Маладзечанка Наталля Яўстраценка разам з сынам трапіла ў інфекцыйнае аддзяленне валожынскай бальніцы. Пабыўшы там суткі, у маладой мамы засталося столькі ўражанняў, што яна вырашыла расказаць пра іх на абшарах інтэрнэта.

«Майму сыну 1 год і 8 месяцаў. Пару дзён таму ў яго паднялася тэмпература – 39,6. Мы з мужам адвезлі сына ў Маладзечанскую дзіцячую бальніцу. Доктар сказаў, што нам трэба тэрмінова ў Валожын, там ёсць інфекцыйнае аддзяленне.

…І вось наша палата з ганарлівай таблічкай на дзвярах «Бокс №2». Даўжыня палаты — на два ложкі і дзве тумбачкі, шырыня – на шырыню акна. Наступнае, што кідаецца ў вочы, гэта адсутнасць занавесак. Тое, як вы будзеце пераапранацца да сну, могуць заўважыць жыхары ўсіх суседніх жылых дамоў.

Далей болей.

Бруднае акно, каля якога лёталі і поўзалі нейкія мошкі і жучкі. Іх мёртвыя сваякі ляжалі на падваконні. У кутах на акне цвіль. На столі яна таксама прабівалася скрозь пласт пабелкі. Тынкоўка на сценах месцамі адвальваецца.

 У прыбіральні, якая была ў палаце, не гарэла лямпачка, пра што мяне адразу папярэдзіў медперсанал. Добра, я адна ў палаце ляжала, і можна прыадчыніць дзверы, каб трапляла дзённае святло. Але калі б у палаце ляжаў яшчэ адзін пацыент? Спраўляць патрэбу ў цемры або з адчыненымі дзвярыма ў палату, дзе чужы чалавек?

Мой сын закінуў цацкі за ложак і тумбачку, і мне прыйшлося іх адсунуць. Лепш бы я гэтага не рабіла. Кавалак засохлага печыва, валасы, пыл, маленькі дзіцячы мячык, кавалак фольгі ад нейкай упакоўкі. Правяла сурвэткай па падлозе і жахнулася! Мабыць, падлогу тут не мылі з часоў цара Гароха. Дарэчы, пры мне палату пазней памылі двойчы. Але ў палату санітарка заходзіла з вядром ужо бруднай вады, апускала туды анучу і проста размазвала бруд па палаце. Ні пра якое перасоўванне мэблі гаворка не ішла!

Спра­ва набліжалася да вечара, я пачала прыкідваць, як нам класціся спаць. Абстаноўка новая, дзіця пачынала капрызіць. Спалі мы на вузкім ложку ўдваіх. І гэта пры тым, што ў суседняй палаце на раніцу я ўбачыла дзіцячы ложачак. Так, ён стары, дзесьці парваныя вяровачкі, але і яго нават не прапанавалі!

І дарэчы, з дзіцем там ляжала толькі я адна.

Я паставіла падушку ражком да сцяны, каб сын не дакранаўся да яе целам. Дзірку паміж ложкам і сцяной заклала паловай коўдры, другой паловай накрыла дзіця. Сама легла без падушкі і коўдры. Заснуў сын толькі каля 23:00.

Па калідоры ўвесь час нехта хадзіў, запальваў святло, і яно праз акно трапляла да нас у палату (так, у палаце было яшчэ акно ў калідор). Апоўначы дзіця прачнулася ў дзікай істэрыцы, плакала без перапынку паўтары гадзіны.

Пры гэтым пакой, дзе была дзяжурная медсястра, знаходзіўся побач, яна сапраўды чула гэты гучны і працяглы плач. Але да нас ноччу ніхто не падышоў. Хаця чаму я здзіўляюся, да нас і перад сном ніхто не заходзіў. У 18:00 зрабілі ўкол антыбіётыка і спыталі, ці ёсць у мяне з сабой дзіцячае гарачкапаніжальнае.

На раніцу я напісала адмову ад шпіталізацыі.

Перад тым, як напісаць свой аповед, я зай­шла на сайт Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы». Размясцілі здымкі ўвахода ў інфекцыйнае аддзяленне, калідора і працэдурнага кабінета. Фатаграфій палат няма»…

«Калі хочаш дапамагчы, звяртайся да кіраўніцтва бальніцы, а не ў інтэрнэт-суполкі», — так лічыць галоўны доктар бальніцы Яраслаў Мянцюк.

– У гэтай сітуацыі вельмі шмат спрэчных момантаў, – каментуе Яраслаў Аляксандравіч. – Фотаздымкі нашай пацыенткі, што трапілі ў сеціва, зробленыя не ў адной палаце, а па ўсім аддзяленні. Вядома, з такім падыходам хібы можна знайсці паўсюль.

Цяпер галоўны доктар забараніў пацыентам свабодна перамяшчацца па аддзяленні, а медыцынскі персанал абавязаў за гэтым пільна сачыць.

– Калі мэтай пацыенткі было пакаранне медперсаналу, то яна гэтай мэты дасягнула, працягвае галоўны доктар, – звольнены загадчык інфекцыйнага аддзялення, малодшы медыцынскі персанал. Я атрымаў вымову. Але ж, калі верыць словам жанчыны, яна хацела дамагчыся навя­дзення парадку, а для гэтага трэба было проста паведаміць пра недахопы кіраўніцтву бальніцы.

Як сцвярджае Яраслаў Мянцюк, Наталля Яўстраценка не проста не пакінула сваіх заўваг ні ў вусным, ні ў пісьмовым выглядзе, а нават пры выпісцы з бальніцы напісала, што ў яе прэтэнзій да медперсаналу няма.

– Жанчына скардзіцца, што ёй не прапанавалі дзіцячы ложак? А чаму яна не папрасіла? Нашы пацыенткі часта адмаўляюцца ад ложка, каб спаць побач з дзіцем, – працягвае галоўны доктар.

 Між тым, калі вы саромеецеся паведаміць самім дактарам пра тое, што вас не задавальняе ва ўмовах ці абслугоўванні, можна звярнуцца па тэлефоне «гарачай» лініі: (8-01772) 55-5-05.

Рамонт у бальніцы ідзе па плане. Сёлета адрамантавалі два паверхі тэрапеўтычнага аддзялення, цяпер рамантуюць Івянецкую бальніцу. Што датычыцца інфекцыйнага аддзялення, то рамонт там быў у 2009 годзе.

Цяпер жа вядуцца работы па замене вентыляцыі, на вокны паставілі маскітныя сеткі.

Цяпер Наталля Яўстраценка спрабуе напісаць калектыўны зварот у Міністэрства аховы здароўя і арганізаваць збор подпісаў на пабудову дзіцячага інфекцыйнага аддзялення ў Маладзечне.

– У раёне больш за 26 тысяч дзяцей да 18 гадоў, а інфекцыйкі няма, –- абураецца жанчына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?