Меркаванні2929

«Прывід Данбаса блукае па Беларусі»: Як у Расіі інтэрпрэтавалі словы Лукашэнкі пра страту незалежнасці

У Расіі не пакінулі незаўважанай заяву Аляксандра Лукашэнкі пра магчымую страту Беларуссю незалежнасці, якую ён зрабіў 22 чэрвеня падчас нарады ў Шклоўскім раёне. «Наша Ніва» зрабіла агляд асноўных публікацый у расійскіх СМІ на гэтую тэму.

Коммерсант: Заява Лукашэнкі — спроба выказаць сваю незадаволенасць расійскай палітыкай

Аляксандр Лукашэнка прадказаў Беларусі гібрыдную вайну і страту суверэнітэту — гэта здарыцца, калі мясцовыя кіраўнікі будуць дрэнна працаваць без уліку сучасных рэалій. Гэта не першыя падобныя заявы беларускага лідара. Ёсць меркаванне, што гэта спосаб выказаць сваю незадаволенасць расійскай палітыкай. Палітычны аглядальнік «Коммерсант FM» Дзмітрый Дрызэ лічыць, што Лукашэнка заўсёды так ці інакш дамагаецца свайго:

«Ён як бы наўпрост не крытыкуе старэйшага брата, хутчэй намякае, але пры гэтым усім усё зразумела».

Расійскае выданне лічыць, што падобныя заявы — стандартная практыка для Лукашэнкі, і прычына іх адна — кіраўнік Беларусі незадаволены, што Масква не ўлічвае інтарэсы свайго хаўрусніка і не інвестуе належным чынам у яе эканоміку. У той жа час Коммерсант сцвярджае, што за апошнія 11 гадоў Расія ўклала ў Беларусь $100 мільярдаў.

«Коммерсант» лічыць, што Расія, можа, і хацела б дапамагаць суседу, проста яна сама ўжо не такая багатая. Аднак Крэмль усё адно будзе дапамагаць Лукашэнку (няхай і ў меншых аб'ёмах), таму што хаўруснікаў у Расіі амаль не засталося. Ды і адпусціць Беларусь Масква проста не зможа, таму што гэта супярэчыць яе палітычным арыенцірам.

Аглядальнік расійскага выдання лічыць, што Лукашэнка няздольны на эканамічныя рэформы. Узгадвае ён і тое, што Лукашэнка нібыта пачаў заляцацца да «празаходніх нацыяналістаў», што таксама можна лічыць дэмаршам у бок Масквы.

Life: Прывід Данбаса блукае па Беларусі

Адыёзнае расійскае выданне мяркуе, што Лукашэнка зараз знаходзіцца ў вострай палітыка-эканамічным схватцы, і сігналы Лукашэнка дасылаў не «няшчасным беларускім калгаснікам», а знешнім сілам.

Life піша, што Беларусь ужо даўно адмовілася ад будаўніцтва так званай «саюзнай дзяржавы» з Расіяй. Аўтар нагадвае пра абмежаванне выкарыстання георгіеўскай стужкі ў Беларусі, гісторыю з «Несмяротным палком» у Мінску і тое, што ў Беларусі нібыта пачалі змяняцца падручнікі гісторыі. Гэта ўсё нагадала расійскаму інтэрнэт-таблоіду падзеі ва Украіне.

«А адказ на пытанне, чаму раптам Лукашэнка ўзгадаў пра падзеі на Данбасе і пачаў распавядаць байкі пра нейкі ўнутраны «фронт» разам з разгойдваннем маятніка нацыяналізму, просты. Уся штука ў тым, што эканамічная мадэль «датацыйнага псеўдасацыялізму», якую Лукашэнка і яго асяроддзе будавалі ў Беларусі апошнія 24 гады, цалкам правалілася»,

— тлумачыць Life.

Расійскае выданне нагадвае, што сацыяльна-эканамічная мадэль Беларусі базавалася на захаванні стратных і датацыйных прадпрыемстваў, функцыянаванне якіх падтрымлівалася грашыма з Расіі.

У той жа час, адзначае Life, «знешняя палітыка Беларусі паводзіць сябе ў лепшых традыцыях дзяўчыны лёгкіх паводзінаў». Выданне нагадвае, што Беларусь не толькі не прызнала Крым расійскім, але і ўдзельнічае ва «Усходнім партнёрстве», якое Life лічыць антырасійскім праектам.

«Расіі трэба займаць выключна цынічную пазіцыю, якая заключаецца ў тым, што калі мы і субсідуем кагосьці, адкрываем свае рынкі і гэтак далей, то краіны, якія атрымліваюць такія прэферэнцыі, павінны прытрымлівацца нашай знешняй палітыкі. І кропка»,

— піша Life.

News.ru: Расія дзейнічае як слон у пасуднай краме

Партал мяркуе, што расійскія ўлады самі не разумеюць, якіх адносін яны хочуць з Беларуссю. Калі Расія хоча сапраўды братэрскіх і саюзных адносін, то за іх трэба плаціць:

«Бескарыслівае сяброўства, магчыма, існуе паміж асобнымі людзьмі, але яго не можа быць паміж краінамі, хай нават суседнімі, якія маюць доўгую агульную гісторыю».

Сярод «бонусаў» за сяброўства расійскае выданне называе закрыццё пагранічнай зоны, зніжэнне цэн на энерганосьбіты да агульнарасійскіх, выдачу льготных крэдытаў:

«Дзейнічаючы як слон у пасуднай краме, мы прымушаем Лукашэнку ўсё больш актыўна шукаць разумення на Захадзе».

Сябра Рады па міжнацыянальных адносінах пры прэзідэнце Расіі: Словы Лукашэнкі характарызуюць сітуацыю ў беларускай эканоміцы

Сябра Рады па міжнацыянальных адносінах пры прэзідэнце Расіі Багдан Бязпалька ў каментары «ФАН» адзначыў, што падобнага роду эмацыйныя выказванні характэрныя для Аляксандра Лукашэнкі, але гэтыя словы, на думку эксперта, характарызуюць і стан беларускай эканомікі.

«Словы Лукашэнкі пацвярджаюць і высокую ступень залежнасці беларускай эканомікі ад расійскай, а дакладней, высокую ступень субсідзіравання і датавання Расіяй беларускай эканомікі праз пастаўкі таннай бязмытнай нафты, таннага бяспошліннага газу, крэдыты, прадастаўленне рынку збыту і гэтак далей», — заўважыў сябра Рады па міжнацыянальных адносінах пры прэзідэнце Расіі.

На яго думку, словы Лукашэнкі пра пагрозу ўваходжання Беларусі ў склад «іншай дзяржавы» па сутнасці з'яўляюцца прызнаннем таго факту, што сама па сабе Беларусь не можа справіцца з эканамічнымі цяжкасцямі.

Дзмітрый Балкунец: Заява Лукашэнкі паказвае, да чаго прывялі краіну гады яго кіравання

Палітолаг Дзмітрый Балкунец у гутарцы з НСН патлумачыў, што заява Лукашэнкі аб уваходжанні Беларусі ў іншую дзяржаву — гэта чарговая спроба стрэсці грошай з Масквы.

Эксперт мяркуе, што заява Лукашэнкі добра паказвае, да чаго прывялі краіну гады яго кіравання. Праз 25 гадоў ва ўладзе Лукашэнка практычна распісаўся ў тым, што ў Беларусі ёсць сур'ёзныя эканамічныя праблемы, якія без вонкавага фінансавага ўздзеяння вырашыць не атрымаецца.

Кіраўнік камітэта па справах СНД Дзяржаўнай думы Расіі: Лукашэнка палохае сваіх чыноўнікаў Расіяй

Кіраўнік камітэта па справах СНД Дзярждумы Расіі Канстанцін Затулін мяркуе, што кіраўнік Беларусі ў сваім выказванні меў на ўвазе Расію:

«Ён палохае сваіх чыноўнікаў Расійскай Федэрацыяй. Ён палохае тых людзей, якія ад яго залежаць, тым, што прыйдзе Расія, як ва Украіну, і створыць пагрозу вашаму дабрабыту. Ён ужо не раз распавядаў нам, што ён да апошняга будзе абараняцца ў акопе, у выпадку калі мы захочам нешта накшталт таго, што адбылося ў Крыме, зрабіць з Беларуссю».

Каментары29

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ахова і дзясяткі людзей у камандзе: за што жыве Офіс Ціханоўскай у Вільні?15

Ахова і дзясяткі людзей у камандзе: за што жыве Офіс Ціханоўскай у Вільні?

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску разглядаюць праект трэцяга транспартнага кальца

Найстарэйшы ў свеце марафонец загінуў у ДТЗ у 114 гадоў

Чыноўнікі расказалі, як змагаюцца з падтапленнямі ў Мінску

У Мінску адключыліся святлафоры на некаторых скрыжаваннях

Пад Мінскам шнырыць галодны воўк, які з'яўляецца ля пад'ездаў выключна ўвечары5

Дзмітрый Лукашэнка знік з інфармацыйнай прасторы13

Уплыў Меланіі Трамп на мужа быў недаацэнены. Украіна атрымала нечаканага саюзніка ў яе асобе8

На Мінск зноў абрынулася трапічная залева, у Лошыцы машыны паплылі3

«Падарожжы дылетанта» Юрыя Жыгамонта больш не выходзяць на ютубе27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ахова і дзясяткі людзей у камандзе: за што жыве Офіс Ціханоўскай у Вільні?15

Ахова і дзясяткі людзей у камандзе: за што жыве Офіс Ціханоўскай у Вільні?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць