У былога кіраўніка нямецкай разведкі, арыштаванага па справе аб дзяржаўнай здрадзе, выявілі рак крыві
Цяпер 80‑гадовы Ханінг знаходзіцца ў адзіночнай камеры следчага ізалятара ў Мюнстэры.

Былы кіраўнік Федэральнай разведвальнай службы Германіі Аўгуст Ханінг, арыштаваны па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе, хворы на лейкемію, піша Bild.
Цяпер 80‑гадовы Ханінг знаходзіцца ў адзіночнай камеры следчага ізалятара ў Мюнстэры. Дыягназ яму паставілі каля года таму. Абарона Ханінга дамагаецца яго вызвалення з-пад варты па медыцынскіх паказаннях.
Ханінга затрымалі 6 кастрычніка ў яго доме ў федэральнай зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія. Генеральная пракуратура Германіі падазрае яго ў дзяржаўнай здрадзе, зборы дзяржаўных сакрэтаў і разведвальнай дзейнасці.
Паводле версіі следства, былы супрацоўнік BND Манфрэд Д. з 2022 года за грошы перадаў Ханінгу каля дзвюх тысяч сакрэтных дакументаў. Адвакат былога кіраўніка разведкі пацвердзіў, што ў яго падабароннага былі канфідэнцыйныя матэрыялы, аднак адхіліў сцвярджэнні пра тое, што яны маглі нанесці шкоду Германіі.
Паводле інфармацыі BILD, адвакаты Ханінга падалі скаргу ў Федэральны вярхоўны суд, прыклаўшы медыцынскае заключэнне аб яго захворванні.
Абарона сцвярджае, што ва ўмовах следчага ізалятара немагчыма забяспечыць неабходнае лячэнне. Раней Ханінг знаходзіўся пад пастаянным наглядам гематолагаў, меў патрэбу ў рэгулярных аналізах крыві і карэкціроўцы медыкаментознага лячэння. Акрамя таго, кожныя некалькі дзён яго возяць на дыяліз.
На наступным тыдні суд павінен разгледзець пытанне аб далейшым утрыманні Ханінга пад вартай.
Каментары
Як мафіозі нарэшце заловяць, ён стары, хворы і патрабуе паблажкі. Глядзіце, яго жыццё пакарала... Не, трэба сажаць.