Фігуранта «справы Ціханоўскага» Вяргілія Ушака адправілі адбываць «суткі» за гродзенскі пікет 29 мая
Фігуранта крымінальнай «справы Ціханоўскага» Вяргілія Ушака затрымалі 31 жніўня для адбыцця адміністрацыйнага арышту за інцыдэнт 29 траўня ў Гродне на пікеце па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Вяргілій, які знаходзіцца ў статусе абвінавачанага па арт. 342 Крымінальнага кодэкса па гэтай жа справе, мусіць адбыць сем сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляюць праваабаронцы.

Як распавяла «Вясне» яго нявеста Надзея, Вяргілія Ушака затрымалі каля 16 гадзін 31 жніўня ў Полацку. Яны загадзя набылі электронныя квіткі на цягнік «Полацк-Мінск». Калі Вяргілій і Надзея прыйшлі на пасадку, то іх там ужо чакалі супрацоўнікі міліцыі. Вяргілію прад'явілі пастанову суда Ленінскага раёна Гродна, па якой яго асудзілі 2 ліпеня на сем сутак арышту па двух артыкулах КаАП: 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).
«Ніхто не прадстаўляўся. Проста тыкнулі пастанову і сказалі: «Прайдзёмце з намі», — распавядае Надзея.
Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што «суткі» Вяргілій Ушак будзе адбываць у Полацкім РАУСе.
Нагадаем, Вяргілія Ушака затрымалі 29 траўня ў Гродне на выбарчым пікеце па зборы подпісаў.
Цяпер чытаюць
Яе не хацелі браць у музычную школу, а ў 14 яна сыграла ў Карнегі-холе ў Нью-Ёрку. Беларуская скрыпачка — пра жыццё ў Лондоне, заробкі і чым скрыпка Страдывары за 14 мільёнаў еўра адрозніваецца ад звычайнай
Каментары