Мова2626

Не крытыкуйце звопалу (і згопалу)

Варта было «Нашай Ніве» ўжыць гэтым летам слова «опал», як падцягнуліся запісныя крытыкі: што за слова, прэч, далоў!

А самыя патрыятычныя прасціралі рукі да неба: «Што зрабілі з &laquoНашай Нівай»? Купала і Кандрат Лейка ў трунах перавяртаюцца. Прыбярыце гэты опал!»

Між тым гэтае слова любасна ўжывалі два такія захопленыя мовай аўтары, як Васіль Сёмуха і Ніна Мацяш.

«Ну, ведаеце, — пачала мамка, — так вось згопалу неяк і не патрапіш сказаць, бо… бо яны не ўсюды пахнуць аднолькава, хоць усюды пахнуць хораша», — пісаў у перакладзе «Парфумы» Патрыка Зюскінда перакладчык родам з Пружанскага раёна Сёмуха.

І гэты выраз адзін з самых тонкіх цаніцеляў літаратуры Ян Максімюк аднёс да спісу Сёмухавых «перакладчыцкіх прыгажосцяў».

Ніна Мацяш прыводзіць гэтае слова ў слоўнічку мовы роднай вёскі Нівы (Бярозаўскі раён), які яна надрукавала ў «Нашай Ніве» незадоўга да сваёй такой заўчаснай і такой выпакутаванай смерці.

«Зго́палу — зьнянацку, раптоўна, нечакана. Прыклад: «Індык як наляціць ззаду на плечы, дык я згопалу ледзь не ўмлела».

Дарэчы, «Наша Ніва» з вялізнай радасцю публікавала б такія слоўнічкі і зараз. І не толькі слоўнічкі вёсак, а і слоўнічкі асобных людзей, сямей.

Сёмуха і Мацяш ужывалі гэтае слова ў перакладах з Дзюрэнмата, Гайма, Гесэ, Чарына…

«Вось так, згопалу, у Маскву? З невядомым чалавекам?» — пісала Наталка Бабіна (родам з Берасцейскага раёна) ў апавяданні «Грошы ёсць дакументам».

«Сяброўскія крыўды — як герпес. Выскокваюць згопалу і ў нечаканых месцах», — піша блогер Rycyna.

Але ж яны пісалі «згопалу», а вы — «опал», скажа мой крытыкан, перайшоўшы з атак «Тамагаўкамі» да пазіцыйнае абароны.
Сёмухаўскае «згопалу» ад таго сама опалу і паходзіць. А тое «г» там з’явілася проста таму, што слова аўтары ўзялі з народнай гаворкі, а не са слоўнікаў, якія ў нас застаюцца фатальна недаробленымі.

У гаворках Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны месцамі сустракаецца гэтае прыстаўное «г»: «гочы» замест «вочы», «гэндэ» замест «вунь дзе» і нават «Гандрэй» замест «Андрэй».
Гэта не ўкраінская рыса, як многія думаюць. У літаратурнай украінскай мове будзе «очі», «Андрій», «зопалу». А «гэканне» цягнецца паласой з-пад Вінніцы пад Горадню, праз беларуска-ўкраінскую моўную мяжу — гэта след нейкай даўняй племянной міграцыі. Вось адкуль гэтае «г» у харошым палескім рэгіяналізме «згопалу».

Як правільна павінна адаптаваць гэтае жывое слова літаратурная норма мовы: «зопалу» ці «звопалу»?
Магчыма, мовазнаўцы ў каментах да гэтага артыкула грунтоўна адкажуць. У мове ёсць словы-выключэнні, дзе не з’яўляецца прыстаўное «в»: напрыклад, одум, наогул. Але ў большасці з’яўляецца «в»: вочы, вокны, увогуле.

«Опал» — гэта спёка, вялікая спёка, сквар. «Опал» у іншым значэнні — гэта таксама тое самае што «апал», дровы на пратопку. А «звопалу» — гэта значыць «згарача», «у гарачцы», але і можа ўжывацца з трохі іншым адценнем: раптоўна, нечакана, знянацку, знячэўку.

Не выкідайце ж словаў з нашай мовы звопалу. І ўвогуле нічога не рабіце звопалу.

Каментары26

Рэдкі выпадак: памілаваны беларускі палітвязень пайшоў на вайну супраць Украіны16

Рэдкі выпадак: памілаваны беларускі палітвязень пайшоў на вайну супраць Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Сібіга: У дзень нараджэння Пуціна расійскія генералы паднеслі яму ягоны любімы падарунак3

42‑гадовага Дзмітрыя Бакея асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Аляксандра Таратуту, якога тры гады таму асудзілі за забойства трохгадовага сына, расстралялі14

Новыя магістралі і мост цераз Дразды. Якой будзе дарожная сетка на поўначы Мінска

Статкевіч: Сапраўдная мэта вайны ва Украіне — ліквідацыя ўкраінцаў як нацыі24

У звычайным мінскім шматпавярховіку хаваецца сапраўдны палац. У яго рамонт уклалі мільёны13

Кіраўнікоў рэгіянальных КДБ і КДК будуць абавязкова ўключаць у склад аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама7

ЗША заклікалі сваіх грамадзян неадкладна пакінуць Расію праз магчымую ўспышку чумы5

Выдаўца Ігара Логвінава абвясцілі ў вышук

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рэдкі выпадак: памілаваны беларускі палітвязень пайшоў на вайну супраць Украіны16

Рэдкі выпадак: памілаваны беларускі палітвязень пайшоў на вайну супраць Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць