Навука і тэхналогіі3434

Аналіз ДНК паказаў, што Гітлер меў праблемы палавога развіцця

Кавалак тканіны, вынесены з бункера Гітлера ў першыя дні пасля яго смерці, праз 80 гадоў стаў ключом да разгадкі яго таямніц. Аналіз ДНК пацвердзіў чуткі пра асаблівасці палавых органаў і абверг міфы пра паходжанне дыктатара.

Адольф Гітлер на пікніку. 1933 год. Фота: Heinrich Hoffmann / Hulton Archive / Getty Images

У маі 1945 года, калі саюзнікі спусціліся ў бункер Гітлера, адзін з амерыканскіх афіцэраў адрэзаў кавалак канапы, на якой скончыў жыццё самагубствам Гітлер. Акрываўленая тканіна трапіла ў яго асабістую калекцыю, а затым у Музей гісторыі Гетысберга ў ЗША. У 2019 годзе з яго знялі ўзоры для аналізу ДНК.

Кавалак тканіны з канапы з крывёю Гітлера. Фота: gettysburgmuseumofhistory.com

Заставалася галоўнае: даказаць, што гэта сапраўды кроў Гітлера. Аснова для такой праверкі ўжо існавала. У 2008 годзе бельгійскі журналіст Жан-Поль Мюльдэрс (Jean-Paul Mulders) знайшоў жывога сваяка Гітлера па бацьку. А гэта значыць: іх Y-храмасомы мусілі быць ідэнтычнымі.

Калі даследчыкі параўналі Y-храмасому гэтага сваяка з узорам крыві з тканіны, супадзенне аказалася ідэальным. Улічваючы адсутнасць рызыкі перакрыжаванай забруджанасці, вынік быў адназначны: гэта сапраўды ДНК Гітлера.

Узор, які праляжаў амаль 80 гадоў, дэградаваў роўна настолькі, наколькі і павінен быў. А рэдкі тып Y-храмасомы яшчэ больш зніжаў імавернасць памылкі.

Атрыманыя вынікі аналізу сталі асновай дакументальнага фільма «Hitler’s DNA: Blueprint of a Dictator» («ДНК Гітлера: Код дыктатара»). Пра гэта піша The Telegraph.

Кіраўніца праекта — генетык Туры Кінг (Turi King), якая раней дапамагла ідэнтыфікаваць парэшткі караля Англіі Рычарда III (1483—1485).

У Гітлера быў сіндром Калмана

Ключавая выснова даследавання ў тым, што ў Гітлера быў сіндром Калмана — генетычнае парушэнне, якое перашкаджае нармальнаму палавому сталенню і развіццю палавых органаў. Адсутнасць адпаведнага гена ўплывае на выпрацоўку тэстастэрону, што можа прыводзіць да недаразвіцця геніталій.

Старыя насмешкі пра «анатомію» Гітлера, якія падчас вайны ўспрымалі як прапаганду, раптам аказаліся не толькі праўдзівымі — магчыма, нават прыменшанымі. Паводле медыцынскага агляду 1923 года, які гісторыкі адшукалі яшчэ ў 2015 годзе, у Гітлера было неапушчанае яечка. Па словах вучоных, паколькі ДНК-аналіз выявіў сіндром Калмана, можна казаць пра прыкладна 10‑працэнтную імавернасць і мікрапеніса ў дыктатара.

Некаторыя сведчанні салдат Першай сусветнай вайны, якія зневажалі Гітлера за памер геніталій, укладваюцца ў гэтую карціну.

Гісторык з Патсдамскага ўніверсітэта і кансультант фільма Алекс Джы Кей (Alex J Kay) мяркуе, што гэтае адкрыццё можа тлумачыць незвычайнае і амаль поўнае пагружэнне Гітлера ў палітыку — пры фактычнай адсутнасці асабістага жыцця. Іншыя высокапастаўленыя нацысцкія дзеячы мелі жонак, дзяцей, каханак або каханкаў. Гітлер жа быў адзіным у кіраўніцтве, хто гэтага не меў. 

Адольф Гітлер (крайні праваруч) разам з саслужыўцамі ў 1914 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Міф пра «яўрэйскія карані»

У часы Гітлера існаваў упарты міф: нібыта ягоная бабуля працавала служанкай у яўрэйскай сям'і і зацяжарыла ад гаспадара, таму ў жылах Гітлера магла цячы яўрэйская кроў. Аднак генетычныя даныя цалкам гэта абвяргаюць: ДНК сведчыць, што ягоныя гены — аўстрыйска-нямецкія.

Міф пра «яўрэйскага дзеда Гітлера» працягвае жыць і сёння. У 2022 годзе кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў публічна заявіў, што «ў Гітлера таксама была яўрэйская кроў». Заява была патрэбная яму, каб растлумачыць, чаму Расія называе ўкраінскі ўрад «нацысцкім» — нягледзячы на тое, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сам з яўрэйскай сям’і.

Ці сапраўды ў Гітлера былі шызафрэнія і біпалярка?

У адрозненне ад сіндрому Калмана, які можна дыягнаставаць па адсутнасці аднаго гена, станы кшталту аўтызму, біпалярнасці або шызафрэніі звязаныя з тысячамі генетычных маркераў.

Навукоўцы параўналі геном Гітлера з так званымі палігеннымі ацэнкамі — статыстычнымі паказчыкамі, якія будуюцца на тысячах узораў ДНК. Такія ацэнкі паказваюць, наколькі высокая ў чалавека імавернасць таго ці іншага стану, але не дазваляюць паставіць канкрэтны дыягназ.

Вынікі аказаліся паказальныя: Гітлер трапляе ў вышэйшы працэнтыль па імавернасці аўтызму, мае высокія паказчыкі па маркерах шызафрэніі і біпалярнага разладу. А частка яго генетычных маркераў перакрыжоўваецца паміж гэтымі групамі.

Аднак даследчыкі падкрэсліваюць: мы не ведаем, як гэта праяўлялася ў яго ў рэальным жыцці і ці праяўлялася наогул. Напрыклад, некаторыя сімптомы шызафрэніі ў яго маглі прысутнічаць, але поўная форма гэтага стану была б несумяшчальная з тым аб’ёмам дзейнасці, які Гітлер выконваў як палітычны лідар.

Даследчык аўтызму Кембрыджскага ўніверсітэта доктар Алекс Цампанідзіс (Alex Tsompanidis) заўважае:

«Можна сказаць, што яго біялогія яму не спрыяла. Але ніякі клінічны тэрмін тут непрымяняльны. Мы не можам ведаць і не можам ставіць дыягназы. Інтэлектуальныя працэсы, хутчэй за ўсё, былі закранутыя — і я раблю такую выснову не толькі з генетыкі, але і з яго паводзін».

Дакументальны фільм асцярожна абмяркоўвае магчымы ўплыў акрэсленых асаблівасцяў генетыкі на характар дыктатара: складанасці ў міжасабовых кантактах, перапады настрою, паранаідальнасць, нестандартнае мысленне. Але аўтары падкрэсліваюць, што любыя такія гіпотэзы павінны абмяркоўвацца максімальна асцярожна.

Навукоўцы падкрэсліваюць: генетычныя асаблівасці не робяць чалавека монстрам. Большасць людзей з аўтызмам, біпалярным або іншымі нервова-псіхічнымі разладамі — мірныя і эмпатычныя. Генаў «зла» не існуе.

Яны тлумачаць, што ДНК — гэта толькі фон, на якім сышліся многія іншыя фактары, якія сфармавалі Гітлера як асобу. Да іх адносяцца: траўматычнае дзяцінства, псіхалагічная траўма Першай сусветнай вайны, і галоўнае — грамадска-палітычны кантэкст, які спрыяў яго ўзлёту.

Прафесарка Туры Кінг адзначае, што галоўны вынік даследавання заключаецца ў дэманстрацыі складанасці чалавечай генетыкі:

«Людзі часта думаюць, што ДНК — гэта адказ на ўсё. Але гэта толькі фрагмент агульнай мазаікі. У геноме нельга ўбачыць зло».

Каментары34

  • biology
    13.11.2025
    Як цікава, тут абапірацца на храмасомы ок, але калі тлумачыш некаторым геднарным актывістам, што XX XY і полы розныя, у тых уступае нейкая woke істэрыя.
  • Жвір
    13.11.2025
    Толькі Ева Браўн можа ведаць праўду, што там ды як. Шукайце Еву Браўн !
  • Амаль Эрнст Рюм
    13.11.2025
    Праблемы палавога развіцця, веганін, не любіў жыдоў, сацыяліст, можа ўвогуле гей і Эва была толькі фальшыўкай, неўранестабільны, кантраверсійны мастак з прагрэсіўнымі планамі.

    Як апісанне нейкага соевага ці квір актывіста.

Цяпер чытаюць

Жонка адгаворвала падпалкоўніка ДФР браць хабары, а той казаў «атрымаю палкоўніка — і на пенсію»: першая пенсія прыйшла ўжо на арыштанцкі рахунак

Жонка адгаворвала падпалкоўніка ДФР браць хабары, а той казаў «атрымаю палкоўніка — і на пенсію»: першая пенсія прыйшла ўжо на арыштанцкі рахунак

Усе навіны →
Усе навіны

Павел Севярынец расказаў, што думае пра агента КДБ у шэрагах сваёй партыі Яўгена Дудкіна5

Белы дом апублікаваў кадры з прэзідэнтам Венесуэлы Мадурам пасля яго дастаўкі ў ЗША15

Прадстаўнік «Белпола» заявіў, што ў іх ёсць дэталёвыя планы ўсіх рэзідэнцый Лукашэнкі20

Інфармацыя пра ўдар па маўзалеі Чавэса аказалася расійскім фэйкам4

Фізіка з Інстытута ядзерных праблем асудзілі за палітыку. Ён распрацоўваў мадэлі суперкалайдараў і перакладаў Ubuntu на беларускую8

Навукоўцы НАСА выявілі звышстойкія бактэрыі, якія абышлі стэрылізацыю і могуць выжыць пры палёце на Марс7

Самалёт з Мадура і яго жонкай прызямліўся ў Нью-Ёрку. Мадура вялі з мехам на галаве7

Віцэ-прэзідэнтка Венесуэлы: Ёсць толькі адзін прэзідэнт, і яго імя Нікалас Мадура20

Кітайская кампанія BYD абагнала Tesla і стала найбуйнейшым у свеце прадаўцом электрамабіляў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жонка адгаворвала падпалкоўніка ДФР браць хабары, а той казаў «атрымаю палкоўніка — і на пенсію»: першая пенсія прыйшла ўжо на арыштанцкі рахунак

Жонка адгаворвала падпалкоўніка ДФР браць хабары, а той казаў «атрымаю палкоўніка — і на пенсію»: першая пенсія прыйшла ўжо на арыштанцкі рахунак

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць