Расійскага падпалкоўніка пасадзілі на 21 год за фэйкавыя відэа пра «подзвігі» і арганізацыю самастрэлаў дзеля атрымання выплат
Санкт-Пецярбургскі гарнізонны вайсковы суд прысудзіў да 21 года калоніі строгага рэжыму падпалкоўніка расійскіх Узброеных сіл Канстанціна Фралова, вядомага пад пазыўным «Палач». Яго прызналі вінаватым у незаконным абароце зброі і боепрыпасаў, хабарніцтве і махінацыях з баявымі раненнямі. Таксама яго пазбавілі вайсковага звання падпалкоўніка, піша The Moscow Times.

Канстанцін Фралоў раней узначальваў групу спецыяльных аперацый 83‑й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады расійскіх войскаў. Ён з'яўляецца сынам Алега Фралова, былога намесніка генеральнага дырэктара «Раскосмаса» па дзяржаўнай праграме ўзбраенняў, якога абвінавацілі ў крадзяжы сродкаў пры закупцы абсталявання.
Паводле матэрыялаў справы, Канстанцін Фралоў стварыў у зоне баявых дзеянняў групу больш як з 30 чалавек, каб незаконна атрымліваць грошы. Яе ўдзельнікі інсцэніравалі баявыя подзвігі дзеля дзяржаўных узнагарод і грашовых выплат, здымалі пастановачныя відэа і выдавалі іх за сапраўдныя баявыя эпізоды.
У снежні 2023 года яны знялі ролік, у якім нібыта падарвалі на фронце калону тэхнікі. У студзені 2024‑га з'явілася відэа, якое імітавала напад украінскіх дронаў на групу Фралова. Некаторыя падробленыя сюжэты трапілі на федэральныя расійскія тэлеканалы, дзе расказвалі пра няісныя подзвігі расійскіх вайскоўцаў.
Следства высветліла, што ўдзельнікі групы фальсіфікавалі і раненні. Яны ўстаўлялі падрыхтаваныя аскепкі боепрыпасаў у розныя часткі цела, імітуючы баявыя траўмы. Часам у гэтым удзельнічалі медыкі. Акрамя таго, вайскоўцы стралялі адзін у аднаго, каб атрымаць сапраўдныя раненні і прэтэндаваць на выплаты.
Адзін з тэлевізійных сюжэтаў быў прысвечаны нібыта ўнікальнай снайперскай групе пад кіраўніцтвам «Палача». У ім сцвярджалася, што пасля сёмага ранення афіцэр нібыта адмовіўся ад рэабілітацыі і вярнуўся на фронт дзеля пачуцця вайсковага абавязку.
Сам Фралоў, праўда, атрымаў і сапраўднае раненне падчас спробы зняць пастановачнае відэа. На палігоне ён кідаў гранату ў бліндаж, але боепрыпас адскочыў ад сцяны назад да яго ног і ўзарваўся. У верасні 2023 года яму таксама стрэлілі ў перадплечча з аўтамата АК-12 з глушыцелем з адлегласці каля паўметра. Паводле матэрыялаў справы, гэтае пашкоджанне было нязначным.
Акрамя таго, Фралоў стварыў фіктыўную групу для выпрабавання новых мадэляў дронаў, якая карысталася выдуманымі назвамі «Сатурн-туман ВП» і «Бізон ВП». Удзельнікі групы таксама набывалі трафейную агнястрэльную зброю і выбуховыя рэчывы. Частку зброі, паводле матэрыялаў справы, дарылі высокапастаўленым чыноўнікам. Сам Фралоў сцвярджаў, што некаторыя прадметы перадалі, у тым ліку, парку «Патрыёт» пад Масквой.
У выніку суд, акрамя вынесенага 21‑гадовага тэрміну зняволення, пазбавіў Фралова чатырох ордэнаў Мужнасці, медаля «За адвагу» і медаля ордэна «За заслугі перад Айчынай» II ступені. Сам асуджаны звязваў крымінальную справу з абвінавачаннямі, выстаўленымі супраць яго бацькі.
Баец расійскай ПВК выкраў ваенкара, які пісаў пра іх кампанію, і трымаў у закапанай труне
Восем тысяч удзельнікаў вайны асудзілі ў Расіі па крымінальных артыкулах
Расійскія вайскоўцы стралялі адзін у аднаго дзеля выплат і ўзнагарод за раненні
Расійскага генерала Папова з турмы адправяць штурмавіком на фронт. Яго пасадзілі пасля крытыкі Мінабароны
Каментары