«Узрушвае падтрымка беларусаў». Былы палітвязень Дзмітрый Кучук, які прасіў дапамогі, набыў бус і з’язджае з прытулку
Былы палітзняволены Дзмітрый Кучук папрасіў з 27 кастрычніка спыніць збор сродкаў для ягоных патрэб, абвешчаны два тыдні таму. Дзмітрый патлумачыў «Радыё Свабода» прынятае рашэнне тым, што сабраў дастаткова грошай для развязання часовых праблем з жытлом. На дапамогу Кучук прасіў сабраць 2800 еўра.

«На сёння мне сабралі больш за 2200 еўра. Падлічыў, што гэтага будзе дастаткова на пару месяцаў арэнды новага жылля і на ежу. Але я не адзіны, хто мае патрэбу ў такой дапамозе праз сайт BySol, там мусіць быць ратацыя. Мне ж дастаткова, далей спадзяюся на ўласны бізнэс, таму напісаў заяву аб спыненні збору. А ўсім, хто мне дапамог сваімі сродкамі, вельмі ўдзячны. Убачыў пэўную падтрымку ад беларусаў, яна сапраўды ўзрушвае», — сказаў Дзмітрый Кучук.
Дзмітрый Кучук ужо год як жыве ў Вільні. Сёлета ён распачаў уласны бізнэс: ягоная фірма Waste Line занялася зборам старой бытавой тэхнікі і смецця, каб здаваць на ўтылізацыю. Але працаваць на літоўскім рынку збору адкідаў аказалася няпроста, Кучук сутыкнуўся з фінансавымі цяжкасцямі.
«У мяне не было пачатковага капіталу, а выдаткі наваліліся вялікія. На тую ж арэнду транспарту, без якога немагчымы збор адкідаў, ішла значная частка заробленых грошай, а яшчэ трэба плаціць падаткі. Праз гэта ў канцы верасня мусіў з’ехаць з былой кватэры ў прытулак», — тлумачыў Дзмітрый Кучук, чаму BySol абвясціў для яго збор фінансавай дапамогі.
З таго часу Дзмітрый змог вырашыць адну з найважнейшых для бізнэсу праблем — ён знайшоў сродкі і купіў мікрааўтобус, які ўжо выкарыстоўвае для збору адкідаў.
«Прыйшоў на дапамогу адзін польскі бізнэсовец: даў у крэдыт на год грошы, і бус цяпер мой. Гэта дапаможа скараціць выдаткі. Бус ужо ў працы», — паведаміў Дзмітрый Кучук.
Паводле яго слоў, яму таксама дапамаглі аднадумцы з беларускай партыі «Зялёныя», а яшчэ ахвяраванні яму пералічылі экалагічныя актывісты сумеснага са шведскімі «зялёнымі» экалагічнага праекта «Паглыблены дыялог», якія працуюць у Вільні.
«Узрушвае такая падтрымка, прычым не толькі грашовая, але і маральная: мне званілі і пісалі словы салідарнасці вельмі шмат людзей, нават з Амерыкі былі лісты», — кажа Дзмітрый Кучук.
30 кастрычніка ў Кучука заканчваецца тэрмін дамовы аб жыхарстве ў шэлтары «Краіна для жыцця», куды ён перабраўся, каб ашчаджаць. Былы палітзняволены кажа, што ўжо вызначыўся з новым жытлом і неўзабаве туды пераедзе.
Увогуле пра месяц, праведзены ў прытулку, Дзмітрый Кучук адгукаецца з вялікай удзячнасцю. Паводле былога палітвязня, удалося не толькі ашчаджаць грошы, але і займець карысныя знаёмствы.
«Там добрая атмасфера. А наш беларус, у якога была СТА ў Мінску, дапамог з выбарам буса і ацэнкай ягонага стану. Цяпер заключаем з гэтым чалавекам дамову на далейшае тэхнічнае абслугоўванне машыны», — паведаміў Дзмітрый Кучук.
Па словах былога палітвязня, беларуская салідарнасць, якую ён адчуў, калі сутыкнуўся з жыццёвымі цяжкасцямі, дапамагае таксама захоўваць душэўную раўнавагу і аптымістычны настрой.
«У эміграцыі вельмі важна адчуваць сябе карысным, патрэбным людзям. З’яўляюцца сілы не толькі для працы, але і для грамадскай актыўнасці», — тлумачыць лідар ліквідаванай уладамі Беларусі партыі «Зялёныя», якая і ў эміграцыі працягвае дзейнасць.
Дзмітрый Кучук быў затрыманы ў Мінску 16 лютага 2024 года, пасля таго, як публічна спрабаваў ушанаваць памяць памерлага ў вязніцы расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. У снежні таго ж года Кучука асудзілі на 6 гадоў зняволення паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса, уключна з артыкулам 342 — пра ўдзел у «дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Актывіст адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 9 у Горках, адкуль быў вызвалены 11 верасня 2025 года і разам з яшчэ 50 былымі палітвязнямі прымусова вывезены ў Літву.
Былы палітвязень і экс-кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук адкрыў бізнэс у Літве
Кучук: Я два разы плакаў у камеры наўзрыд, каб зняць псіхалагічную напругу
«Хацеў даказаць, што буду жыць, як хачу». Былы палітвязень Кучук расказаў, як змагаўся ў турме супраць «нізкага статусу»
Лідар Партыі зялёных расказаў, як яго катавалі ў СІЗА і калоніі
Колькі заставалася сядзець дэпартаваным палітвязням?
Цяпер чытаюць
Дарадца прэзідэнта Польшчы пракаментаваў зварот Калеснікавай і Золатавай: Лукашэнка выпускае некалькі дзясяткаў вязняў, а на наступны дзень затрымлівае новых
Каментары