Гісторыя77

Анатоль Сідарэвіч. Што ўбачым і пачуем у Шчучыне?

Сёлета 7 верасня ў Заслаўі было абвешчана, што наступны Дзень нашага пісьменства адбудзецца ў Шчучыне. Іваноўскі, Стацкевіч, Цётка — гэтых ураджэнцаў Шчучыншчыны трэба абавязкова ўшанаваць на Дні пісьменства — 2015.

Шчучын — удалы выбар. З гэтага свята, як і з ганцавіцкага ды глыбоцкага, можа атрымацца памятная падзея.

Калі вядзеш гаворку пра Шчучынскі раён, першае імя, якое прыходзіць на памяць, — Цётка. Паэтка, рэдактарка часопіса для падлеткаў «Лучынка», заснавальніца першых беларускіх школ…

Алаіза Пашкевіч, вядомая пад сваім паэтычным псеўданімам Цётка.

Яна ў літаральным сэнсе слова жыццё сваё паклала за свой люд. Памерла, ратуючы параненых і хворых у час Першай сусветнай.

Мы павінны памятаць, што панна Алёйзія Пашкевічанка, дачка багатага, але, як сведчыў Антон Луцкевіч, малакультурнага шляхціца, прыйшла, а дакладней вярнулася, да свайго народа, звярнулася да яго мовы пад уплывам сына іншага багатага шляхціца — Вацлава Іваноўскага.

Ніхто ніколі не скажа, як так сталася, што падлетак Вацюк Іваноўскі, сын цывільнага генерала, адчуў сябе беларусам. І сваю беларускасць гэты хлапчук не саромеўся дэманстраваць у V варшаўскай гімназіі, якая дала не аднаго вядомага дзеяча польскай дзяржавы.

Не зафіксавана, дзе паніч Іваноўскі і панна Пашкевічанка сустрэліся першы раз. Ва ўмовах паліцэйскага рэжыму шляхта і шляхецкая моладзь выкарыстоўвала для сустрэч і абмеркавання мясцовых і нацыянальных праблем такія нагоды, як хрэсьбіны, імяніны, вяселлі.

Вацлаў Іваноўскі.

Не выключана, што Вацлаў Іваноўскі і Алёйзія Пашкевічанка сталі сябрамі пасля аднае з такіх сустрэч. І калі панна Алёйзія пасля вучобы ў Вільні паехала вучыцца ў Пецярбург, там ужо была калонія моладзі з Віленскай губерні, якая пад кіраўніцтвам Вацлава Іваноўскага пачала ствараць першую беларускую палітычную партыю.

Там, у Пецярбургу, у 1902 годзе быў заснаваны і Круг беларускай прасветы і культуры.

Панна Алёйзія, стаўшы беларускай, наварочвала ў сваю новую веру іншых маладых людзей. Так было з Феліксам Стацкевічам. Гэты малады бунтар, атрымаўшы дазвол зноў жыць у сталіцы імперыі, увосень 1902 года ад знаёмага студэнта-паляка з карэннай Польшчы даведаўся, што сярод студэнтаў ёсць група беларусаў. Гэты ж паляк і пазнаёміў яго з беларусамі. «Са здзіўленнем, — успамінаў Стацкевіч, — я ўбачыў сярод іх сына аднаго ўласніка недалёкага ад Шчучына маёнтка — паляка Іваноўскага. Яны тлумачылі, што польская шляхта на Беларусі — гэта спольшчаныя беларусы. Я лёгка згадзіўся з імі і з таго часу стаў беларусам».

Калі аўтар першага беларускага лемантара ХХ ст. Вацлаў Іваноўскі быў першым беларускім кнігавыдаўцом, заснавальнікам славутай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца», дык будучы дырэктар Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францішка Скарыны, старшыня Таварыства беларускай школы і адзін з заснавальнікаў часопіса «Беларускі летапіс» Фелікс Стацкевіч у бурныя дні рэвалюцыі 1905—1907 гг. трымаў нелегальную друкарню Беларускай Сацыялістычнай Грамады на Гандлёвай вуліцы ў Менску.

Фелікс Стацкевіч трымаў беларускую падпольную друкарню.

Аганёк (такая была партыйная мянушка Стацкевіча) надрукаваў тысячы ўлётак.

…Праз год на радзіме Вацлава Іваноўскага і Фелікса Стацкевіча будзем святкаваць Дзень беларускага пісьменства.

Каментары7

Цяпер чытаюць

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 17

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 

Усе навіны →
Усе навіны

Германія запатрабавала скараціць праект бюджэту ЕС на сотні мільярдаў еўра. З бюджэту ЕС фінансуецца і беларуская культура19

Віктар Пракапеня зарэгістраваў у Польшчы яшчэ адну кампанію6

Незвычайнае кафэ адчынілася ў Мінску. У ім трэба самому запарваць сабе «ролтан»3

У Мінску пабудуюць тры флагманскія медыцынскія цэнтры

Не толькі Geely. Якія яшчэ кітайскія аўто сталі папулярныя ў Беларусі6

Сезон у НХЛ пачнуць пяцёра беларускіх хакеістаў

Нямецкага футбаліста атруціў яго аднаклубнік. Магчыма, праз рэўнасць

Зяленскі: Расія фактычна пачала дадатковую мабілізацыю2

Амерыканскія войскі цалкам пакінулі Ірак1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 17

«Твой дзень надыдзе». Фінскія фанаты на матчы са зборнай Беларусі разгарнулі антылукашэнкаўскі банер 

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць