Новы гатэль з’явіцца ў Мінску на вуліцы Інтэрнацыянальнай насупраць кінатэатра «Перамога». Гатэль «Гарнье» адкрыецца ў будынку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XIX стагоддзя.Ужо цяпер можна з упэўненасцю прагназаваць, што гатэль у старой частцы беларускай сталіцы не будзе пуставаць. Яго размяшчэнне ва ўтульным старадаўнім квартале — несумнеўны козыр для турыстаў. Бо адсюль рукой падаць да ўсіх гістарычных помнікаў Верхняга горада.
Дарэчы, з’яўленне гатэля ў гэтым будынку ані не здзіўляе, калі ўспомніць яго гісторыю. Менавіта тут, у доме па вуліцы Праабражэнскай, 8 (цяперашняя Інтэрнацыянальная, 11), у XIX стагоддзі знаходзіўся гатэль Суціна. У ім было 33 нумары.
Помнік архітэктуры, які будзе пераўтвораны ў гатэль, рэканструяваны. Выгляд будынка цалкам захаваны, а ўсярэдзіне ствараюцца інтэр’еры ў стылі XIX стагоддзя.
— Уладальнікі гатэля падышлі з вялікай адказнасцю да працэдуры сертыфікацыі, пачаўшы супрацоўніцтва з нашай арганізацыяй яшчэ на стадыі праекта, — адзначае начальнік сектара сертыфікацыі паслуг Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі Таццяна Смірнова.
Інстытут праводзіць ацэнку адпаведнасці праектаў гатэляў патрабаванням стандартаў да адпаведнай катэгорыі як на стадыі праектавання, так і на стадыі будаўніцтва, і ў дадзеным выпадку спецыялісты інстытута мелі магчымасць назіраць за «нараджэннем» новага гатэля літаральна з нуля. Паколькі гатэль у гістарычным цэнтры «нараджаецца» па ўсіх правілах, то ў «Гарнье» ёсць шанцы атрымаць сертыфікат адпаведнасці і катэгорыю «тры зоркі» неўзабаве пасля афіцыйнага адкрыцця.
Бо згодна з патрабаваннямі стандарту, пры гатэлях, якія прэтэндуюць на тры і больш зоркі, абавязкова павінная быць ахоўная аўтастаянка.Адзіная праблема, якая можа паўстаць, — забяспечанне паркавальных месцаў для аўтамабіляў наведнікаў.
— Думаю, яны з дадуць гэтаму рады, — кажа Таццяна Смірнова. — Бо паводле стандарту, гатэлю неабходна забяспечыць месца паркоўкі для транспарту 20% пастаяльцаў. А паколькі ў гатэлі будзе 50 нумароў, дастаткова забяспечыць усяго 10 паркавальных месцаў. Зрэшты, праблемы з паркоўкамі — не адзіна беларуская праблема, адзначае эксперт. З тымі ж складанасцямі сутыкаюцца і шматлікія еўрапейскія гатэлі, размешчаныя ў гістарычных цэнтрах.
Нагадаем, што нядаўна гарадскія ўлады абвясцілі пра ператварэнне вуліцы Камсамольскай ў пешаходную. А новы гатэль размешчаны на рагу Інтэрнацыянальнай і Камсамольскай. Так што, выйшаўшы на вуліцу, пастаяльцы змогуць павольна прагуляцца па ўтульнай турысцкай вулачцы.
Уласнік новага гатэля — ААТ «Мінатэль». Гэтаму прадпрыемству належаць і іншыя сталічныя гатэлі — «Спадарожнік» і «Беларусь».
Каментары