У горадзе Глыбокае з аўкцыёну прадаюць гатэль. Будынак выставілі на продаж на электроннай пляцоўцы Беларускай універсальнай таварнай біржы, піша Blizko.by.

Гатэль у Глыбокім пабудавалі ў 1963 годзе. Яго плошча складае 760 квадратных метраў. Будынак мае жалезабетонны падмурак, жалезабетонныя і драўляныя перакрыцці, а дах пакрыты металачарапіцай.
Пераможца аўкцыёну будзе абавязаны зноў адкрыць у будынку гатэль або матэль і працаваць не менш за тры гады з дня заключэння дамовы куплі-продажу.
Пачатковы кошт лота складае 900 522 рублі. Крок аўкцыёну — 5%. Акрамя таго, пераможца павінен заплаціць 150 рублёў за арганізацыю таргоў. Такім чынам, мінімальны кошт набыцця з улікам гэтых выдаткаў складзе 945 698 рублёў, або прыкладна 321 338 даляраў паводле актуальнага курсу Нацбанка Беларусі.
Аўкцыён прызначаны на 30 кастрычніка, пачатак — у 11:00.
Глыбокае вядомае як вішнёвая сталіца Беларусі. Штогод тут праводзяць «Вішнёвы фестываль», які сёлета адбыўся 24—25 ліпеня.
Каментары
Праблема ў раённых гарадах з гатэлямі рэальная.
Як у ЗША, дзе ўвесь танны сектар матэляў трымаюць Патэлі, не самы благі варыянт.