Здарэнні3838

Чаму ён? Бацька хлопца, якога забілі ў Стоўбцах, падрабязна расказаў пра сына і дзень яго смерці

11 лютага дзесяцікласнік Вадзім М. забіў у школе дваіх чалавек: настаўніцу Марыну Пархімовіч і вучня 11 класа Аляксандра Раманава. Вадзіма затрымалі, але матывы яго і па сёння незразумелыя.

***

Сям’я Раманавых жыве ў вялікім прыгожым доме на адным са стаўпецкіх завулкаў. Бацька займаецца бізнэсам у Мінску. Кажа, заможным сябе не лічыць, але грошай на сям’ю хапае. У Раманавых двое дзяцей — старэйшая дачка і малодшы сын — Саша.

Цяпер Сашы больш няма.

Вялікі дом сям’і Раманавых у Стоўбцах стаіць ціхі і, такое адчуванне, што пусты. Па ўсёй хаце стаяць фотаздымкі сына, бацькі адзетыя ў чорнае. Вялікі і чыста прыбраны пакой Сашы, з яго кнігамі і гітарамі, нібыта ўсё яшчэ ў чаканні хлопца, які ўжо ніколі туды не вернецца.

Пакой Сашы.

Сяргей Раманаў, бацька Сашы, пагадзіўся пагаварыць з «Нашай Нівай». Ён падрабязна распавёў пра Сашу, пра яго мэты, мары і захапленні. І пра тое, як сам ён жыве пасля смерці сына.

* * *

«Саша быў вельмі правільны хлопец. З правільнымі думкамі ў галаве. Я яму давяраў, як сабе.

Саша з бацькам Сяргеем.

Ён добра вучыўся, займаўся самаразвіццём. Вывучаў мовы, шмат чытаў. Рыхтаваўся да паступлення ва ўніверсітэт.

Мовы яму вельмі лёгка даваліся. Польскую мову Саша ведаў вельмі добра, англійскую таксама. Выйграваў нават алімпіяды па англійскай. Цяпер марыў пачаць нямецкую мову вучыць.

Саша лічыў нашу сістэму адукацыі, скажам так, няправільнай. Таму хацеў паступаць у Польшчу. Мама, канечне, хацела, каб ён паступіў у Мінск, на замежныя мовы, каб быў бліжэй да яе. Але я казаў: «І што? Ну ўяві, што ён паступіў у Мінск і скончыў вучобу. І куды далей?»

У нас дачка скончыла БДУ — самую прэстыжную ВНУ ў краіне — і цяпер не можа знайсці нармальную працу.

Таму я вельмі падтрымліваў сына. Казаў: «Едзь, я толькі за». Бо ўсё ж вакол горш і горш, ну вы ведаеце.

Саша Раманаў з бацькамі.

Саша хацеў паступіць на журналіста ці займацца SMM, бо ён і відэа ўмеў мантаваць, і тэксты добра пісаў. Але апошнім часам, можа, менш за месяц таму, ён прыняў іншае рашэнне. Сказаў, што хоча ісці на паліталогію. Я, кажа, журналістам сябе не бачу, бо магу гэта рабіць, але мне гэта не так цікава, як палітыка і філасофія.

Філасофія, дарэчы, гэта было адно з яго захапленняў. Ён прачытаў усіх грэчаскіх філосафаў, Ніцшэ чытаў, глядзеў дакументальныя фільмы. Усё кніжкі ён сам сабе набываў. Я з ім ездзіў пару разоў на кніжныя выставы. Нават калі ў Беласток паедзем: мы з жонкай па шмотках ходзім, а Саша — па кнігарнях.

Кніжная паліца ў пакоі Сашы Раманава.

Мы былі ў Грэцыі сёлета. Ну і сядзім, вырашаем, што там і дзе паглядзець, і тут Саша кажа: «Давайце паедзем у Стагіру!»

Я нават не ведаў, што гэта такое. Аказалася, што Стагіра — напаўразбураны горад, радзіма Арыстоцеля. Сёння ніхто там нават не жыве. Мы з’ездзілі, пахадзілі там…

Саша Раманаў у парку Арыстоцеля.

Мы свабодна гаварылі на палітычныя тэмы з сынам. Я яго не настройваў ні на што, але заўсёды казаў так: трэба крытычна мысліць. Ён мне і казаў, што я яго навучыў супастаўляць інфармацыю і рабіць свае высновы, а не проста слухаць гэтую прапаганду. Мы расейскія навіны даўно не глядзім: глядзім Ютуб, Еўраньюс.

І мы з ім думалі падаваць дакументы на паліталогію ў некалькі ўніверсітэтаў: у Варшаву, у Люблін і ў Познань. А там ужо глядзець, куды атрымаецца.

Саша мог на роўных пагаварыць з любым дарослым. Мы нядаўна абмяркоўвалі з ім выбары ва Украіне. Саша кажа: «Слуга народа» той [артыст Уладзімір Зяленскі — рэд.] — гэта папуліст». Я кажу: хочацца верыць, што чалавек прагне пераменаў у грамадстве. Але Саша адказвае: гісторыя шмат такога бачыла, — і пачынае мне прыклады прыводзіць, тлумачыць сваю пазіцыю… Цяжка з ім было спрачацца!

Мы з Сашам сапраўды былі як двое сяброў. На байдарках разам хадзілі. Хадзілі ў паходы, аблазілі ўсю Стаўбцоўшчыну, хадзілі на каяках…

Я матацыкл купіў сабе — і яму ўзяў, стары, кросавы. Хацеў, каб у хлопца рукі з правільнага месца раслі. Бо цяпер жа моладзь якая расце? У камп’ютары разбіраецца — і ўсё.

Саша гуляў у камп’ютарныя гульні, як і ўсе падлеткі. Але без нейкай празмернасці, нельга сказаць, што з камп’ютара не вылазіў. На гітары граў, зараз укулеле купілі — маленькую гітарку, каб з сабою мог вазіць.

І мы разам рамантавалі тыя матацыклы, круцілі тыя гайкі… Улетку Саша атрымаў катэгорыю А1, мог ездзіць на сваім матацыкле, нумары на яго атрымаў. Самога яго я ўсё ж баяўся адпускаць катацца, але ён любіў больш па лесе ганяць ці па полі — адпрацоўваць розныя трукі, бо матацыкл жа кросавы.

Мы разам на матацыклах усё наваколле аб’ездзілі, у Крэве былі, і ў Любчы, глядзелі замкі…

Таксама Саша быў сябрам мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы. Яны знаёмілі людзей з гісторыяй Стаўбцоўшчыны і помнікамі архітэктуры. Вось нядаўна падалі запыт, каб ім дазволілі павесіць каля школы шыльду, што раней там быў касцёл Святога Казіміра.

Саша пісаў рэпартажы і артыкулы для ТБМ, вёў яе суполкі ў сацсетках.

Увогуле, яшчэ пару гадоў таму Саша гаварыў толькі на беларускай мове.

Я сам памятаю, як недзе ў пачатку 2000-х мне сустракаліся людзі, якія гаварылі па-беларуску. Тады гэта здавалася трохі дзіўным. Цяпер я не ведаю, гэта, можа, трохі модна.

У нас сям’я напалову руская. Мой бацька рускі, мама беларуска, мы пераехалі сюды ў 1983 годзе з горада Куйбышава (сёння гэта Самара).

Мы вучыліся на рускай, ды і старыя ўжо, але лічым так: у Беларусі трэба гаварыць на беларускай мове. Я, хоць сам і рускамоўны, сына заўсёды падтрымліваў у яго жаданні гаварыць па-беларуску, ніколі не адгаворваў. Казаў: «Ніколі не саромейся!» Ён і не саромеўся. Комплексаў Саша не меў ніколі і праблем праз беларускую мову ў яго ніколі не ўзнікала, ані з настаўнікамі, ані з вучнямі. Хадзіў у вышыванцы нярэдка. Мы шмат падарожнічалі, Саша нават за мяжой насіў вышыванку.

Але пасля сын прачытаў кніжку Харары «Сапіенс: кароткая гісторыя чалавецтва» і трохі змяніў меркаванне.

Спачатку ён гаварыў выключна па-беларуску і ўсё хацеў кагосьці перарабіць, захапіць таксама гэтым. І Саша, можна сказаць, расчараваўся трохі. Недзе год таму пачаў гаварыць па-руску ў сям’і і, напэўна, у школе таксама. Гэта паўплывала кніга. Ён таксама пачаў казаць, што дзяржавы, межы — гэта надуманае, што чалавек і чалавецтва нашмат шырэйшыя за ўсё гэта.

Але ўсё ж пры любой магчымасці Саша пераходзіў на беларускую.

Планаў у Сашы было шмат. У яго быў сябар з Самары, які родам з Палесся. Яны пазнаёміліся праз інтэрнэт пару гадоў таму, сустракаліся ў Мінску. І вось яны разам хацелі праехаць па Беларусі, па замках.

Саша паглядзеў нейкага паляка ў Ютубе, які ездзіць аўтаспынам, і вырашыў таксама паспрабаваць. Ледзь не на месяц хацеў паехаць. Жонка пачала хвалявацца, а я думаю: ну, трэба прыкінуць, што ды як. Нельга ж сказаць «не», бо гэта якой траўмай было б для сына.

Мінулай зімой Саша ўвогуле Індыяй захапіўся, усё думаў, як бы туды паехаць».

 ***

«Саша хацеў сысці з гэтай школы, паступіць у Ліцэй БДУ. Калі шчыра казаць, то яму не падабалася гэтая школа. Ён у мяне быў вельмі дарослы, не па гадах.

Саша казаў, што шмат двудушша ў школе. Ёсць пару педагогаў нармальных, а астатнія, можа, і ведаюць свае прадметы, але выкладаюць іх… карацей, не педагогі. А ён вельмі не любіў такое.

Саша не быў замкнёны, ён сябраваў з аднакласнікамі, падтрымліваў зносіны. Але і кніжкі чытаў пастаянна, і яму не хапала. Хацелася размаўляць з разумнейшымі, са старэйшымі людзьмі. А тыя ж школьнікі бываюць зусім розныя. Мне яшчэ гады два-тры таму Саша неяк распавёў, што некаторыя дзеці ў Стоўбцах з нажамі ходзяць. А для яго гэта было дзіка, ён не прызнаваў гэтую гапату, не лаяўся матам.

Яму падабалася гаварыць з тымі настаўнікамі, якія размаўлялі з ім на роўных. Саша вельмі не любіў такога, калі проста заціскаюць аўтарытэтам дарослага чалавека, як робяць некаторыя настаўнікі.

Кніжныя паліцы ў пакоі Сашы Раманава

Тая настаўніца, якую забілі, Марына Пархімовіч, была разумным чалавекам, з дзецьмі заўсёды размаўляла як з роўнымі. Сашу гэта вельмі падабалася. Ён быў ужо дарослы самастойны чалавек.

Мы з ім заўсёды падоўгу размаўлялі. У нас была такая традыцыя ў сям’і — увечары разам з сынам садзіліся піць чай. Удвух, як правіла. Жонка, канечне, таксама магла папрысутнічаць, але мы з сынам вялі мужчынскія размовы: пра палітыку, пра жыццё…

Мы з ім як сябры размаўлялі заўсёды. І каб штосьці было: пагроза нейкая ці што, то сын мне бы абавязкова штосьці сказаў.

Быў адзін толькі момант. Сашу забілі ў панядзелак, а за пару дзён да таго, у пятніцу, сын папрасіў адвезці яго ў Мінск, да сястры. Саша хацеў схадзіць на Мінскую кніжную выставу. Ён у мяне па кніжках проста фанацеў, траціў на іх усе свае кішэнныя грошы.

У пятніцу ён з сястрой наведаў кніжную выставу, пагаварыў з палякамі на польскім стэндзе. У нядзелю вярнуўся, я сустрэў сына, а пасля мы з жонкай звярнулі ўвагу, што нейкі ў яго кепскі настрой. Дачка казала, што Саша яшчэ з раніцы прачнуўся нешта без настрою. У яго бывала такое, можа, не выспаўся, можа, яшчэ што…

Але ўвечары ён хадзіў на шпацыр. Звычайна браў свой заплечнік, ставіў нейкую музыку ў навушніках і ішоў на гадзіну-паўтары.

А ў нядзелю вярнуўся ўжо праз паўгадзіны, але ўжо ў гуморы. Мы з ім паглядзелі нейкае відэа на англійскай, Саша мне паперакладаў… Пасля селі гарбату піць. Саша прынёс свае раздрукоўкі пра ВНУ…

Пасля я гэта ўзгадваў, думаў: адкуль той кепскі настрой, ці, можа, ён пра штосьці ведаў, пра штосьці думаў? Але ж каб была нейкая праблема, каб ён адчуваў пагрозу, то мне б сказаў. Таму, напэўна, гэта проста было супадзенне».

***

«Раніцай у той панядзелак, 11 лютага, мы паснедалі, і я павёз Сашу ў школу. Ехаць тут — 5 хвілін.

А ў той жа дзень яму трэба было ехаць у Мінск на курсы па польскай мове. Ну і я кажу: пазвані, як вызвалішся.

Пасля я вярнуўся дадому. Не паспеў куртку зняць, як тэлефануюць са школы, кажуць, што нешта здарылася з Сашам.

На завулку сустрэў суседа, у яго сын у адным класе з маім. Сусед мне кажа: Сашу нажом пырнулі!

Я паляцеў у школу. Там ужо стаялі машыны ДАІ і хуткай дапамогі.

Я забег на трэці паверх, у кабінет. Там… Там жах, што было. Увесь клас быў заліты крывёю Сашавай. Над ім ужо працавалі медыкі, праводзілі рэанімацыйныя дзеянні. Пасля прыехалі яшчэ хуткія, дактары…

А я не сыходзіў, стаяў там, над ім, над сынам… Мяне выганялі, казалі: «Мужчына, выходзьце, выходзьце!», а я не слухаў нікога. І тут дактары кажуць: усё, ужо нічога не будзе. Усе выйшлі, я адзін з сынам застаўся. Ён ляжаў на падлозе пасярод класа, каля стала настаўніцы…

Пасля прыехалі следчыя. Мяне вывелі на лесвіцу. Паверх закрылі, нікога не пускалі.

Я яшчэ доўга ў школе быў, чакаў… І сам не ведаю, чаго чакаў. Я думаў: аддадуць мне сына, не аддадуць? Я разумеў, што цела адразу не аддаюць, але… Не паеду ж я дадому…

Я там чуў, як хадзілі нейкія мужчыны, напэўна, следчыя, гаварылі, што тэлефанавала нейкая жанчына, што ён [нападнік] недзе каля гаспадарчай крамы хаваецца ў пад’ездзе… Праз некаторы час адзін са следчых камусьці званіў і сказаў так: «Злавілі — і кропка».

Пасля я на вуліцу выйшаў. Да гэтага прыязджаў мой брат, ён прывёз маю жонку. Яна была на калідоры, я не пускаў яе ў кабінет.

І мы яшчэ каля школы чакалі, там ужо журналісты папрыязджалі… Чаго чакалі? А куды мне было ехаць? Што мне дома? Я проста стаяў каля школы.

Школу закрылі. Паўсюль міліцыя была. Мы каля школы доўга былі, гадзіны тры. Пасля ўсё ж паехалі дадому. Затым ездзілі яшчэ разоў у школу, там сказалі, што Сашу ўжо забралі ў морг. Мы паехалі да морга, пазванілі туды, нам адказалі, што не чакайце, сёння яго не аддадуць, толькі заўтра раніцай. Такая гісторыя…

Так, той Вадзім біў менавіта ў шыю. У Сашы пад левым вухам была вельмі глыбокая рана.

Усе кажуць рознае. Дырэктарка казала, што перад здарэннем яна яго [нападніка] бачыла, нібыта нават адчытвала на калідоры, што той прагуляў ваенную падрыхтоўку.

Вадзім забіў настаўніцу, выйшаў і пайшоў па калідоры ў самы апошні кабінет, дзе Саша мой вучыўся. Зайшоў туды. Там настаўніцкі стол стаіць высока, на подыуме. Нападнік ўвайшоў і пайшоў уздоўж сцяны да Сашы. А мой сын сядзеў апошнім: там маленькі клас, па тры парты было занята ўсяго на рад. І ў Сашы была якраз трэцяя, далей — пустыя парты.

Дзеці яшчэ, кажуць, смяяліся: ты што, заблукаў, кабінеты пераблытаў?

А ён моўчкі да майго Сашы падышоў, узяў яго за валасы і нанёс удар ці два яму ў сонную артэрыю. Я бачыў парту, і там, і па ўсім кабінеце — лужыны крыві.

Пасля нападнік спусціўся праз чорны ход на першы паверх, там, кажуць, адчыніў акно і выскачыў. Далей яго затрымалі ў пад’ездзе, гэта ўжо ўсе ведаюць».

 * * *

«Мы хочам праўды. Смерці яго [нападніка] ніхто не хоча. Але калі тут ёсць нейкія яго прыспешнікі ці нехта, хто яго схіліў да таго, то трэба, каб іх знайшлі і ізалявалі ад людзей.

Бацька гэтага Вадзіма прыходзіў да нас. Гэта было ў дзень перад пахаваннем, труна з Сашам стаяла ў нас тут… І брат мне кажа: вось, прыйшоў той, ты выйдзеш ці мне яго выгнаць? Я кажу, не выганяй, я выйду.

Я выйшаў на вуліцу. Той пачаў на калені падаць, казаць, маўляў, выбачайце, прабачце, мы самі не можам зразумець… Я сказаў: «Не трэба выбачацца, але і выбачыць я ніколі не змагу, ані вас, ані вашага сына».

Кажу, кепска вы сына выхоўвалі. Той адказвае, што не, нармальна выхоўваў. Я кажу: ну, значыць, штосьці дзесьці ўпусцілі. Не гаварылі, можа, з сынам… Я ўяўляю сем’і, дзе бацькі цяжка працуюць, дзе занятыя людзі выжываннем… 

Ён казаў там яшчэ ўсякае… Маўляў, лепш бы сына забілі пры затрыманні… Я кажу: ідзіце з Богам. Хай вашага сына суд судзіць.

Я ведаю, што таго забойцу не могуць расстраляць, бо ён непаўналетні.

Але я і не хацеў бы яго смерці. Я супраць такога. Ды і Саша катэгарычна быў супраць смяротнага пакарання, казаў, што не можа чалавек у чалавека забіраць жыццё.

Ці віню я бацькоў таго нападніка? Можна і так сказаць. Так, я разумею, што яны такой бяды не хацелі, канечне, і не вучылі сына такому. Але ж у нас дарослыя нярэдка не займаюцца сваімі дзецьмі. Тое, што здарылася, — у тым ліку і пралік бацькоў нападніка.

Цяпер кажуць, што іх сын быў ціхі, адвакатам хацеў стаць, кніжкі чытаў. А на фота з яго пакою — кніга па анатоміі ляжыць. Навошта той будучы адвакат анатомію вывучаў? Каб ведаць, як нажом зручней у артэрыю трапіць? Ён жа ведаў, куды біць.

Ці вінаватая школа? Не ведаю. Школа не займаецца дзецьмі, там адно двудушша дзеля паказчыкаў. Але, з другога боку, зразумела, што за ўсімі не ўглядзіш.

Чаму менавіта настаўніца гісторыі стала ахвярай? Чаму мой сын? Я не ведаю. У нас няма абсалютна ніякіх версій, чаму гэта ўсё здарылася.

Усё, што мы можам сказаць, гэта тое, што Марына Пархімовіч была самай любімай настаўніцай сына. Ён любіў гісторыю. Пархімовіч была класным кіраўніком і маёй старэйшай дачкі…

Але каб былі нейкія канфлікты паміж нападнікам і Сашам… Наколькі мы ведаем, паміж імі увогуле не было ніякіх кантактаў. Мы самі аддалі следчым мабільнік Сашы, але яны сказалі, што нібыта не змаглі яго ўзламаць».

Фота Сашы стаяць у доме Раманавых

* * *

Ад рэдакцыі

У Стоўбцах працягваюць абмяркоўваць трагедыю, але дакладнай інфармацыі не мае ніхто, толькі выказваюцца здагадкі. Хтосьці кажа, што настаўніца нібыта выбірала кандыдата на алімпіяду па гісторыі — і выбрала Сашу, а не Вадзіма. Але гэтую тэорыю абвяргаюць вучні школы, кажуць, што Саша сёлета ў алімпіядзе па гісторыі не ўдзельнічаў, ды і настаўніца магла адправіць двух удзельнікаў, а не аднаго.

Таксама ходзяць размовы, што нібыта ў таго Вадзіма была свая кампанія прыяцеляў, што ён зусім не быў такі хатні і ціхі, як сцвярджалася раней. Гэтая кампанія нават не так даўно нібыта збіла нейкага хлопца. І, кажуць, у дзень нападу той Вадзім хадзіў па школе з падбітым вокам. Некаторыя жыхары Стоўбцаў мяркуюць, што работнікі школы цяпер выстаўляюць Вадзіма ціхім і спакойным, каб адвесці ад сябе нараканні, што не заўважылі праблемы.

Дый пра сям’ю нападніка гавораць рознае. Маўляў, не была яна такой добрай і шчаслівай, хапала там усякага. Але, ізноў жа, акрамя плётак, канкрэтных фактаў ніхто агучыць не можа.

Нядаўна следчыя паведамілі, што нападнік нарэшце пачаў даваць паказанні. Ён ужо расказвае пра тое, што здарылася ў школе. Вось толькі і самі следчыя ставяць яго словы пад сумнеў, бо паказанні разыходзяцца з рэальнай карцінай падзей. Але пра самае галоўнае — прычыну сваіх учынкаў — Вадзім М. усё яшчэ маўчыць.

Чытайце таксама:

11-класнік, які загінуў у школе ў Стоўбцах, быў актывістам ТБМ, размаўляў па-беларуску і насіў майку з Пагоняй ФОТЫ

«Ну што яму нарабілася? Гэтыя бедныя дзеткі самі ўсё стараюцца». Родная нападніка са Стоўбцаў расказала пра ягоную сям'ю

Дзесяцікласнік у Стоўбцах напаў з нажом на настаўніцу і аднакласнікаў, двое загінулі

«Цэліў у горла»: сталі вядомыя падрабязнасці здарэння ў Стоўбцах, дзе школьнік зарэзаў настаўніцу і вучня

Што было на старонцы Укантакце ў хлопца, які забіў настаўніцу

Сваякі хлопца, якога парэзаў аднакласнік у Стоўбцах, распавялі пра яго стан

Каментары38

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Усе навіны →
Усе навіны

У Вілейцы з'явіўся ліхтар, якому трэба ціснуць руку, а ў адказ ён здыме капялюш і запаліць святло

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?29

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

«Чаму яна бесіцца? Мужыка даўно не было!» АНТ паказала камедыю ўласнай вытворчасці. Насмяшыць вас толькі канцоўка

Галоўнае
Усе навіны →