Фота: NASA / flickr.com

У пачатку мінулага тыдня новы кіраўнік Раскосмаса нечакана заявіў, што касмічнае агенцтва спыніць свой удзел у дзейнасці Міжнароднай касмічнай станцыі ўжо праз два гады. Такі крок прывядзе да спынення працы вечнага сімвала міжнароднага супрацоўніцтва і фактычна заўчаснага закрыцця станцыі, бо ў выніку яе давядзецца спускаць з арбіты па частках.

Але незразумела, наколькі сур'ёзна Юрый Барысаў ставіцца да такога хуткага сыходу Расіі. Пазней на тым жа тыдні ён удакладніў, што Расія пакіне касмічную станцыю, як толькі Раскосмас пачне запускаць модулі для новай касмічнай станцыі, што, з ягоных слоў, можа адбыцца ўжо ў 2028 годзе. Яго каментары з нагоды сыходу з МКС паўтараюць выказванні яго папярэдніка Дзмітрыя Рагозіна, калі на Расію былі накладзеныя міжнародныя санкцыі пасля ўварвання ва Украіну ў лютым, але гэта не паскорыла сыходу са станцыі, якая знаходзіцца ў сумесным кіраванні касмічных агенцтваў Расіі, ЗША, ЕС, Японіі і Канады.

«Магчыма, новы чалавек проста дэманструе сваю адданасць адзінаму чалавеку, чыё меркаванне сапраўды важнае — Пуціну, паказваючы, што ён будзе такім жа жорсткім, якім быў Рагозін», — кажа Вікторыя Самсон, дырэктар Вашынгтонскага офіса фонду бяспечнага свету.

Будучыня расійскай касмічнай галіны выглядае змрочна з-за змяншэння колькасці рэсурсаў, кажа Самсон. Апошнія гады Раскосмас адчувае цяжкасці са скарачэннем фінансавання, а таксама напружаныя адносіны з іншымі касмічнымі дзяржавамі з-за вайны ва Украіне і спрэчак з НАТА. Расію стрымліваюць санкцыі, якія ўплываюць на імпарт тэхналогій.

Краіна страціла кантракты на запускі на касмадроме Байканур у Казахстане. Яна страціла бізнэс з ЗША, паколькі астранаўты НАСА і яго партнёраў зараз могуць адпраўляцца на МКС на касмічных караблях SpaceX і Boeing замест таго, каб замаўляць палёт на ракеце «Саюз». Еўрапейскае касмічнае агенцтва таксама разарвала сувязі з Раскосмасам, у прыватнасці, па місіі ExoMars, якая была адкладзеная на канец гэтага дзесяцігоддзя.

Цяпер Раскосмасу мала што свеціць, акрамя МКС — ці яе замены пад назвай Расійская арбітальная сэрвісная станцыя, якая, па словах Барысава, можа быць запушчаная ўжо ў 2028 годзе. Гэта занадта аптымістычны тэрмін, улічваючы, што Расіі спатрэбілася больш за 12 гадоў на распрацоўку модуля МКС «Навука», які стартаваў да МКС у мінулым годзе.

Кітай будуе сваю ўласную касмічную станцыю, запусціўшы на мінулым тыдні другі модуль «Вэньцянь». Трэці модуль, «Мэнцянь», плануецца запусціць у кастрычніку. Ні кітайскія, ні расійскія афіцыйныя асобы не далі ніякіх указанняў на тое, што яны будуць супрацоўнічаць у стварэнні гэтай станцыі, якая рухаецца па арбіце з такім нахілам, што да яе будзе цяжка дабрацца з расійскага касмадрома. Аднак Кітай і Расія дамовіліся аб сумесным будаўніцтве даследчай станцыі на месяцы ў 2030-х гадах.

Адной з самых вялікіх інвестыцый Расіі ў космас застаецца ваенны складнік. Краіна распрацавала, разгарнула і нават ужыла зброю супраць касмічных апаратаў, што мае наступствы для Міжнароднай касмічнай бяспекі. Расія выпрабавала супрацьспадарожнікавыя ракеты, апошні раз у лістападзе 2021 года, лазеры, а таксама выкарыстала электронную і кіберзброю супраць спадарожнікаў і наземных сістэм.

«Ва Украіне мы бачылі глушэнне GPS, глушэнне сувязі, глушэнне Starlink, якое яны змаглі ў выніку абысці, і кібератаку на наземныя тэрміналы ViaSat», — кажа Кейтлін Джонсан, навуковы супрацоўнік Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў. Але, улічваючы адносна нізкі кошт такіх нападаў, пакуль што рускія не ўжываюць кібервайны ў такім аб'ёме, як меркавалі эксперты, кажа Самсон.

У любым выпадку, нестабільнае становішча ў выніку азначае павелічэнне рызык для касмічных апаратаў і наземнай інфраструктуры, ад якой яны залежаць, уключаючы камерцыйныя спадарожнікі, якія былі ўцягнутыя ў канфлікт паміж Расіяй і Украінай.

Калі спадарожнікавыя кампаніі аказваюцца ўцягнутымі ў канфлікты на зямлі, гэта можа мець наступствы ў космасе. Згодна міжнароднаму праву ўзброеных канфліктаў, ваенныя могуць атакаваць толькі ваенныя, а не грамадзянскія аб'екты. Але гэта не перашкодзіць расіянам ударыць па апаратах «падвойнага прызначэння», такіх як Starlink і Maxar, калі яны выкарыстоўваюцца як у грамадзянскіх, так і ў ваенных мэтах ва Украіне, кажа Дэвід Коплаў, аўтар працы пра права ўзброенага канфлікту ў космасе.

«Паслядоўная палітыка Злучаных Штатаў заключаецца ў тым, каб змешваць ваенныя і цывільныя функцыі на канкрэтным спадарожніку, і я сцвярджаю, што гэта незаконна і неразумна, пра што сведчаць абставіны, падобныя да гэтай, калі падвойнае выкарыстанне спадарожніка робіць яго аб'ектам атакі», — кажа Коплаў. На ягоную думку, Расія можа лёгка і законна атакаваць шырокі спектр камерцыйных спадарожнікаў ЗША, калі яны выкарыстоўваюцца ў канфлікце.

Хоць геапалітычнае суперніцтва распаўсюджвалася на космас з часоў першага спадарожніка, цяпер, пасля пачатку канфлікту ва Украіне, міжнародная напружанасць у космасе зыходзіць у першую чаргу ад Расіі, сцвярджае Скот Пейс, дырэктар Інстытута касмічнай палітыкі Універсітэта Джорджа Вашынгтона.

«За выключэннем рускіх, большасць краін, падобна, прытрымліваюцца адной і той жа пазіцыі ў космасе. Нават у выпадку з Кітаем мы відавочна занепакоеныя іхняй [супрацьспадарожнікавай зброяй]. Але дыпламатычна мы ні з кім асабліва не канфліктуем, за выключэннем рускіх. Яны сапраўды зараз знаходзяцца ў ізаляцыі», — кажа ён.

Нават падчас канфліктаў Міжнародная касмічная станцыя з канца 1990-х гадоў служыць мостам паміж краінамі і культурамі, а астранаўты працуюць разам. Пакуль што Расія пагадзілася працягнуць абмен экіпажамі з ЗША на МКС, пачынаючы з верасня. Амерыканскі астранаўт Фрэнк Рубіа адправіцца на касмічную станцыю з Казахстана, а расійская касманаўтка Ганна Кікіна стартуе з Фларыды разам з астранаўтамі НАСА і Японіі.

Тым не менш, калі тэрмін службы станцыі падыдзе да канца-няхай гэта будзе ў 2028, 2030 ці пазней — такое супрацоўніцтва можа скончыцца разам з ёй.

«Хоць гэта велізарнае дасягненне, што дзякуючы МКС людзі пастаянна знаходзяцца на арбіце ўжо больш за два дзесяцігоддзі, і яны змаглі правесці мноства навуковых эксперыментаў на ёй і дзякуючы ёй, на мой погляд, яе самая вялікая спадчына — гэта роля, якую яна грае як дыпламатычны інструмент, — кажа Самсон, — Калі адзін з партнёраў фактычна сыходзіць, я думаю, мы губляем гэтую перавагу. І тое, што гэты аспект незаменны, турбуе мяне больш за ўсё».

Клас
13
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру