Грамадства3333

Каліновец расказаў, чаму дэмабілізаваўся пасля гібелі «Волата» і што было пасля

Павел Марыеўскі — яго пазыўны «Марык» — вярнуўся з фронту летам мінулага года. «На мяне моцна паўплывала гібель майго камандзіра». Мужчына разам з іншымі байцамі заснаваў асацыяцыю беларускіх ветэранаў у Польшчы, каб дапамагаць былым ваярам. Ён расказаў «Нашай Ніве», як у Варшаве з'еў першае марожанае, як адаптоўваўся пасля вайны і хто з палітыкаў дапамог былым байцам.

Павел «Марык» Марыеўскі. Фота: асабісты архіў

«Я па жыцці быў пацыфістам»

Актыўна цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі ў палітычнай сферы, Павел стаў у 2017-м, калі Лукашэнка прыняў закон аб дармаедстве. 

«Для мяне гэта ўжо тады стала пытаннем несправядлівасці. Атрымлівалася, што тым, хто працуе за мяжой, цяпер прыйдзецца плаціць двайны падатак», — кажа ён. 

Па прафесіі Павел палітолаг, але па спецыяльнасці не працаваў.

У 2019-м ён пазнаёміўся з Сяргеем Ціханоўскім, праз год стаў валанцёрам у яго штабе (ужо пасля таго, як Ціханоўскага затрымалі). 

«Як адзін з самых актыўных сябраў штаба, я ўвайшоў у канстытуцыйную камісію па распрацоўцы Канстытуцыі для Новай Беларусі. З камандай «Краіны для жыцця» ездзілі па краіне, ладзілі лекцыі для актывістаў.

У нейкі момант заўважылі, што за намі ўвесь час вядзецца назіранне. Тады перайшлі ў фармат канферэнцый, сталі людзям расказваць пра самакіраванне ў такім фармаце», — расказвае ён. 

У 2021-м сачыць за актывістамі сталі яшчэ актыўней. Паўлу было зразумела: рыхтуюць да арышту. 

Аднойчы ў дом, у якім жыла каманда, уварваўся КДБ. У той дзень Паўла там не было. 

«Калі даведаўся, што прыйшоў КДБ, то ў той жа дзень з'ехаў у Маскву, дзе ў польскай амбасадзе папрасіў візу ў сувязі з пераследам. Праз некалькі дзён яе мне выдалі, і я з'ехаў у Польшчу», — кажа ён. 

«Калі трапіў ва Украіну — стала спакойна на душы»

Калі пачалася вайна, для Паўла не стаяла пытанне, што рабіць. 

«Не ведаў толькі, як трапіць ва Украіну. Тады яшчэ не было дакладнага алгарытму. 29 лютага я паспрабаваў уехаць ва Украіну, але мяне не пусцілі ўкраінскія памежнікі. Матывавалі гэта тым, што беларусы такія ж агрэсары, як і расіяне. Сказалі паспрабаваць напісаць у «Азоў». Гэта я зрабіў, мяне яны перакінулі ў тады яшчэ батальён Каліноўскага», — расказвае Павел. 

Калі мужчына трапіў ва Украіну — стала спакойна на душы. Для Паўла складаней было сядзець у Польшчы, чытаць навіны і нічога з гэтым не рабіць. 

«Першае, што мы ўбачылі, — Львоў: гэта была жахлівая карціна натоўпу бежанцаў на вакзале, бочкі, у якіх людзі разводзілі агонь, палявыя кухні, валанцёры, — апісвае Павел. — Гэта такая карціна, ведаеце, як у савецкіх франтавых фільмах, калі людзі эвакуююцца з гарадоў, на якія надыходзіць вораг, і не зразумець, хто і куды едзе, абы ўскочыць у нейкі цягнік з торбамі і дзецьмі.

Парадавала мяне тое, што не было хаосу. Памятаю дворнікаў, якія падмяталі дарогу, трактары, якія чысцілі тэрыторыю. Людзі захавалі камунальную культуру. Ніхто не кінуўся ў паніку, уцёкі. Тут я гавару менавіта пра дзяржаўны апарат. Выставілі шмат біяпрыбіральняў, якія ўвесь час чысцілі, усё было вельмі арганізавана. І я зразумеў, што нас не перамагчы, украінцы ведаюць, за што яны стаяць, змагаюцца — за радзіму, якую яны ніколі не аддадуць».

Фота: асабісты архіў

Вайсковага досведу ў 33-гадовага Паўла не было. У беларускім войску не служыў. 

«Падрыхтоўка, трэніроўкі ў каліноўцаў былі вельмі сур'ёзныя. У любы момант можна было чакаць, што мы ўступім у бой, хаця ў яго ніхто з камандавання спецыяльна не кідаў. Імкнуліся людзей добра падрыхтаваць», — кажа ён.

«Калі яны даведаліся, што беларусы прыйшлі іх вызваляць»

Самым запамінальным для Паўла на вайне быў выезд у сакавіку мінулага года ў Бучу. 

«Гарады ў прыгарадзе Кіева вельмі прыгожыя. Калі мы туды зайшлі, усё было знішчана, такое бачыў толькі ў кіно. Дом, у якім мы збіраліся, быў цалкам абкрадзены, дзверы адчыненыя. 

Тады з хлопцамі знайшлі гітару і сталі граць, спяваць песні, каб падняць баявы дух. На гітары граў «Атам» — ён пасля загіне.

Kalinouski regiment volunteer fighter Vasil Hrudavik Atam killed in Ukraine Полк Калиновского белорусский доброволец Василий Грудовик Атом убитый в Украине
Васіль Грудовік «Атам» загінуў у 2022 годзе

Пасля рушылі далей. На свае вочы бачыў тое, што потым на фатаздымках абляцела ўвесь свет. Абгарэлыя трупы ляжалі на вуліцы, разбураныя будынкі школ, ніводнага цэлага плота — усе прабітыя асколкамі.

Фота: асабісты архіў

Быў жылы комплекс з некалькіх шматпавярховікаў, у якім засталіся старыя людзі, яны не змаглі з'ехаць. Усю акупацыю там прасядзелі. Калі яны даведаліся, што беларусы прыйшлі іх вызваляць, радаваліся. Мы аддалі ім усю нашу ваду, ежу. Тады, памятаю, у мяне з'явілася разуменне, што мы абараняем жыццё», — дзеліцца ён успамінамі. 

Перад першым боем Павел адчуваў страх. 

«Мне здаецца, што я па жыцці быў пацыфістам. Але калі ўбачыў вось гэтую жудасную несправядлівасць, тым больш той факт, што расійскія войскі спакойна выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі для нападу, мой пацыфізм выпарыўся.

Я адчуваў іспанскі сорам за свой народ. Праз нашу краіну ідуць расійскія войскі, нападаюць на суседні народ, а беларусы бяздзейнічаюць.

Пачуцце, мусіць, маральнага абавязку, унутранага абавязку перад самім сабой, каб я потым, калі скончыцца вайна, калі Украіна пераможа, я сам сапраўды сабе мог адказаць, што не адседжваўся, не змірыўся. Як многія беларусы змірыліся з рэжымам Лукашэнкі і апусцілі рукі праз рэпрэсіі.

Я змагу глядзець у вочы сваім сябрам, сваякам, якія жывуць ва Украіне. І казаць, што я быў з імі ў гэтыя дні, мне будзе не сорамна».

Мінулым летам Павел вярнуўся з вайны. Такое рашэнне мужчына прыняў пасля таго, як загінуў яго камандзір — «Волат».

«Ён быў стрыжнем, аўтарытэтам, на яго арыентаваліся многія байцы. «Волат» — прыклад бясстрашнасці. Ён казаў, што ніколі не адправіць нас на заданне, калі сам не будзе ўпэўнены ва ўсіх аператыўных звестках па гэтай задачы. Калі бачыў, што задача загадзя невыканальная, пакладзем шмат людзей з асабовага складу, то адмяняў.

Таксама тады ў Палку пачаліся перафармаванні на батальёны. Я не разумеў, чаму Полк пачаў займацца палітыкай, прычым ніяк гэта з байцамі не ўзгадняючы. Пачалі добраахвотна-прымусова збіраць дзесяціну з заробкаў. Многія адмаўляліся яе плаціць. Як гэта называецца? Абшчак? Я не разумеў, як ва ўмовах вайны можна займацца палітыкай, як можна абслугоўваць нечыя палітычныя амбіцыі. Гэта прысутнічае не ў шараговых байцоў — у штаба і іх супрацоўнікаў. Тады вырашыў, што не хачу больш там знаходзіцца. 

Не ведаю, ці прывык я, што смерць доўгі час была побач. Магчыма, так. Цяжка, калі гінуць пабрацімы. Калі развітваліся з імі, заўсёды імкнуліся зрабіць гэты момант цырыманіяльным: станавіліся ў шэраг. Усё было вельмі годна. Я лічу гэтых хлопцаў героямі: пайсці на вайну добраахвотнікам і аддаць за гэтае жыццё. Я веру, што аднойчы мы, мусіць, назавем вуліцы ў іх гонар», — расказвае ён. 

«Дапамог спорт. А таксама дапамога сям'і палітвязня»

Пасля вяртання ў мірнае жыццё Паўлу спатрэбілася дапамога псіхолага. У мужчыны былі панічныя атакі. 

«Псіхолаг сказала, што мая псіхіка выставіла сабе бар'ер, яна ўспрымала вайну як працу. Там ворагі, калі яны будуць страляць у мяне, я не змагу не выканаць сваю працу. Таму псіхіка больш-менш справілася з гэтым», — тлумачыць ён. 

Фота: асабісты архіў

Павел кажа, што, калі вяртаешся ў мірнае жыццё, заўсёды параўноўваеш, як было там і тут. 

Многія байцы лічаць, што на вайне яны рабілі нашмат больш карыснага. Узнікае праблема з сацыялізацыяй. 

«Таму пачаў займацца з псіхолагам. Дапамог спорт. А яшчэ я ў Варшаве клапачуся пра сям'ю палітвязня, дапамагаў зрабіць ім рамонт у кватэры. Мне трэба было максімальна сябе заняць, каб не думаць пра вайну», — расказвае ён. 

Са сваімі сваякамі Павел пасля 2020-га не мае ніякіх кантактаў. У іх іншая палітычная пазыцыя, тлумачыць мужчына.

«Мае бацькі памерлі, маці памерла ў 2020 годзе, бацька ў 2021-м. З іншымі сваякамі я не маю зносін, у некаторых пазіцыя з тэлевізара.

Адзін з маіх траюрадных братоў ад мяне адмовіўся, сказаў, што я фашыст, раз пайшоў не за рускіх ваяваць. Ён ацэньвае свет з экрана тэлевізара. Таму я яго не асуджаю, але зносіны спыніліся», — расказвае Павел. 

Пра асацыяцыю ветэранаў Павел з іншымі байцамі пачалі разважаць яшчэ ў жніўні мінулага года. Рэгістрацыю ў Польшчы атрымалі некалькі месяцаў таму.

«Прыйшлі да высновы, што ў нас ужо дастатковая колькасць людзей звольнілася з Палка і іншых беларускіх падраздзяленняў. У многіх узнікаюць праблемы з легалізацыяй, з псіхікай, са здароўем. Да стварэння асацыяцыі мы скідваліся, калі камусьці патрэбна была дапамога для аплаты, напрыклад, псіхолага. Нас станавілася ўсё больш і больш, патрэбы таксама сталі расці», — расказвае ён. 

Адна з праблем для ветэранаў — пошук працы. 

«Не ўсе, хто адправіўся на вайну, да яе былі айцішнікамі ці высокакваліфікаванымі спецыялістамі. У асноўным гэта людзі, якія, як і я, пасля 2020-га аказаліся ў вымушанай эміграцыі.

Размаўлялі з беларускім бізнэсам у Польшчы, але пакуль ніхто з працоўнымі месцамі не дапамог.

Нядаўна адкрылі ў Варшаве некалькі кавярняў, нам прапанавалі некалькі пасад, але там у асноўным былі жаночыя спецыяльнасці, таму не падышло. Размаўляў з Андрэем Стрыжаком, у іх ёсць розныя курсы для былых палітвязняў. Так дамовіліся, што паспрабуюць пашырыць месцы, каб браць нашых ветэранаў на навучанне, каб яны маглі асвойваць новыя прафесіі», — тлумачыць Павел. 

«Нашай асацыяцыі дапамаглі Сахашчык і Латушка»

Па словах мужчыны, «Байсол» пакуль адзіная платформа, якая дапамагла і дапамагае збіраць грошы на рэабілітацыю для байцоў. Асацыяцыі таксама дапамаглі Валерый Сахашчык і Павел Латушка. 

«Латушка дапамог з рэгістрацыяй фонду Асацыяцыі беларускіх ветэранаў, з аплатай юрыдычных паслуг. Мы будзем рады любой дапамозе».

Асацыяцыя хоча рэалізаваць некалькі праектаў. Яны тычацца візавай падтрымкі для сем’яў былых ваяроў і іх эвакуацыі, дапамогі дзецям загінулых байцоў (адправіць на адпачынак, сабраць у школу).

Хочуць адкрыць таксама шэлтар для ветэранаў у Варшаве, якія вяртаюцца з вайны і маюць патрэбу ў жытле. І дапамагаць ваярам, у якіх ёсць розныя праблемы са здароўем пасля раненняў.

«З рэалізацыяй праектаў нам патрэбна падтрымка, таму што ў нас няма досведу афармлення грантавых заявак, — расказвае ён. — Толькі баявы досвед. Цяпер дамовіліся з дыяспарамі ў розных краінах аб арганізацыі дапамогі сем'ям беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ва Украіне». 

«Ёсць шмат хлопцаў, якія не змаглі адаптавацца і вярнуліся назад, на вайну»

На пытанне, як вайна яго змяніла, Павел адказвае: захацелася жыць. «Я пачаў больш шанаваць жыццё, — кажа ён. — Атрымліваю асалоду ад дажджу, сонца. Больш стаў цаніць людзей, сяброў, узаемадапамогу.

Увесь час прысутнічае думка аб тым, каб вярнуцца на вайну. Задаю сабе пытанне, якую карысць я тут прыношу. На жаль, з-за таго, што мы не можам прапанаваць нейкае актыўнае ўзнаўленне, байцы з такімі думкамі застаюцца адны. Ужо ёсць шмат хлопцаў, якія не змаглі адаптавацца і вярнуліся назад», — расказвае Павел. 

Першае, што зрабіў Павел, калі вярнуўся з вайны, — з'еў марожанае на вакзале ў Варшаве.

«Хоць праблем у Кіеве з марожаным не было, напэўна, проста не да гэтага было. 

Пасля ў Варшаве пайшоў да сваіх сяброў. А гэта было 7 раніцы, мне нават у галаву не прыйшло, што людзі яшчэ могуць спаць. Пабудзіў», — успамінае Павел. 

З радасцяў на вайне — прысмакі, якія дасылаюць валанцёры. 

«Асабліва, калі сядзіш на пазіцыях, і няма магчымасці хадзіць у сталовую, як у Кіеве, — кажа ён. — Валанцёры з дыяспар перадавалі нам энергетычныя батончыкі. Смачныя, уздымалі настрой. У пасылкі такія дзеці клалі малюнкі, пісалі пажаданні. Гэта падбадзёрвала».

Цяпер абстаноўку Павел ацэньвае не толькі як баец, але і з геапалітычнага пункту гледжання. 

«Вораг не такі слабы, як нам хацелася б, — разважае Павел. — Насамрэч Расія — велізарная краіна з вялікімі рэсурсамі, якая ваюе супраць невялікай Украіны. 

Бачу, што Украіна не цалкам атрымлівае тое ўзбраенне, якое запытвае ад партнёраў. Тармозіцца, павольна перадаецца, не ў той колькасці. Я ўсё ж тут бачу вялікі бізнэс, таму што на Захадзе зброю вырабляюць карпарацыі, а не дзяржаўныя прадпрыемствы. 

Думаю, калі б краіны Захаду нашмат больш актыўна дапамагалі Украіне, то вайну можна было б скончыць нашмат хутчэй», — мяркуе Павел.

Чытайце таксама: 

Полк Каліноўскага спрабуе наладзіць радыётрансляцыі з Украіны ў Беларусь

«Да таго, чым займаўся ў мірным жыцці, у мяне цяпер антыпатыя». Баец палка Каліноўскага расказаў, што адбываецца ў Бахмуце і апісаў тактыку расійскага войска

«Хто ж ведаў». Былыя байцы-каліноўцы пра фронт, мары пра дзяўчат, жыццё пасля вайны і асацыяцыю ветэранаў

Каментары33

  • Малiноускi
    04.05.2023
    Нiчога сабе вайна. Хачу - iду на вайну, хачу, iду дадому
  • вероника
    04.05.2023


    https://nashaniva.com/ru/315829

    в голове каша ---- как и у Тихановского . 
  • Маё імя
    04.05.2023
    вероника, а "не-каша" гэта што? Крычаць на кожным рагу, што ПКК - адзіны легальны прадстаўнік беларускага народу?

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыпламатычнае слова5

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыпламатычнае слова

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска расказала, колькі зарабляе як Снягурка ў Польшчы20

Мінск пачаў атрымліваць трамваі з нізкай падлогай. Вось як яны выглядаюць8

На катку на Нямізе ў Мінску памёр чалавек5

Рэктар БДУ пра жонку: У нас цывілізаваныя дагаворныя адносіны8

У Стаўрапольскім краі РФ выбухнуў ларок з феерверкамі ВІДЭА1

Самалёт ЗША падбілі «сяброўскім агнём» над Чырвоным морам1

«Гэта літаральна зрывае дах!» Тэлевядучая Люцыя Герашчанка распавяла пра паездку ў Індыю з сынам8

Ужо тыдзень у Расіі не могуць знайсці мужчыну, які забіў паліцэйскага, а пасля згвалціў і забіў яго маладую жонку12

«Скралі тры партсігары, тры курткі». Віцебскі губернатар абвінаваціў прадпрымальнікаў у перабольшванні наступстваў пажару3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыпламатычнае слова5

«This f*cking AI». Перакладчык Лукашэнкі пры прэзідэнце ААЭ выкарыстаў недыпламатычнае слова

Галоўнае
Усе навіны →