Літаратура1111

Ганна Севярынец. Мае хлопцы. Апавяданне 

Часам мне падаецца, што я хутка выб’юся з розуму.

Не, а што б вы казалі пра цётку, якая выкручвае галаву ў 29-м аўтобусе, калі ён павяртае з Камуністычнай на Купалы, каб паглядзець, ці надзеў Багдановіч шалік.

Не, я не жартую, далібог. Еду неяк у дваццаць дзявятым, свядома еду, па дарослых журналісцкіх справах, кастрычнік, холад, пранізлівы вецер чакае мяне на наступным прыпынку, але я пакуль што не думаю пра прыпынак, я спрабую разгледзець праз акно, як там Багдановіч. Вунь-­вунь, шэрае паліто за дрэвамі сквера, во нягоднікі, куды помнік запёрлі, раней было куды лепш: зірнуў у акно — вось ён. Нарэшце бачу знаёмую постаць, і першае, інстынктыўнае, несвядомае жаданне — выскачыць прыпынкам раней і збегаць да Максіма пазашпільваць яму гузікі, бо я ж ведаю: стаіць там, як заўсёды, расхрыстаны, а ў хлопца ж сухоты!

І справы мне, што архітэктар усе гузікі і без мяне пазашпільваў, робячы з сапраўднага Максіма, больш занятага вершамі, чым уласным выглядам, шляхетнага грамадзяніна для галоўнага помніка. Я проста ведаю, што Максіму ўсё ягонае сіроцкае жыццё не ставала жаночай рукі, а я — ёсць, і рукі ў мяне ёсць, і Максім — вунь ён, стаіць.

І зноў жа не жарт, а суворая праўда жыцця: тэлефануе неяк сяброўка — маўляў, даўно не сустракаліся, пайшлі па кубачку кавы сербанём. А я мыкаю ў слухаўку і не магу ёй сказаць, што насамрэч якраз на сёння мы з Бабарэкам дамовіліся наконт «Узвышша» тое-­сёе перацерці. Гэта звонку выглядае, нібыта я проста чытаю таўшчэзны том са збору твораў, гэта мы канспіруемся з ім, каб людзі чаго благога не падумалі. А папраўдзе якраз сёння ўранку я сказала яму: «Гэй, Адаме, ну колькі ж можна, калі ты ўжо мне распавядзеш, як там усё было» — і ён мне ў адказ: «Пані Ганна, сёння — і ні днём пазней».

Гэта толькі ў вас там у падручніках яны ніколі не сустракаліся разам, Купала, Багдановіч і Дубоўка. У мяне яны сустракаліся, і яшчэ як!

Во гэта была вечарына: выкшталцоны шляхетны Купала, размаўляе павольна, спакойна, граматычна дасканала, смакуючы дзеепрыметныя звароты і розныя складаназлучанасці; гучнагалосы Дубоўка са сваёю шырокай і бурнай, сакавітай, неабсяжнай мовай — і Максім, радасна ўсхваляваны, шчаслівы аднадумцамі, са стараннымі «дж» і «дз», акуратнымі, ладна пабудаванымі сказамі і ледзь чутнымі паўзамі між словамі — успамінае, падбірае, узважвае. П’юць, канечне: Купала — віно, Дубоўка, зразумела, гарэлку, Багдановіч — сваю гарбату, абавязкова каб без цукру. Не, Валодзя панастойваў, канечне, пажартаваў, пляснуў сябра па плячы, але хутка адвязаўся, бо гэтаму Багдановічу, браткі, і гарэлкі не трэба, так рагоча. Гэта ён на людзях ціхі, а са сваімі — агонь. Гадзіну балююць, другую, Купала гальштук расслабіў, Дубоўка ўжо песню зацягнуў, Багдановіч — ну падпяваць, ні слыху ні голасу, але ж кулаком па калене пастуквае, рытм трымае. Раніцой на вуліцу выйшлі. Хутка сонца ўстане. Куды ж яно дзенецца.

Карацей кажучы, напэўна, я ўсё ж такі не зусім здаровая па медыцынскіх мерках. У наяўнасці — праблемы з успрыняццем рэчаіснасці і прасторава-­часавая шызафрэнія.

Але ад таго, што я паставіла сабе дыягназ, мне не лепш. Бо яна не адступае, гэтая ці то тэле­, ці то эм­патыя. Ні ў якіх абставінах.

Я, напрыклад, сапраўды адчуваю, як пахне у той камеры ў Бутырцы, дзе мае хлопцы сустрэліся, Дубоўка з Бабарэкам.

Раней такія гісторыі патыхалі сырым сенам і восеньскім дажджом, бо менавіта так пахла на паштовай станцыі Залазы ў той вечар, калі Пушкін раптоўна сустрэўся з вязнем Шлісельбурга, ліцэйскім сваім таварышам, дзекабрыстам Кюхельбекерам, якога этапавалі ў Сібір («Мы кінуліся адзін адному ў абдымкі. Жандары нас расцягнулі. Фельд’егер узяў мяне за руку з пагрозамі і лаянкай — я яго не чуў. Кюхельбекер апрытомнеў»). Цяпер гісторыі патыхаюць інакш.

З кута — ажно вочы рэжа — цягне выпаражненнямі, і я ледзь магу прызвычаіцца, і пачынаю плакаць, бо вочы страшэнна баляць і дыхаць немагчыма, і не тое каб проста фізічна немагчыма, а ў дадатак яшчэ сорамна і зневажальна. І тады нейкі агромністы дзядзька, збіты, худы, але відавочна «свой», туліць мяне да грудзей, і я дыхаю ягонай кашуляй, таксама не фіялкі, але ўсё ж лепей. Я забіраюся некуды ў кут, на нейкія анучы ці што там, кажу: «Уладзімір Мікалаевіч, пакуль я побач, дайце хоць падцырую што, якія гузікі падшыю», — і ён пачынае бязгучна, але заразліва рагатаць, і тут зноўку расчыняюцца дзверы, і ўваходзіць… Не, тое немагчыма! Адаме, браце! Яны кідаюцца адзін адному ў абдымкі. Бабарэка надзеты ў нейкае абы­што, усё гэтае рыззё распаўзаецца на целе, і, калі ён сядае побач, я бачу на ягоных грудзях акурат паверх зоркі, выпаленай катамі ў польскім палоне, сінія шнары ад нашага ўжо, савецкага катавання — такія шнары пакідае гумавы шланг, калі біць ім наводмаш. Яны размаўляюць, але я амаль нічога не чую, а больш — не разумею, бо яны не сказамі і нават не словамі размаўляюць — маўчаннем і позіркамі. І раптам Дубоўка кажа: «А во, Адаме, глядзі, што ёсць у мяне — і дастае з кішэні нейкія паперчыны. — Гэта «Шыльёнскі вязень» Байрана. Пераклаў». Бабарэка падхопліваецца, бяжыць да падваконня. «Аловак давай! Трэба, каб і ў мяне было!» — і так і стаіць, у гэтым цяжкім перанасычаным аміякам паветры, з гэтымі незагоенымі ранамі, стаіць ля слізкага падваконня камеры Бутырскай турмы — і перапісвае Дубоўкавы вершы. Я ведаю, што жыць застанецца менавіта Адамава копія, бо Дубоўкава загіне падчас вобшукаў, але ж гэта я ведаю, Бабарэка — не ведае, і ўсё ж перапісвае, а Дубоўка сядзіць на нарах, прытуліўшыся да сцяны, і вочы заплюшчыў, і я бачу, што ні пах гэты, ні анучы гэтыя — нічога навокал яго не зневажае. Сядзіць сабе паэт, і пляваў ён на ўсё гэтае недасканалае наваколле.

Я бачу ўсё.

Я бачу шклянку з суніцамі, якія маладзенькая медсястрычка Валя прынесла хвораму студэнту, які не сёння, дык заўтра памрэ ў белым доме ля сіняй бухты. Суніцы нагрэтыя майскім сонцам, і з іх на дно шклянкі бяжыць крывавы сок, і яны паміраюць, бо той, для каго іх неслі, больш не хоча суніц.

Я бачу падрапаныя шпалеры на той сцяне, у якую ў смяротным адчаі ўтаропіўся хударлявы, немалады ўжо чалавек: ён ляжыць на ложку спінай да ўсіх, толькі што ён усадзіў нож сабе ў жывот, і ён прагне смерці, але смерці не будзе — будзе шпіталь, ахова, ветлівыя людзі ў цывільным і яшчэ дванаццаць год бясконцай ганьбы і паразы. І тую выкшталцоную плітку хола ў маскоўскім гатэлі — таксама бачу: калі глядзець на яе з пятага паверха, у праём лесвіцы, і быць пры гэтым адчайна п’яным, яна круціцца ў пачварным карагодзе і раптам абяцае вечнае вызваленне.

 Канечне, я не выходжу з дваццаць дзявятага і не імчуся да Максімавага помніка. Я — дарослая жанчына, і мне яшчэ ніколі не быў патрэбны не тое што псіхіятр, а нават псіхолаг.

Я еду сабе далей, выходжу ля Нямігі, падымаюся пад горку, і тут, ля клуба імя Дзяржынскага, раптам чую аднекуль з сутарэнняў — стрэлы. Адзін. Другі. Трэці. Чацверты.

Я ведаю, што я не злічу іх, гэтыя стрэлы, і ведаю, што раніцай энкавэдзістам выклічуць спецыяльную масажную каманду, і масажысты будуць распрацоўваць іх пальцы, бо застрэліць за ноч сто чалавек — гэта нават не мяшкі варочаць, гэта цяжкая праца. І я ўжо чую пах адэкалону — тыя, хто страляў, не выходзілі на вуліцу, пакуль не вымываліся цалкам у адэкалоне, бо не пойдзеш дадому ўвесь у водары крыві і смяротнага жаху, і я раптам кідаюся на іншы бок вуліцы, бо вунь ён ідзе, нейкі мужчына, ад якога на дзесяць метраў смярдзіць адэкалонам…

І нічога немагчыма зрабіць для гэтых хлопцаў. Нічога. Ані зашыць кашулю, ані падаць вады, ані пазашпільваць гузікі. Хіба што ўспамінаць, пакуль жывеш: як яны там, нашыя хлопцы, у сваёй вечнасці? Ці паелі?

***

Ганна Севярынец нарадзілася ў 1975 у Мінску. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Выкладчык, журналіст. Аўтар праекта «Аксамітавая Беларусь» на беларускім жаночым партале Velvet.

Каментары11

Цяпер чытаюць

Дэмакраты адбіраюць у рэспубліканцаў Сенат і Палату прадстаўнікоў у ЗША

Светабноўлена

Дэмакраты адбіраюць у рэспубліканцаў Сенат і Палату прадстаўнікоў у ЗША

Усе навіны →
Усе навіны

Трагедыя ў іспанскім чэмпіянаце: гулец памёр у выніку сутыкнення з галкіперам

«Сіл няма, рэсурсаў няма, усе стаміліся». Лукашэнка заявіў, што вайна ва Украіне ў найбліжэйшыя месяцы будзе скончаная24

У ЗША пачынаецца вырашальны дзень прамежкавых выбараў у Кангрэс. Больш за 50 мільёнаў выбаршчыкаў ужо прагаласавалі1

Над Кіевам стварылі купал РЭБ супраць рэактыўных «Шахедаў»1

Мінчанка знайшла абгарэлыя купюры. Ці можна іх абмяняць?

Яму далі 15 гадоў па паказаннях Пратасевіча. Ён пасівеў за адну ноч40

29‑гадовага беларуса забілі ў Маскве. Падазраюць іншага беларуса4

У Лёзне ў гаражы знайшлі бітоны з чалавечымі парэшткамі1

Жанчына ў Бабруйскім раёне памерла ад укусу змяі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дэмакраты адбіраюць у рэспубліканцаў Сенат і Палату прадстаўнікоў у ЗША

Светабноўлена

Дэмакраты адбіраюць у рэспубліканцаў Сенат і Палату прадстаўнікоў у ЗША

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць