Культура33

Міхась Скобла: Фільм «Купала» ні дзяржаўны кінапракат, ні БТ пры гэтай уладзе не пакажуць

Піша Міхась Скобла ў свежым нумары Народнай волі

Забаронены плод, як вядома, самы салодкі. Мастацкі фільм «Купала», які меўся выйсці на экраны яшчэ летась, як выглядае, трапіў у разрад забароненых. Прэм’ера, анансаваная на БТ, адкладалася то ў сувязі з пагаршэннем беларуска-расійскіх адносін, то з прычыны меркаванага ўдзелу ў еўрапейскіх кінафестывалях, то чакалася «дабро» ад самага вялікага ў краіне начальніка, які нібыта паглядзеў «Купалу» ў вельмі вузкім коле з самымі шырокімі паўнамоцтвамі.

Урэшце ці не самая разрэкламаваная і ад таго надзвычай чаканая стужка з мантажных студый «Беларусьфільма» ў кінатэатры так і не трапіла. А тут пачаліся прэзідэнцкія выбары — стала не да кінапрэм’ер. І насамрэч, калі ўсю Беларусь ужо месяц пасля выбараў літаральна ліхаманіць, калі краіна імкліва скочваецца ў цемрашальскае сярэднявечча, якое можа быць кіно, пра якога Купалу? Аказваецца — можа. Тыдзень таму фільм «Купала» хтосьці выклаў у інтэрнэт, яго імкліва пашыраюць тэлеграм-каналы і, нягледзячы на зразумелыя тлумачэнні рэжысёра-пастаноўшчыка Уладзіміра Янкоўскага пра незавершанасць пірацкай версіі, яго ўжо паглядзелі дзясяткі тысяч чалавек.

Прызнацца, я доўга трымаўся. А потым усё ж цікавасць перамагла. Думаю, зірну краем вока. А то рознае кажуць — і пра патрачаны на здымкі мільён долараў, і пра запрошанага на галоўную ролю замежнага артыста, і пра акцёраў-купалаўцаў, якім звыклым чынам дасталіся толькі эпізоды… Кажуць, што і масла хлебам мажуць. Таму ў мяне даўняе правіла — вер не сказу, а паказу.

Адным словам, знайшоў я таго «Купалу» ў інтэрнэце і — прасядзеў дзве з паловай гадзіны. Як прывязаны! Мала таго, дзесьці на хвіліне пятнаццатай паклікаў жонку і сына, і іх таксама было не адарваць ад экрана! Для мяне бясспрэчна — фільм пра Янку Купалу атрымаўся. Уся разам узятая бачаная мной раней прадукцыя «Беларусьфільма» не выклікала ў мяне столькі станоўчых эмоцый, як «Купала».

Выдатная аператарская праца Іллі Пугачова. Бліскучая гульня акцёраў. Стоадсоткава ўдалае ўваходжанне ў складаны вобраз Купалы Мікалая Шастака — ён, бясспрэчна, заслугоўвае найвышэйшай нацыянальнай кінапрэміі. Праўдзівасць сюжэта — амаль усе сцэны можна пацвердзіць дакументальна.

Скажам, Купала ў фільме гаворыць пра бальшавіцкі падзел Беларусі — і ў памяці адразу ўсплываюць яго забароненыя ў БССР радкі: «Далі шэсць паветаў — / дзякуй і за гэта…». Ці, напрыклад, у фільме гучыць усенародны сёння лозунг «Жыве Беларусь!», і мала ўжо хто ведае, што ён — з купалаўскага верша яшчэ 1905 года: «А вот як не любіць гэта поле і бор, / і зялёны садок, і крыклівую гусь!.. / А што часам тут страшна заенчыць віхор, — / гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!».

Цяпер вам зразумела, чаму стваральнікі «Купалы» так і не дачакаліся найвышэйшага дазволу на афіцыйныя паказы фільма? З жалем мушу канстатаваць — ад гэтай улады і не дачакаюцца. Стужка, вобразна, кажучы, занадта антыбальшавіцкая для кінатэатра «Кастрычнік», занадта беларусацэнтрычная для кінатэатра «Масква», занадта актуальная для кінатэатра «Беларусь».

Бо калі мой сын-васьмікласнік глядзеў кадры жорсткага разгону царскімі паліцэйскімі дэманстрацыі, на якую выпадкова трапляе малады Янка Купала (і атрымлівае нагайкай па твары), ён з дзіцячай непасрэднасцю выгукнуў: «АМАП на конях!».

Бо калі ў фільме НКВД арыштоўвае і запіхвае ў аўтаза…, прабачце, у варанкі Аркадзя Смоліча, Цішку Гартнага, Антона Луцкевіча, а яны дапытваюцца: «За што?», гэтае «за што» прагучала ў маіх вушах тысячамі галасоў затрыманых на мінскіх вуліцах.

Бо калі ў фільме першы прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі, даведзены да адчаю, страляецца ў сваім кабінеце, мне, гледачу, прыгадваюцца смерці нашых сучаснікаў ад куль і дубінак амапаўцаў.

Бо калі Янка Купала, змучаны начнымі допытамі ў НКВД, піша перадсмяротны ліст і ўчыняе на экране спробу самагубства (за гэтую сцэну асаблівы дзякуй рэжысёру і акцёру), я ўспамінаю імёны маладых беларусаў, якіх знаходзяць павешанымі (без прыкмет гвалтоўнай смерці — па версіі Следчага камітэта).

Бо калі адзін з антыгерояў фільма, юдападобны крытык Алесь Кушнер (рэальны персанаж з сугучным прозвішчам лёгка пазнаецца), шантажуе ў бальніцы вернутага з таго свету Купалу антысавецкімі эпізодамі ў «Тутэйшых», я тут жа прыгадваю закрыты і разагнаны Купалаўскі тэатр, чый сёлетні юбілейны (100-ты!) сезон павінен быў распачацца якраз адноўленым спектаклем «Тутэйшыя».

Бо калі Купалу ў засценках НКВД прымушаюць пакаяцца (іначай будуць расстраляны 108 пісьменнікаў), я ўспамінаю пакаянныя тэлезвароты сучасных вязняў КДБ.

Бо калі Купала ў фільме гаворыць, што «ўладзе патрэбны не беларускі народ, а паслухмянае быдла», што «ўся краіна паралізаваная страхам, а чалавек не жывёла, і ён не можа штодня жыць у страху», то паралель у маёй свядомасці ўзнікае адна — Беларусь сучасная, дзе карнае ведамства грамадзяніна Караева па запалохванні і жорсткасці нават пераўзышло сваіх папярэднікаў з НКВД.Уладзімір Янкоўскі сваім фільмам «Купала» трапіў, што называецца, у дзясятку, у напяты нерв паўсталага народа. Фільмам не публіцыстычным, а высокамастацкім, што і гарантуе яму (надоўга!) месца ў шэрагу айчыннай кінакласікі.

Але, хачу гэта яшчэ раз падкрэсліць, «Купалу» ні дзяржаўны кінапракат, ні БТ пры гэтай уладзе не пакажуць. Я баюся, каб фільм праз пэўны час увогуле не прапаў бясследна на «Беларусьфільме». Тут людзі знікаюць, што там нейкі фільм…

Таму прашу шаноўнага рэжысёра — не судзіце строга тых, хто выклаў «Купалу» ў інтэрнэт. Так, яны парушылі аўтарскае права, але ваш фільм трэба глядзець тут і цяпер, хай сабе і ў неадшліфаваным выглядзе (дарэчы, недаробак там зусім мала). Як кажуць у народзе, лепей плотка ў руцэ, чым шчупак у рацэ. І не варта перажываць, што, паглядзеўшы пірацкую версію, пазней ніхто не пойдзе на «Купалу» ў кінатэатры.

Завяраю вас — пойдуць! Гледачы валам паваляць. І я ў тым ліку, перакупіўшы на падыходзе да кінатэатра квіток па двайной-трайной цане. Упэўнены — так будзе, бо кінафільм «Купала» павінен паглядзець кожны беларус.

Каментары3

Цяпер чытаюць

ЗША аднаўляюць вайсковую дапамогу Украіне. Расіі прапануецца спыненне агню на 30 дзён, Украіна на гэта згодна11

ЗША аднаўляюць вайсковую дапамогу Украіне. Расіі прапануецца спыненне агню на 30 дзён, Украіна на гэта згодна

Усе навіны →
Усе навіны

«Ён падышоў і спытаў: «Ты галодная, хочаш есці?» Беларуская пенсіянерка расказала, як знайшла шчасце ў вымушанай эміграцыі8

У Баранавічах паставілі вялікі помнік мясарубцы7

«Капучына ад 9 рублёў у красавіку-маі — цалкам рэальна». Што будзе з цэнамі на каву ў Беларусі11

Былая віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Вольга Павук стала настаўніцай у літоўскай школе6

У Грэнландыі — выбары. Ці дапамогуць яны Дональду Трампу анексаваць гіганцкі востраў?2

Самалёт, які ляцеў з Турцыі ў Маскву, падаў сігнал бедства на мяжы Беларусі і экстранна сеў2

Былога прэзідэнта Філіпінаў арыштавалі па ордары Міжнароднага крымінальнага суда

Асвячэнне зброі і жаданне смерці злачынцу — акей? Адказвае святар Кухта2

19-гадовы беларус дэбютаваў у Нацыянальнай хакейнай лізе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША аднаўляюць вайсковую дапамогу Украіне. Расіі прапануецца спыненне агню на 30 дзён, Украіна на гэта згодна11

ЗША аднаўляюць вайсковую дапамогу Украіне. Расіі прапануецца спыненне агню на 30 дзён, Украіна на гэта згодна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць