Літаратура33

Вішнёў: «Эпатаж — гэта толькі элемент вакол галоўнай ідэі»

Пра раман «Замак пабудаваны з крапівы» інтэрв’ю са Змітром Вішнёвым

Пра раман «Замак пабудаваны з крапівы» інтэрв’ю са Змітром Вішнёвым

«НН»: Гартаючы ваш прасякнуты духам невынішчальнага індывідуалізму раман «Замак пабудаваны з крапівы»… Што вы больш любіце, сябе ў літаратуры, ці літаратуру ў сабе? Што вы хочаце сказаць грамадству?

ЗВ: На жаль, мушу вас расчараваць. Я не абяру ні першы, ні другі адказ. Я не хварэю на зоркавую хваробу. Я проста люблю літаратуру. Што я хачу сказаць грамадству? Пра гэта ёсць у маіх кнігах. Спадзяюся, што мая літаратурная гульня, прынамсі, не робіць людзям аніякай шкоды, што гэтая гульня нават камусьці на карысць. На адным з апошніх сваіх выступаў, які праходзіў на філфаку БДУ, я быў прыемна здзіўлены прыязным стаўленнем аўдыторыі да сваёй сціплай персоны. І што больш за ўсё ўразіла — слухачы былі знаёмыя з маёй творчасцю і некаторыя захапілі з сабой кнігі для аўтографа. Значыць, камусьці мае творы нешта даюць. Што? Трэба запытаць у прыхільнікаў. Я не прэтэндую на ўсеагульную славу — галоўнае мець удзячнага ўдумлівага чытача. Няхай гэтых чытачоў будзе і няшмат.

«НН»: Дзеянне рамана адбываецца ў Нямеччыне, у мастацкай галерэі «Тахелес», рэзідэнтам якой вы з’яўляецся. Што ў вас больш, мастака ці ад літаратара?

ЗВ: Дзеянні рамана адбываюцца не толькі ў Нямеччыне, але і ў Беларусі, Польшчы, Славеніі, Харватыі, Расеі… Сапраўды, галоўны герой Сафа Бурштын з’яўляецца мастаком і літаратарам, і гэты вобраз мне было вымалёўваць у нечым лёгка, бо я і сам у жыцці займаюся літаратурай і жывапісам. Калі браць маю сціплую асобу, у мяне асабіста гэтыя віды творчай дзейнасці не варагуюць. Што да Сафы Бурштына тут пытанні… Ён, у адрозненні ад аўтара, займаецца ў жывапісе не модным цяпер сац-артам — любіць маляваць піянераў, у літаратуры стварае дзіўныя кнігі пра Мінск, кшталту «Хутар Сонца», таму падазраю, што ў яго на гэты конт праблемы існуюць.

«НН»: Шмат хто, з пакалення «Бум-бам-літа» зрабіліся самавітымі літаратарамі, вось Серж Мінскевіч амаль канчаткова кінуў гуляцца ў постмадэрнізм і перакладае Адама Міцкевіча і Юльюша Славацкага, Бахарэвіч кінуў пісаць задзірлівыя вершы, і піша сур’ёзныя раманы, вы ж па-ранейшаму працягваеце біць у «бум-бам-літаўскі» тазік? Навошта?

ЗВ: Даследчыца Катажына Батноўская ўвогуле ўсе 90-я ХХ стагоддзя ў беларускай літаратуры адносіць да пакалення «Бум-Бам-Літ», таму перакананы, што «самавітых літаратараў» нарадзілася шмат. Наколькі я ведаю, Альгерд Бахарэвіч па-ранейшаму піша свае выдатныя вершы. Іншая справа, што ён іх не друкуе, але згадваю за апошні час адзін верш, які быў змешчаны ў ягоным блогу… Што да літаратара Сержа Мінскевіча і наконт заканчэння ягонай гульні ў постмадэрнізм — упэўнены, што ён з гэтым не пагадзіўся б і быў бы абураны. Я не гуляю ў «бум-бам-літы» ўжо досыць даўно… Таму, калі вы хочаце мяне ў нечым абвінаваціць — я падобных правакацыяў не прымаю. Альбо прыходжу да высновы, што вы чыталі мае творы пятнаццігадовай даўніны, або, падазраю, не зразумелі маёй новай кнігі «Замак пабудаваны з крапівы». Ну, што на гэта сказаць? Я і не разлічваў на тое, каб новы твор быў усім даспадобы. Але мушу вас запэўніць: тыя, каму ён прыдаўся да душы, таксама ёсць.

«НН»: Ваша творчасць заўсёды вылучалася эксцэнтрычнай падачай, эпатажам. Вам не стае друкаванага аркуша?

ЗВ: Наконт эпатажу, інсінуацыі, правакацыі. Я заўсёды лічыў і лічу, што гэта толькі элементы вакол галоўнай ідэі. І ніколі ў сваёй творчасці не скочваўся да аголенага эпатажу — заўсёды імкнуўся за гэтым прыхаваць нешта больш істотнае, важкае… С вамі падзяліцца аркушамі? У рэдакцыях газетаў крызіс з паперай? (усміхаецца)…

«НН»: Мінск поўніцца чуткамі пра вашы шматлікія прыгоды і феерычнае жыццё. Гэта таксама вашая творчасць? На вашую думку як творцы, паміж жыццём і творчасцю ёсць розніца?

ЗВ: Дарэчы, на гэты конт ёсць разважанні ў рамане. Працытую… У дзесятай частцы я разважаю наконт думак Франсуа Марыяка: «Так, Марыяк прызнаваўся, што не чытаў і не збіраецца чытаць мастацкія творы Кафкі. А што да асобы аўтара, дык наадварот. Марыяк вельмі цаніў ягоныя «Дзённікі» і «Лісты». Нешта ў гэтым ёсць. А некаторыя сцвярджаюць, што аўтар памірае, а творы ягоныя застаюцца. Дык не — Марыяк узводзіць аўтара ў ранг мастацкага твора, і з гэтым ты пагаджаешся». У прынцыпе, я не прыхільнік таго, каб блытаць аўтара з героем, выпісаных у ягоных творах, але калі браць у разлік «Замак пабудаваны з крапівы» — тут выглядае ўсё інакш. Бо тут ідзе татальная постмадэрнісцкая гульня, якая ставіць на мэце заблытаць чытача, паздзеквацца з яго. Даволі часта чытач не можа зразумець, дзе рэчаіснасць, а дзе фантазія? І гэтым фактам я задаволены, спадзяюся, што большасць, прачытаўшых кнігу, зразумеюць падобныя інтэлектуальныя правакацыі і не будуць расчараваныя.

Новы раман Змітра Вішнёва ў траўні будзе прэзентаваны на двух міжнародных фестывалях: у межах літаратурнага фэстывалю «Кіеўскія лаўры» і 18 траўня на арт-фэсце «Дах 10» у мастацкім доме «Тахелес» (Берлін, Нямеччына).

Зміцер Вішнёў. Нарадзіўся ў 1973 г. у Дэбрэцэне (Венгрыя), вывучаў філалогію і журналістыку ў Мінску і Маскве. Піша вершы, прозу, займаецца жывапісам і перформансам. Аўтар кніг: «Штабкавы тамтам» (1998), «Тамбурны маскіт» (2001), «Трап для сусліка, альбо Некрафілічнае даследаванне аднаго віду грызуноў» (2002), «Верыфікацыя нараджэння» (2005), «Фараон у заапарку» (2007). Колішні ўдзельнік суполкі «Бум-Бам-Літ».

Каментары3

Цяпер чытаюць

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж17

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж

Усе навіны →
Усе навіны

Пасля 14‑ці гадоў працы ў цэнтры Мінска закрываецца бар «Бяссонніца»

Беларусь на 27‑м месцы ў Еўропе па кошце найдаражэйшай кампаніі ў краіне2

Трамп: ЗША не будуць атакаваць Іран да выбараў

У Мінску ёсць крама, у якой можна цалкам апрануцца нават за 100 рублёў

Пад Брэстам 17‑гадовага хлопца засмактала ў вентыляцыйную трубу. Ён загінуў6

Крэмль апублікаваў сумесныя ФОТЫ Пуціна і Герхарда Шродэра1

Былы палітвязень Бандарук, зацяты крытык дэмакратычных сілаў: Я ненавіджу беларускую мову77

Віталь Клічко прапанаваў тым жыхарам Кіева, у якіх ёсць магчымасць гэта зрабіць, выехаць з горада2

Павел Шурмей агучыў пытанні каліноўцаў адносна спецроты «Воля»11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж17

Дэпутатка, якая рыхтуе прыгажунь для Лукашэнкі, выйшла замуж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць