«Лета ў галаве, праца — у рэчаіснасці». Пляжныя фоты беларускіх селебрыці
Летняе сонейка штурхае беларускіх зорак нават у шчыльным графіку працы шукаць акенца для адпачынку. Супрацьстаяць спакусе немагчыма. «Наша Ніва» звяртае ўвагу на самыя эфектныя кадры з пляжаў ды ўзбярэжжаў.
Алена Леўчанка
Славутая айчынная баскетбалістка пакуль не вырашыла, працягне кар'еру альбо павесіць красоўкі на цвік. Цяпер спартоўка ў Грэцыі. Там гамяльчанка не толькі загойвае душэўныя раны ды аднаўляе ўнутраны баланс, але і дзеліцца з чытачамі рэфлексіямі адносна ўнутранага стану, ад'езду з Беларусі ды ўспрыняцця сябе як асобы.
«Быць моцнай, змагацца ды пераадольваць — гэта гісторыя майго жыцця. І, падавалася, тут таксама я павінна была адужаць. Аднак у пэўны момант зразумела, што жыць у чаканні ды быць «моцнай» мяне вымотвае. У нейкі момант я зразумела: толькі я ёсць у сябе. І апошнія паўтара месяцы я выдаткавала выключна на гэта. Гэта самае лепшае рашэнне, якое прымала», — адзначыла Алена.
Арына Сабаленка
Першая ракетка Беларусі магла б зараз абараняць гонар краіны на Уімблдоне. Аднак сусветны спартовы бан выкрасліў мінчанку са спісу ўдзельніц турніру Вялікага Шлема. Таму спартсменка прысвяціла вольныя тыдні адпачынку — і накіравалася ў Маямі, дзе бавіць час з бойфрэндам, Канстанцінам Кальцовым.
У ЗША ім падабаецца.Падпісанты праўладнага ліста лашчацца пад сонейкам, вандруюць па пляжах ды хваляцца экзатычнымі пальмавымі лукамі.
Увогуле, не сказаць, што Сабаленка сумуе па тэнісе альбо пільна сочыць за падзеямі ў Вялікабрытаніі.
Меліціна Станюта
Як падаецца, вядомая гімнастка амаль не робіць паўз у працы. Вандроўкі-спатканні са знакамітымі месцамі атрымліваюцца мімалётнымі. Калі ж беларуска і трапляе на пляж, то ўсё роўна прыдумвае нешта, каб не губляць час дарма на пясочку без справы. Вось і цяпер чароўная Меліціна сумясціла праменады па ўзбярэжжы са здымкамі ў прома-роліку.
«Лета ў галаве, праца — у рэчаіснасці», — пазначыла Станюта чарговы прыпынак ва ўласным графіку. Ды ўпрыгожыла яго відэа.
Вольга Гаварцова
Яшчэ адна айчынная тэнісістка нашмат радзей за Сабаленку трапляе ў стужкі спартыўных навін. Аднак інстаграм абнаўляе так жа спрытна, як і суайчынніца. Яркіх здымкаў у дзяўчыны, што прапісалася ў Маямі, хапіла б на цэлы альбом.
Маргарыта Ляўчук
Вядомая оперная спявачка выправілася на гастролі ў ЗША. Цягам ліпеня яна дасць 10 канцэртаў як на ўсходзе, так і на захадзе Штатаў.
Але перад тым як цалкам акунуцца ў музычны сусвет, Марго ўшчыльную пазнаёмілася з акіянам ды перадала прывітанне суайчыннікам
NaviBand
Арцём ды Ксенія апынуліся ў Іспаніі, дзе зладзілі канцэрт для землякоў на Маёрцы. А каб крышку зняць напружанне перад імпрэзай, наведалі мясцовы пляж.
Для тых, каму не давялося патрапіць на выступ, NaviBand запісалі «жывое» вітанне — у акустычным, нават, скажам, максімальна аголеным гучанні.
Вера Карэтнікава
Былая тэлевядучая пераехала на Паўночны Кіпр. Жывучы ў цёплым клімаце каля мора, Карэтнікава часта дзеліцца здымкамі з пляжа. Яна аматарка трэніровак і знаходзіцца ў цудоўнай фізічнай форме.
«Няхай лепш будзе за спінай шмат глупстваў, чым хоць адна подласць», — падпісала зорка здымак у мора.
Каментары