Уладальнік кувалды «Вагнера» з Рэчыцы атрымаў працу спецыяліста па моладзевай палітыцы
Гаворка ідзе пра заснавальніка рэчыцкага вайскова-патрыятычнага клуба «Скіф» Уладзіміра Габрова, піша «Флагшток».

У публікацыі Рэчыцкага ўпраўлення тэхналагічнага транспарту (РУТТ), які ўваходзіць у структуру «Беларуснафты», Габроў паказаны за працоўным сталом сярод афіцыйных папер. У іншай публікацыі пазначаны як спецыяліст службы ідэалагічнай працы, сацыяльнай і моладзевай палітыкі прадпрыемства.
Як высветліў «Флагшток», гэту пасаду Габроў займае як мінімум год — з верасня 2025 года. Пры гэтым раней згадак пра такую пасаду на прадпрыемстве выяўлена не было. Таму цалкам верагодна, што пасада была створана менавіта пад Габрова. Раней структуры «Беларуснафты» ўжо падтрымлівалі «патрыятычныя» ініцыятывы кіраўніка клуба.
У 2024 годзе Габроў працаваў на вытворчай пасадзе — машыністам тэхналагічных насосаў пятага разраду цэха падрыхтоўкі і перапрацоўкі нафты ўпраўлення «Рэчыцанафта». Гэта вынікае з яго афіцыйнай біяграфіі кандыдата ў дэпутаты.
Уладзімір Габроў шмат гадоў кіруе цэнтрам спецыяльнай падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі «Скіф». Перад пачаткам паўнамаштабнай вайны ён заклікаў украінскіх вайскоўцаў здавацца, а летам 2022 года рэкламаваў набор у расійскую ПВК «Вагнер».

У 2023 годзе Габроў атрымаў ад прадстаўніка ПВК «Вагнер» кувалду з сімволікай групоўкі і зрабіў яе экспанатам музея пры Рэчыцкай раённай гімназіі (у 2022—2023 гадах кувалда ПВК стала сімвалам пазасудовых распраў на расійскай вайне супраць Украіны). «Флагшток» тады высветліў, што чалавекам, які падарыў кавалду, верагодна, быў камандзір падраздзялення ПВК Мікалай Будзько. Яго падазраюць у дачыненні да ваенных злачынстваў. У ліпені 2025 года ўзначалены Габровым «Скіф» апублікаваў некралог у памяць пра загінулага ў Афрыцы расійскага найміта.
Цяпер ідэалагічная праца і праца з моладдзю ўваходзяць у афіцыйныя службовыя абавязкі Габрова.
Каму з лукашыстаў дарылі «кувалду «Вагнера» і хто яе піярыў
Кувалду ў рэчыцкую гімназію прывёз Мікалай Будзько. Менавіта ён загадаў па-садысцку забіць сірыйца ў 2017 годзе
Лукашысты пачалі папулярызаваць вагнераўскую кувалду
У рэчыцкім парку ў гонар лётчыкаў часоў вайны паставілі цывільны самалёт 35‑гадовага ўзросту
Каментары
По такой же схеме живёт лукашенко и его красавцы, где он найдёт такую лафу, когда за издевательства над населением Беларуси получаешь пожизненную власть над ним и миллиарды долларов на семейные счета ?!
[Зрэдагавана]