Івулін прайграў заклад і пазваніў Мукавозчыку — папрасіцца на працу ў «СБ» і вярнуцца ў Беларусь
Аляксандр Івулін прайграў заклад пісьменніку Сашу Філіпенку і вымушаны быў выканаць заданне — пазваніць прапагандысту Андрэю Мукавозчыку, расказаць пра тое, што думае вярнуцца ў Беларусь, і спытацца пра працу.
Відэа размовы журналіст апублікаваў на ютуб-канале «ЧестнОК».
Івулін пазваніў прапагандысту і спытаў, ці ёсць у яго шанцы вярнуцца і ўладкавацца на працу ў «СБ. Беларусь сегодня» ў аддзел спорту. Ён адзначыў, што Мукавозчык для яго «заўсёды быў маральным арыенцірам, камертонам».
«Шанцы ёсць заўсёды. Надзея памірае апошняй», — адказаў на пачатку размовы Мукавозчык і спытаўся, ці не запісваецца іх размова. На гэта ён атрымаў станоўчы адказ.
Прыводзім далейшы дыялог.
— Я не сачыў за вашай творчасцю моцна, шчыра скажу, — адказвае Мукавозчык. — Я маю на ўвазе, што не сачыў за вашай творчасцю апошніх часоў.
— Ну, пакуль я з Аляксандрам Хацкевічам пагаварыў. Ведаеце такога футбаліста? — спытаў Івулін.
— Так. Зразумела. Якія вы яму пытанні задавалі і пра што была гутарка?
— Мы пра Беларусь гаварылі многа, пра футбол наш. Як вам, дарэчы, наш футбол?
— Ахаха. Мне цяжка адказваць на гэтае пытанне.
— Наколькі вам патрэбныя ў «СБ» кадры?
— Пппфф. Настолькі, каб вось проста браць чалавека з вуліцы ці, напрыклад, надта адчуваць патрэбу ў журналісце Івуліне — вось настолькі нам кадры не патрэбныя. Але, паколькі вы чалавек не бясталентны, то, з іншага боку, я зноў выкажу сваё меркаванне.
Па-першае, я лічу, што таленту заўсёды можна знайсці неабходны ўжытак. Па-другое, для таго ўласна Богам і дадзеная маладосць, каб рабіць памылкі і на іх вучыцца. Я бы хацеў з вамі паразмаўляць вочы ў вочы і зрабіць свае высновы, ці сапраўды вы нешта ўразумелі, нешта зразумелі за гэты час ці не.
— Так, як я разумею, гэта як кейс з Раманам Пратасевічам атрымліваецца? Ён усвядоміў, асэнсаваў, зразумеў.
— Ён памілаваны нашым, маім вярхоўным галоўнакамандуючым. Абмяркоўваць загад вярхоўнага я не хачу, не буду. І гэта дакладна не ваш выпадак. Я не бачу пярэчанняў вашаму вяртанню. Я нават не бачу пярэчанняў вашай рабоце ў «СБ».
— У мяне ёсць яшчэ таварыш — Саша Філіпенка. Ён калонкі класныя піша. Мо і яму атрымалася б таксама…
— Філіпенка? Гэта які блудны сын?
— Былы сын, былы («Былы сын» — гэта раман пісьменніка Сашы Філіпенкі. — НН).
— Гэта які нібыта пісьменнік? Швейцарыя. «Чырвоны крыж». Усё вось гэта вось?
— Ну так. Яго кнігі ў Аўстрыі перакладаюць на нямецкую. Ну фашыст такі.
— «Фашыст» гэта вы сказалі, а не я. З Сашам Філіпенкам — не. У мяне размова з ім была б іншай. Не такой, як з вамі.
Чытайце яшчэ:
Івулін пра здзекі з Пушкіна, цяжкі стан Латыпава і эрзац-сэкс у калоніі
Каментары