сапраўднасьцяй гневу”. Сумай сваіх вершаў ён стварае сваё, паралельнае творчае вымярэньне, у якое чытач занурваецца з галавою, як занурваюццца ў спасьціжэньне Ісьляндыі яе нешматлікія, але апантаныя фанаты ва ўсім сьвеце.

Ісьляндцы – эўрапейскі народ, які разьвіваўся адасоблена ад астатніх эўрапейцаў. Макс Шчур – паэт, які піша па-беларуску, але ў індывідуальнай традыцыі. Нават абавязковая праграма любога палітуцекача – грамадзянская лірыка – пазбаўленая пазнавальнай паэтыкі нацыянальнага адраджэньня. Гэтая неўласьцівасьць вершаў Шчура беларускай паэзіі адначасова прыцягвае да іх і ў іх насьцярожвае. Перад намі абсалютна незаштампаваныя тэмы, вобразы і нават рыфмы – тое, што дадзена жыцьцёвым досьведам, талентам і літаратурнымі настаўнікамі. Але ў той жа час відавочна: Шчур піша ў вакуум, для сябе і двух-трох блізкіх яму людзей, ён абсалютна не адчувае чытача, які сфармаваўся на радзіме ўжо без яго. Падобнае ўражаньне робяць вершы віленчука Алега Мінкіна. Быцьцё рэччу-ў-сабе – натуральны стан творцы ў эміграцыі – наканаванае і аўтару “Раньняга збору”.

iii

Яшчэ адна

тэрыторыя, на якой пачуваесься, калі чытаеш Шчура, – гэта Зона братоў Стругацкіх, тэрыторыя паранармальных зьяваў. Ёсьць устойлівае ўражаньне, што словы, трапляючы ў вершы Шчура, пачынаюць паводзіцца анамальным чынам:
у радках скачуць націскі, адбываюцца збоі ў рытме. Гэта павальная зьява, сустракаецца амаль у кожным вершы:

Помню, чужы, адылі ўтульны ложак,

кімсьці за ўсіх заплочаны гатэль,

навокал – процьма дробязяў прыгожых,

а проста цераз вуліцу – бардэль.

Мяркуючы па ўсім, вершы гэтыя ніколі не чыталі ўголас. Не было, відаць, каму. Яны напісаныя для вачэй. Кніга неадрэдагаваная і нявычытаная – але гэта чамусьці не выклікае дыскамфорту і абурэньня. Поўная растузанасьць стылю і правапісу яшчэ больш згушчае вакол аўтара фарбы самоты.

У эпоху касмапалітызму, разважаючы пра сьветагляд “грамадзяніна сьвету”, небясьпечна абсалютызаваць важнасьць фактару радзімы для паэта і паэзіі. Але што да “Раньняга збору” Макса Шчура, то абсалютна відавочна: чым “раней”, тым лепей, чым глыбей у эміграцыю, тым слабей і больш блякла. Кульмінацыя зборніка – найлепшая, па маёй вэрсіі, нізка “Тысячагодзьдзе”, вершы 2000-2001 году. Менавіта тут зьмешчана найбольш постмадэрнісцкага хуліганства канца 1990-х, па якім цяпер, праз тузін гадоў, ужо настальгуеш. У вершы, які пачынаецца радкамі “Дзень, калі ўпала страла, / будаўнічага крана...” паэт пакідае адкрыты фінал, прапануючы чытачу самому скончыць верш, і нават выбраць яго галоўных герояў, падставіўшы ў верш рыфму з прапанаванага ім сьпісу. Сам паэт лічыць найлепшай нізкай “Амфітэатар” – вершы менска-праскія. У іх, за рэдкімі грамадзка-палітычнымі выняткамі, вядзецца далёка не пра Беларусь. Беларускі Шчур трызьніць антычнасьцю і Старой Эўропай. Вершы пазьнейшыя, па яго ўласных словах, ён сьвядома робіць менш гермэтычнымі. Але ж, дальбог, “разгермэтызацыя” не пайшла на карысьць гэтаму самалёту. Меншая гермэтычнасьць праявілася, відаць, у меншым фармалізме і большай прывязанасьці вершаў да навакольнай рэчаіснасьці.

iv

Чытаючы паэзію, я часта ўжываю два прыёмы ацэнкі яе вартасьці. Першы спрацоўвае толькі адносна рыфмаваных тэкстаў і запазычаны мной ад Аляксандра Пушкіна. Той часта заходзіў у пецярбургскія кнігарні, і, праз недахоп часу, чытаў у паэтычных навінках толькі рыфмы, пасьля чаго вырашаў, добры паэт іх напісаў ці кепскі. Шчур здае гэты тэст усяго на 50%: поруч з вышуканымі рыфмамі “ў руцэ птах – рэцэптах”, “пэйзажыста – пей за жысь-та!”, “псэўданім – псэўданімб” мы сустракаем вершы, паводле рыфмаў абсалютна правальныя. Разгермэтызаваныя, так бы мовіць.

Другі тэст прыдуманы мной, і ён вельмі просты: ці ёсьць у гэтага паэта верш, за які яму можна ўсё дараваць? У Макса Шчура такі верш ёсьць. Выпадкова ці не, верш гэты – санэт пад назвай “Цытадэль”. Ён пра каханьне, Раство, ён зь нізкі “Тысячагодзьдзе”:

На Каляды кожны горад ператвараецца ў Бабілён.

Затапляюць перасохлыя вуліцы натоўпаў мёртвыя моры.

У Бэтлеем, абсталяваны пад гандлёвы парцалянавы павільён,

прыяжджаюць па падарункі ажно з Садому й Гаморы,

накупляюць, колькі зьнясуць рабы, імя якім – легіён.

Маці з нованароджанымі ймкнуцца ўцячы ў пячоры,

і па радыё задаволеным голасам абвяшчае Сынэдрыён,

што па колькасьці інфэктаваных ільга гаварыць аб моры.

Жанчыны, належныя бліжнім, падбухторваюць на крадзёж.

Аголенасьць узімку вымагае большай сьмеласьці з-за хваробы

прастытутку не адрозьніць па вопратцы, трэба ўвайсьці ў бардэль.

Я ўрываюся ў тваю схованку, нібы заваёўнік, відзёж

майго шалу цябе агаломшвае: ты стаіш і ня робіш спробы

зашпіліць расшпілены гузік на шыі, непрыступная як цытадэль.

Маск Шчур – самы невідочны паэт сучаснай беларускай літаратуры. Але, як паказвае практыка турагенцый, зьезьдзіўшы ў Чэхію, Турцыю ды Італію, самыя зацятыя вандроўнікі не шкадуюць грошай і на Ісьляндыю: нятанна, але таго варта. Дарэчы, я свой асобнік “Раньняга збору” пачытаць пазычаю.

Каментары

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне13

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Усе навіны →
Усе навіны

Бетанаваць грошы — нацыянальная ідэя беларусаў? Параўналі тэмпы будаўніцтва ў Беларусі, Польшчы, Літве і Латвіі34

У Літве прапанавалі кампенсаваць захраслыя ў Беларусі грузавікі беларускай маёмасцю40

Электробусы пачнуць хадзіць у наступным годзе прыгараднымі маршрутамі1

У Расіі паказваюць шоу пра п'яных зорак — глядзяць і беларусы8

Міністр унутраных спраў Беніна заявіў, што арміі ўдалося прадухіліць спробу вайсковага перавароту

Трамп заявіў, што Расія пагадзілася на ягоны мірны план, а Зяленскі нават не чытаў яго41

Тайланд нанёс авіяўдары па камбаджыйскіх ваенных цэлях на спрэчнай мяжы дзвюх краін2

Выйшла шчырая кніга пра эміграцыю вачыма 25‑гадовай супрацоўніцы ЭПАМа11

Навукоўцы атрымалі першае сведчанне хімічнай рэакцыі, якая магла запусціць працэс стварэння жыцця на зямлі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне13

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць