Кіно3939

Беларуская правінцыя, беспрацоўе і куртка ў растэрміноўку. У шырокі пракат выйшаў фільм мазыранкі, які крытыкі называюць нацыянальным адкрыццём

Верасень у гэтым годзе адназначна прынёс адкрыцці тым, хто сярод кінаафіш не знаходзіў беларускіх прадуктаў — то бок амаль усім нам.

Яшчэ ў канцы жніўня было не дастаць квіткі на прэм’ерныя паказы «Крышталя» Дар’і Жук. Яе фільм і цяпер з поспехам ідзе ў кінатэатрах. З 13 верасня яго эстафету прыняла яшчэ адна айчынная стужка — «Заўтра», створаная рэжысёркай з Мазыра Юліяй Шатун.

Юля Шатун.

У 2017-м годзе «Заўтра» быў прызнаны найлепшым нацыянальным фільмам па выніках 24-га «Лістапада», пасля ўзяў чатыры ўзнагароды на Марсельскім кінафестывалі.

І гэта ўсё прытым, што ў яго не было амаль ніякага бюджэту: галоўных герояў сыгралі бацькі і брат Юлі, а ўвесь здымачны і працэс, звязаны з поствытворчасцю, рабіўся ёй і сябрам Мікітам Аляксандравым. Першапачаткова ні ён, ні сама рэжысёрка не планавалі, што стужка будзе ўдзельнічаць у конкурсах міжнароднага ўзроўню — фіксавалі чарговае home-відэа з элементамі гульні.

Сцэнарый умясціўся на 8 старонак. І пры ўсіх гэтых складніках выйшла кіно, якое красамоўна паказвае Беларусь ускраін.

Кадр з фільма.

«Крышталь» хоць і закранае сённяшнюю рэчаіснасць, але ўсё ж акрэслівае: гэта фільм пра 90-я. Шатун жа цалкам пагружаецца ў свет, у якім мы існуём тут і цяпер.

Галоўны герой, 56-гадовы Анатоль, у мінулым — настаўнік англійскай мовы, сёння знаходзіцца ў пошуках працы. Ён, канечне, мае нейкую капейку на рэпетытарстве, але грошай усё роўна не хапае. У Мазыры, дзе і разварочваюцца падзеі, мужчыну ў такім узросце не чакаюць ні на пасадзе грузчыка, ні ў якасці прадаўца. А месцы, дзе ён і мог бы заступіць на «службу» да пенсіі, ужо занятыя. Абтэлефанаваўшы хіба што не ўсе нумары ў газеце з вакансіямі, Анатоль на пару з жонкай, якая яму дапамагае, адпраўляецца разносіць па дамах рэкламныя лістоўкі. Крочачы па яго маршрутах, мы, уласна кажучы, не адкрываем для сябе нічога новага: старыя забудовы без выгод, панылыя панэлькі, пенсіянеры, якія на кожным кроку прадаюць закаткі, каб зарабіць капейку, брудныя пад’езды і вечныя рамонты.

Эмацыйна дабівае хіба што эпізод, дзе Анатоль прыходзіць на рынак, каб аддаць частку грошай за куртку сына, якую яны набылі ў растэрміноўку на 4 месяцы. Такая практыка вядомая беларусам не першы год, але кожны раз перакручвае ад асэнсавання, што гэта пра нас.

У параўнанні з «Крышталем», калі зноў згадваць пра другі фільм, якія вырашыў расказаць пра Беларусь, тут няма дынамікі (стужка павольная, як і нашы маленькія гарады з іх насельніцтвам), музыкі, яркіх фарбаў. Складваецца ўражанне, што рэжысёрка спецыяльна расказвае гэтую досыць дэпрэсіўную гісторыю на фоне адной з самых неэстэтычных пор года — позняй восені, калі выпадае першы мокры снег, усё гэта хуткае тае і ператвараецца ў гразкую кашу. Але ў гутарцы яна прызнаецца, што проста не любіць яркія колеры і зеляніну на экране. Затое, відавочна, паважае агульныя планы, панарамы і працуе як пейзажыст, які не шкадуе на сваё палатно фарбаў: ну, што зробіш, калі пейзажы вакол такія? Міністр культуры назваў фільм «Заўтра» «чарнухай»: відаць, ён жыве ў паралельнай рэальнасці, дзе Беларусь выглядае неяк не так. У Шатун жа дэманструецца звычайная штодзённасць — згушчаць фарбы наўмысна ў гэтай дакументалцы ніхто нават і не спрабаваў: бачна, што стваральнікі фіксуюць рэальнасць, ніяк не выказваючы адносіны да яе. Але ад гэтага яна не менш няўцешная. «У мяне ад вашага фільма шчымлівае пачуццё за ўсіх нас», — прамовіць адна з глядачак.

Фільм Шатун — сузіральны і ўдумлівы. Ён наўрад ці спадабаецца тым, хто любіць сусвет Marvel з яго супергероямі: рэжысёрка сімпатызуе слабым персанажам.

Супергерояў тут няма: калі Анатоль праз гады дарэмнага набыцця латарэй, нарэшце, выйграе пуцёўку на курорт, ён туды не едзе. Задаючы сабе пытанне чаму, хтосьці знаходзіць самы першы, банальны адказ: таму што ў іх няма грошай нават на купальнікі. Але, на мой погляд, тлумачэнні тут куды глыбейшыя. Яны схаваныя недзе ў самой назве фільма. Само слова «заўтра» ўтрымлівае ў сабе шматслойны сімвалізм, які закранае вельмі шмат аспектаў нашага жыцця: страх перад будучыняй, адкладанне сродкаў на чорны дзень, надзея на цуд, які вось-вось здарыцца (і часам яго чаканне куды больш прыемнае за развязку)…

Для мяне адной з самых характэрных сцэн фільма становіцца буксуючы смеццявоз, які захрас у снезе і доўга не мог рушыць з месца. У выніку ён усё ж выбіраецца з «пасткі». Звычайная рэч, але для кіроўцы — перамога. Так і гэты фільм, ён, канечне, не пра супергерояў, але пра людзей, якія жывуць (часам — выжываюць), але на іх трымаецца свет. А супергерой… Мабыць, ён прыйдзе заўтра?

У кіно вось, што не можа не радаваць, ужо прыйшлі беларускія карціны — пасля Мінска «Заўтра» будзе дэманстравацца і ў іншых гарадах Беларусі.

Каментары39

Цяпер чытаюць

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў

Усе навіны →
Усе навіны

Белы дом уключыў у склад Рады міру замест Беларусі Бельгію26

«Магія па-за Хогвартсам». На «Лідскім піве» патлумачылі, чаму выяву майстра на бляшанках з півам друкуюць дагары нагамі5

Трамп у Давосе быў з заўважным сіняком на левай руцэ ФОТАФАКТ6

Мукавозчык нафантазіраваў свой дыялог па тэлефоне з Калеснікавай. Ніякай размовы, натуральна, не было19

Вікторыя Кульша, якую судзілі зноў і зноў пяць разоў: Калі на зямлі існуе пекла, то яно ў калоніі ў Зарэччы7

Зяленскі: Танней не даць Расіі вырабляць ракеты, чым ратаваць энергасістэму Украіны10

Лосік: Кадэбісты выбіваюць паказанні, імітуючы ўтапленне8

«ДНЖ — гэта прывілей, а не права». Новая кіраўніца Дэпартамента міграцыі Літвы адказала на пытанні, актуальныя і для беларусаў14

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020-м, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»44

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць