Літаратура55

«У гэтай краіне не маю я дому». Анатоль Сыс — паэт, якога многія лічаць прарокам

Сёння Анатолю Сысу магло споўніцца 65 год. Ураджэнец Гарошкава на Дняпры, пад Рэчыцай, пражыў толькі 45.

Маналог Апанаса Філіповіча

У гэтай краіне не маю я дому,
вось воблака — сяду і ў свет палячу
над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы — я волі хачу.

У гэтай краіне не маю я долі,
вось посах і торба і сотні дарог.
Па долю пайду. Не вярнуся ніколі.
Няхай мяне судзяць хоць людзі, хоць Бог.

У гэтай краіне не маю я Бога,
ушчэнт разапселі яго святары:
дзе церні павінны насіць — носяць рогі,
які ж тагды Бог, калі служкі звяры?

У гэтай краіне не маю я роду,
забыўся народ мой наймення дзядоў,
і свету не бачыць далей азяроду,
і дзецям не дорыць на шчасце падкоў.

У гэтай краіне не маю я песні,
якая б народнай была і маёй,
якую б сябрына запела ў Бярэсці,
а рэха ўзышло за Дняпром, за Дзвіной…

У гэтай краіне не маю я дому,
вось воблака — сяду і ў свет палячу
над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы — я волі хачу,

бо ў гэтай краіне не маю я волі…

Сабака

Сабака ў горы пасівеў,
нікому ў вочы не глядзеў,
нат спачування не шукаў,
бо меў адмеціну: шакал.

I ўсё ж, абпалены таўром,
ён вартаваў забраны дом,
забраны двор, забраны сад,
магілы продкаў ля прысад,

бо ўлезе брудная свіння,
клады разрые сярод дня,
каб потым рохкаць і крычаць:
«А продкі вашыя маўчаць?!
А можа, мову адняло?
Яе ж у вас і не было…»

Ён вартаваў гаротны дом,
ды ўжо не быў гаспадаром,
адно, была яго — душа,
нібы дзяржаўная мяжа

паміж чужынцамі ды ім,
сабакам, да шаленства злым,
а свінні рохкалі наўкол,
лычамі разрывалі дол

і крылі матамі князёў,
што так глыбока пад зямлёй
іх прах хаваюць плывуны
ад Бога, чорта, сатаны…

Бо дзе той Бог, калі свіння,
нібы карыта, сярод дня
труну цягае па кладах
ды топча капытамі прах.

А ўночы прывіды плылі,
яны жылі, яны былі.

I ўночы жудасна хтось выў —
Алесь Гарун сабакам быў.

Адпусціце мяне, Курапаты

​​Адпусціце мяне, Курапаты,
нават з куляю ў галаве,
да дзяцей, да жаны, да хаты.
Як там Бацькаўшчына жыве?

Як там сад мой? Абрыдлі сосны,
нават камень не ўлежыць ніц.
Я вярнуся, такі ўжо лёс мой —
плакаць жвірам з пустых вачніц.

Адпусціце мяне да хаты.
Як жа так — прапусціць сяўбу?
Я ж да смертухны быў аратым,
я ж прашуся не на гульбу.

А ў залог вам пакіну кулю,
і — дадому, у Журавы!
Зайду ў двор, абдыму матулю,
пацалую, нібы жывы.

Каментары5

  • Памятайце: Родная мова беларусаў - Беларуская
    26.10.2024
    «бо ўлезе брудная свіння,
    клады разрые сярод дня,
    каб потым рохкаць і крычаць:
    «А продкі вашыя маўчаць?!
    А можа, мову адняло?
    Яе ж у вас і не было…»

    (Беларускі паэт Анатоль СЫС)
  • Пііт
    26.10.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Верш
    26.10.2024
    Анатоль Сыс

    Радзіма пачынаецца з жанчыны.
    Я гэта адчуваў, а ўразумець
    яшчэ не мог — дзіцём шчапаў лучыну,
    каб хворую матулю адагрэць,

    і разам з ёй да позняе гадзіны
    мы слухалі трывожны крыгалом,
    не ведаў я, што грэў тады Радзіму
    і не падманным, а жывым агнём.

Стала вядома, хто ўзначаліў ініцыятыўную групу Лукашэнкі

Стала вядома, хто ўзначаліў ініцыятыўную групу Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі адмовіўся прыняць генсака ААН пасля візіту таго ў Расію19

Самы папулярны гродзенскі сайт спыніў працу4

«Мая каманда рыхтавалася да прэзідэнцкай гонкі». Чэрачань шкадуе, што не зможа стаць кандыдатам у 2025 годзе16

На мяжы магчымасцей: бірманскі пітон цалкам праглынуў аленя ФОТА9

Улады Кыргызстана хочуць памяняць гімн, бо ад цяперашняга «разлятаюцца птушкі»1

У Літве скарачаецца колькасць беларусаў з ДНЖ12

У Расіі яшчэ ёсць небяспечныя баявыя сілы, якіх амаль не закранула вайна — топ-генерал НАТА27

Жыхар Гомеля так паверыў махлярам, што не толькі страціў сваю кватэру, грошы ад яе, але і сам пераехаў у здымнае жытло

J:mors святкуе 25-годдзе. Згадваем топ песень гурта3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, хто ўзначаліў ініцыятыўную групу Лукашэнкі

Стала вядома, хто ўзначаліў ініцыятыўную групу Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →