45 гадоў таму знялі Хрушчова. Піша Віталь Тарас.
45 гадоў таму знялі Хрушчова.
Апошнім часам усё больш размоваў, публікацый, фільмаў і тэлеперадач прысвячаюцца Сталіну. Пра яго гавораць як пра «эфектыўнага менеджэра», згадваюць яго ролю ў Вялікай Айчыннай вайне. А вось Хрушчова, які развянчаў культ Сталіна, амаль не ўспамінаюць.
Працэс забыцця пачаўся пры Брэжневе. 14 кастрычніка 1964 года адбыўся пленум ЦК КПСС, які зняў з пасады першага сакратара Хрушчова. Па сутнасці, гэта быў дзяржаўны пераварот, арганізаваны партыйнай наменклатурай, якая даўно марыла скінуць «дарагога Мікіту Сяргеевіча». Адправілі чалавека на пенсію (дзякаваць Богу, не ў турму) і зрабілі выгляд, як быццам яго і не было. Напрыклад, кінахроніку, у якой Гагарын ідзе пра Краснай плошчы і рапартуе пра свой палёт у космас, паказвалі ў скарочаным выглядзе: выразалі кадры з Хрушчовым, да якога той рапарт быў звернуты…
Засталося хіба слова «хрушчоўка»…
Хамская ўлада
Увосень 1964 года я пайшоў у першы клас. Некаторыя тагачасныя размовы дарослых памятаю. Напрыклад, пра тое, што цяпер, калі ў краіне будуць два кіраўнікі — генсек Брэжнеў і старшыня Савета міністраў Касыгін (Хрушчоў гэтыя дзве пасады сумяшчаў), адбудуцца змены да лепшага, стане больш свабоды. Тыя размовы мне нагадваюць цяперашнія развагі ў Расіі пра тандэм Пуцін‑Мядзведзеў.
Чамусьці інтэлігенцыя напачатку ўскладала вялікія спадзяванні на Касыгіна, хоць, як мы ведаем, быў ён тыповым сталінскім воўкам, які крочыў па трупах. Як, дарэчы, і Хрушчоў.
Хрушчоў вырас у беднай сям’і, пачатковую школу наведваў ад выпадку да выпадку. З чатырнаццаці гадоў працаваў шахцёрам у Данбасе і сапраўднай адукацыі за ўсё жыццё так і не атрымаў. Займаючы галоўную пасаду ў ракетна‑ядзернай дзяржаве, Хрушчоў заставаўся цёмным чалавекам. Карыстаючыся яго невуцтвам, вакол яго асобы круціліся прайдзісветы і махляры ад навукі. Самы вядомы з іх — акадэмік Лысенка, які пры Сталіне разграміў савецкую генетыку і фізічна знішчыў многіх біёлагаў, у тым ліку выдатнага селекцыянера Мікалая Вавілава. Лысенка заставаўся ў фаворы і пры Хрушчове.
А вось яго дачка Рада Аджубей была вельмі адукаванай і інтэлігентнай жанчынай.
Шмат гадоў яна рэдагавала часопіс «Наука и жизнь». (Зяць Хрушчова Аджубей быў галоўным рэдактарам «Известий».) Эканаміст Мікалай Шмялёў, які таксама быў сваяком Хрушчовых, успамінаў такі эпізод. Хрушчоў прыйшоў дамоў пасля працы раззлаваны. Нехта яму даклаў, што яўрэі прыдумалі хітрую навуку — разводзіць і вывучаць мух у лабараторыях. Шмялёў з дапамогай Рады спрабаваў Хрушчову патлумачыць, што законы спадчыннасці ў прыродзе можна, канечне, вывучаць і на сланах, але на мушках‑дразафілах усё ж зручней і танней. А яўрэі тут увогуле ні пры чым. Генетык Вавілаў, напрыклад, быў рускі. Хрушчоў набрыняў крывёй, грукнуў кулаком па стале і пачаў крычаць: «Дразафілы! Жыды! Дразафілы! Жыды!…»
Ён неаднойчы публічна крыў матам пісьменнікаў на нарадах у Крамлі, на выставе ў Манежы мастакоў‑нефармалаў называў «підарасамі» і «абстракцыстамі». Адзін з тых «абстракцыстаў» — скульптар Эрнст Неізвестный, дарэчы, стане аўтарам славутага помніка на магіле Хрушчова.
ХХ з’езд
Кім‑кім, але дурнем Хрушчоў не быў. А інакш не перамог бы Берыю, а потым іншых сталінскіх ваўкоў — Молатава, Малянкова, Кагановіча. За Сталінам яго трымалі за блазна, смяяліся з яго. Ён быў тоўсты і нязграбны (вынік перанесенай у маладосці хваробы). Сябры па палітбюро лічылі яго недалёкім. І пралічыліся.
Палітолаг Андрэй Піянткоўскі, гаворачы пра вядомы артыкул Дзмітрыя Мядзведзева ў інтэрнэце, у якім той крытычна ацэньвае сучасны стан Расіі, іранічна заўважае: уявіце сабе, што Хрушчоў зачытвае свой славуты антысталінскі даклад на з’ездзе партыі, а ў прэзідыуме сядзіць таварыш Сталін. Гэта пра тое, што Пуцін, на якім таксама ляжыць поўная адказнасць за сітуацыю ў краіне, рычагі ўлады выпускаць з рук не збіраецца.
На ХХ‑м з’ездзе ў прэзідыуме, варта памятаць, сядзелі тыя самыя Молатаў, Малянкоў, Кагановіч, а таксама Варашылаў, Булганін, іншыя верныя сталінцы.
Пасля смерці правадыра тады прайшло менш за тры гады. Дэлегатам з’езда не трэба было тлумачыць, што такое сталіншчына. Сваякі і знаёмыя многіх пацярпелі ад рэпрэсій. Таму казаць, быццам яны не ведалі таго, пра што гаварылася ў дакладзе, было б гэтак сама наіўна, як сцвярджаць, быццам члены НСДАП ў Германіі не ведалі пра злачынствы Гітлера. Іншая справа, што пра сталінскія злачынствы нельга было гаварыць.
Хрушчоў не проста парушыў табу, ён прыводзіў факты і дакументальныя сведчанні,
і ўсё гэта заносілася ў пратакол з’езда. А тое, што прыхільнікі Сталіна ўсё гэта выслухалі і не пярэчылі, ставіла іх у безвыходнае становішча. Хто не з першым сакратаром — той супраць лініі партыі.
Крытыка Сталіна Хрушчовым мела абмежаваны характар. Прыклады рэпрэсій, якія ён прыводзіў у дакладзе, тычыліся партыйных работнікаў і савецкіх кіраўнікоў рознага рангу. Менавіта тады нарадзіўся папулярны міф, нібыта пры Сталіне «адстрэльвалі начальства».
Лібералізацыя
Казаць пра тое, што масавы тэрор пачаўся яшчэ пры Леніне, што ахвярамі рэпрэсій сталі мільёны сялян, рабочых, амаль уся інтэлігенцыя, Хрушчоў не хацеў.
Але галоўным вынікам ХХ з’езда было тое, што мільёны незаконна асуджаных выйшлі на свабоду. Толькі ў Беларусь у 1956 годзе з лагераў вярнуліся каля 30 тысяч чалавек. У іх ліку Ларыса Геніюш, Сяргей Грахоўскі, Станіслаў Шушкевіч, іншыя дзеячы беларускай культуры.
Адбылася рэабілітацыя народаў, рэпрэсаваных Сталіным падчас вайны — калмыкаў, карачаеўцаў, чачэнцаў. Але ўзмацнілася і русіфікацыя. Яе падштурхнула вядомая фраза, кінутая Хрушчовым падчас паездкі ў Мінск у 1959‑м годзе: «Чым хутчэй мы пачнем гаварыць па‑расійску, тым хутчэй пабудуем камунізм».
Лібералізацыя рэжыму, якую тады называлі «адлігай»,
не зашкодзіла Хрушчову патапіць у крыві нацыянальнае паўстанне ў Венгрыі ў лістападзе 1956‑га.
Хрушчоў быў перакананым камуністам, а значыць — ваяўнічым бязбожнікам. Пры ім узмацніўся наступ дзяржавы на рэлігію.
Пры Хрушчове сяляне нарэшце атрымалі пашпарты. Але ўздыхнуць з палёгкай ім не далі. У выніку барацьбы з «прыватнаўласніцкімі інстынктамі» яны былі вымушаны высякаць свае сады (бо за кожнае дрэўца трэба было плаціць падатак), рэзаць авечак і коз, якіх забаранілі мець у хатняй гаспадарцы. Можна было трымаць толькі адну карову і адну свінню. А памер прысядзібнага ўчастка абмежавалі 35 соткамі.
Іншая гісторыя
Хрушчова знялі «за валюнтарызм». Але ў народзе гэтага слова не ведалі. У анекдотах яго называлі «хрушч», «тля кукурузная». І гэта было яшчэ самае мяккае.
Між тым, узровень жыцця ў гарадах на пачатку 1960‑х значна ўзрос.
У савецкіх людзей упершыню з’явіўся вольны час, магчымасць ездзіць па краіне і адпачываць. Можна было, напрыклад, пасядзець з кампаніяй ля вогнішча, спець пад гітару, распавесці анекдот, не баючыся рэпрэсій.
Ідэалагічная вайна пры гэтым, канечне, не спынялася ні на дзень — партыя змагалася са стылягамі, марнатраўцамі, адшчапенцамі.
У замежнай палітыцы працягвалася «халодная вайна»,
якая ў выніку ракетнага крызісу на Кубе ледзь не скончылася «гарачай» — тэрмаядзернай вайной.
Да гэтага Хрушчоў стаў першым савецкім кіраўніком, які наведаў Злучаныя Штаты. І хаця Захад не без падставаў пабойваўся савецкага лідэра, асабліва, калі ён заяўляў, «што сацыялізм закапае капіталізм», усё‑такі заходнія журналісты разгледзелі ў ім жывога чалавека. Гэта пазней пацвердзяць і мемуары Хрушчова, надыктаваныя ім на магнітную стужку і тайна вывезеныя на Захад. Там ён выклікаў хутчэй сімпатыі ў шырокай публікі.
Нешта падобнае адбудзецца праз трыццаць гадоў з Гарбачовым.
Як і Хрушчова, яго ўзненавідзіць не толькі наменклатура, але і народ. Адраджэнне сталінізму пры Брэжневе пачалося не з пастановаў партыі, а з партрэтаў правадыра за шклом у кіроўцаў грузавікоў. Інтэлігенцыя лічыла, што так адбывалася, бо народ нічога не ведаў пра злачынствы Сталіна. Сёння сказаць так ужо няможна. Шмат чаго вядома.
Але чаму народ любіць дыктатараў і не любіць тых, хто дае свабоду — гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Каментары