Бундэстаг Bundestag Бундестаг

Фота: AP Photo/Markus Schreiber

Як паведамляецца на сайце Бундэстага Германіі, хадайніцтва аб правядзенні дэбатаў па пытанні «За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям'і» падала кіроўная кааліцыя, якая складаецца з трох партый — Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ), Саюз-90/Зялёныя і Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП).

У дакуменце заяўляецца пра непарушнасць салідарнасці з беларускім дэмакратычным рухам і павагу і падтрымку «шматлікіх беларускіх змагароў за свабоду, якія асабіста плацяць вельмі высокую цану за мэту дасягнення дэмакратычнай Беларусі».

Аўтары адрозніваюць «беларускі рэжым» Лукашэнкі, які «гвалтоўна паставіў утрыманне ўласнай улады вышэй за волю беларусаў і будучыню краіны» летам 2020 года, а ў 2022-м «ператварыў Беларусь у базу і плацдарм расійскага войска ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны» і стаў «саўдзельнікам аднаго з самых жахлівых ваенных злачынстваў Расіі — дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей» ад насельніцтва краіны.

Яны заяўляюць аб тым, што сярод беларускага насельніцтва няма падтрымкі расійскай агрэсіўнай вайны. Пры гэтым існуе актыўны супраціў дзеянням рэжыму і магчымая альтэрнатыва яму.

«Нямецкі Бундэстаг цвёрда стаіць на баку ўсяго беларускага дэмакратычнага руху, Святланы Ціханоўскай і ўзначаленага ёю «Абʼяднанага пераходнага кабінета». Дэпутаты Бундэстага ўдзячныя за іх мужнасць, сілу, стойкасць і барацьбу за еўрапейскія каштоўнасці», — адзначаецца ў дакуменце.

Аўтары заклікаюць федэральны ўрад на еўрапейскім узроўні працягваць выступаць за жорсткія і мэтанакіраваныя як персанальныя, так і эканамічныя сектаральныя санкцыі. Побач з гэтым яны лічаць неабходным працяг падтрымкі ахвяраў гвалту, рэпрэсій і катаванняў, пашырэнне падтрымкі дэмакратычных сіл і беларускай грамадзянскай супольнасці.

Парламенцкая фракцыя адзначае важнасць «даць зразумець Расіі, што паступовае паглынанне Беларусі, якое фарсіруе Крэмль пры падтрымцы з боку Аляксандра Лукашэнкі, абсалютна непрымальнае і будзе адхілена самым рашучым чынам».

Акрамя заяўкі кіраўнічай кааліцыі ў Бундэстагу плануецца абмеркаваць заяву парламенцкай групы ХДС/ХСС «Вяртанне Беларусі да еўрапейскай сямʼі народаў — падтрымка волі людзей да свабоды».

Плануецца, што галасаванне адбудзецца адразу пасля дыскусіі вечарам 8 лістапада.

Чытайце яшчэ:

Нямецкі Бундэстаг прызнаў Галадамор генацыдам украінскага народа, супраць не галасавалі нават «сябры Пуціна»

Клас
10
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?