Большасць сталічных гімназій перайшла на новы графік працы
29 сталічных гімназій з 50 прыслухаліся да меркавання Лукашэнкі пра тое, што школьнікам трэба даць гадзіну выспацца, і будуць у новым навучальным годзе пачынаць заняткі а 9 раніцы.
У канцы навучальнага года настаўнікі апыталі бацькоў, які час ім зручны, некаторыя бацькі пісалі зварот на імя адміністрацыі школ і гімназій з просьбай пакінуць ранейшы расклад — з 8.30.
У выніку кожная навучальная ўстанова самастойна вырашала, калі ім пачынаць першы ўрок. З 50 сталічных гімназій 29 цяпер будуць працаваць па новым графіку.
Так, у гімназіях №1, №3, №8, №16, №24, №50 першая змена пачынаецца з 9.00. Абедаць школьнікі будуць пасля другога ці трэцяга ўрока, перамены па 15 хвілін.
У 21-й гімназіі дзеці на заняткі будуць прыходзіць у 8.30. Змены не закранулі, напрыклад, гімназіі №2, №10, №23, №32, №42.
У адной з мінскіх гімназій ўчора распавялі: дзецям абвясцілі аб тым, што ўрокі будуць з 8.30, але гэты час яшчэ ўзгадняецца з упраўленнем адукацыі.
- Мы спадзяемся, што нічога не зменіцца, - адказалі на тым канцы дрота.
Каментары