Грамадства129129

Дзіўны парад без апладысментаў. Ціхароў больш, чым святкуючых. Пратэстамі і не пахла

Аляксандр Лукашэнка прыняў парад, Коля разам з ім, таксама ў пагонах галоўнакамандуючага. Першая з запланаваных акцый інтэрнэт-апазіцыі не адбылася. Каля стэлы сабралася зусім мала публікі.

У Мінску сёння адбываюцца ўрачыстасці 3 Ліпеня. Аляксандр Лукашэнка прыняў парад, Коля разам з ім, таксама ў пагонах галоўнакамандуючага. Першая з запланаваных акцый інтэрнэт-апазіцыі не адбылася.

Каля стэлы сабралася зусім мала публікі. Праз малую колькасць публікі прайсці на пляцоўку перад трыбунай можна было зусім свабодна. Туды трапілі рэпарцёры «Нашай Нівы». Пратэсты не адбыліся: крытычная маса пратэстуючых проста не набралася.

Літаральна да кожнай групкі моладзі прыладзіўся ціхар у цывільным. Пры найменшых падазрэннях у нелаяльнасці ціхары бралі людзей пад локці і выводзілі. Такое ўражанне, што колькасць ціхароў была параўнальная з колькасцю святкуючых.

Малалікасць публікі можна патлумачыць як дрэнным надвор’ем зранку, так і бояззю людзей трапіць у заварушку, а таксама агульнай апатыяй грамадства.

Мінск, ягоныя паркі і праспекты, у цэлым 3 Ліпеня стаяць па-летняму апусцелыя, толькі чырвона-зялёныя штандары шаргацяць на ветры.

Уранку моцны дождж ішоў да 11.00. Пасля абеду ад 14.00 ізноў задажджыла.

13.23

БТ скончыла трансляцыю параду і свята.

13.20

Дзяўчынка ўрачыста ўручыла кветкі Аляксандру Лукашэнку «ад імя ўдзельнікаў параду». У гэты момант фізкультурнікі ўнеслі на праспект гіганцкі чырвона-зялёны сцяг. А ў неба выпусцілі сотні чырвоных і зялёных шарыкаў.

13.10

Дзейства каментуе пафасным голасам тэлевядучы. Нават на набліжэннях тэлекамер БТ народ назірае за ўсім апатычна і без энтузіязму. Людзі намучыліся, бо ім прыйшлося прыйсці на парад зранку і стаяць чакаць пад дажджом. Тым часам на праспекце танцоры змянілі кікбаксёраў. Пасля выехалі трактары.

12.59

Народ, які сабралі на парад, разыходзіцца. Сыход пачаўся адразу пасля таго, як Лукашэнка скончыў выступ, а пільнасць асобаў у цывільным знізілася.

12.54

Урачыстае шэсце працоўных і спартоўцаў адкрывае сям’я Ярмоленкаў. Анатоль Ярмоленка, ягоная дачка Алеся і ўнук Толя выконваюць песню па-расейску «День Освобожденья» і папуры з савецкіх песень.

12:53

Пачынаецца спартыўна-маладзёжнае дзейства.

12:52

Зводны аркестр Узброеных сіл выканаў песню па-беларуску «Пад чыстым небам».

12.40

Парадам прайшлі вайскоўцы і вайсковая тэхніка. Сёлета над горадам праляцела і баявая авіяцыя.

12.20

Паводле традыцыі, парад адкрылі юныя навучэнцы-сувораўцы.

12.18

Не менш за 3 чалавекі затрымалі ў раёне гатэля «Планета» Яны пачалі хлопаць у часе выступу Аляксандра Лукашэнкі. Сведкам гэтага быў рэпарцёр «Нашай Нівы».

Літаральна да кожнай групкі моладзі прыладзіўся ціхар у цывільным. Пры найменшых падазрэннях у нелаяльнасці ціхары бяруць людзей пад локці і выводзяць. Увогуле, такое ўражанне, што ціхароў не менш, чым святкуючых.

12.13

Пратэстамі нават і не пахне, паведамляюць рэпарцёры «Нашай Нівы». Але ніхто не слухае і Лукашэнку. Людзі, што сабраліся на парад, занятыя сваімі справамі.

12.10

Ніводзін чалавек побач са мной не захлопаў і не пачаў нічога крычаць пасля пачатку выступу Лукашэнкі, паведамляе рэпарцёр «Нашай Нівы».

12.07

Генерал-лейтэнант Жадобін далажыў Лукашэнку пра гатоўнасць да параду. Пачаўся выступ Лукашэнкі.

12.05

Генерал-лейтэнант Жадобін аб’язджае войскі і віншуе з Днём Незалежнасці. Войскі адказваюць: «Ура!».

12.00

У адкрытай машыне — міністр абароны Юрый Жадобін, які прымае парад. У другой машыне — камандуючы парадам генерал-маёр Пузікаў. Гучыць урачыстая музыка. Пачынаецца аб’езд войскаў.

11.59

На парад прыбыў Аляксандр Лукашэнка з Колем. Лукашэнка — у мундзіры галоўнакамандуючага. Віталі Лукашэнку вельмі стрымана. «О, Коленька!» — прабегла па шэрагах, калі выйшаў хлопчык.

11.57

Рэпарцёр «Нашай Нівы» пачуў па рацыі перамовы міліцыянтаў. У іх паведамлялася, што ёсць першыя затрыманыя.

11.55

На БТ пачалася жывая трансляцыя з параду. Пры здымках зверху відаць, што людзей сабралася нягуста. Не больш за некалькі тысяч чалавек.

11.55

Гледачам раздаюць дзяржаўныя сцяжкі.

11.50

Насупраць стэлы Горада-героя сабралася каля 5000 чалавек. На думку рэпарцёра «Нашай Нівы», большасць складаюць сваякі ўдзельнікаў параду. Атмасфера разняволеная. Сярод людзей ходзяць супрацоўнікі сілавых структур у цывільным. Прапускаюць людзей даволі ліберальна. Можна прайсці нават з заплечнікамі.

11.25

Каля пунктаў пропуску і ўздоўж трасы руху параду — нечуваная канцэнтрацыя спецназаўцаў і сілавікоў у цывільным.

11.18

Каля пунктаў пропуску сабраліся гіганцкія чэргі. Сотні людзей стаяць у чэргах як з боку Нямігі, каля Палаца спорту, так і з боку гатэля «Планета», і на мосце цераз Свіслач на праспекце Машэрава (былой вуліцы Варвашэні). Надгляд адбываецца марудна.

10.57

У Мінску сканчаецца дождж, неба яснее, у цэнтр горада пачынае сцякацца народ. Лукашэнкаўцы па запрашальніках запаўняюць трыбуны перад стэлай горада-героя. Першы канал лукашэнкаўскага тэлебачання ў навінах даў некалькі хвілін жывой трансляцыі з пляцоўкі параду. Жывая трансляцыя параду мае распачацца аб 11.55.

* * *

Завадатары акцыі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» заклікалі прыхільнікаў перамен сабрацца на час параду і «шэсця працоўных калектываў» каля стэлы «Мінск — горад-герой», дзе будуць праходзіць асноўныя афіцыйныя мерапрыемствы.

Пратэстоўцы збіраліся ў часе выступу Лукашэнкі пляскаць у далоні.

Рэпарцёры «Нашай Нівы» будуць дзяжурыць у розных пунктах горада.

Другая сустрэча ўдзельнікаў «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» мае адбыцца, а 19-й вечара — яе месца мае быць абвешчана, а 18-й у сацыяльных сетках.

Трэці этап — сустрэча каля абеліска «Мінск — горад-герой» (стэла) а 23:00 у час салюту.

Дагэтуль «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» правяла чатыры акцыі, што праходзілі па серадах (8, 15, 22 і 29 чэрвеня) у больш чым 50 гарадах Беларусі.

Гэтыя акцыі сталі вядомыя пад назвай «Вечары апладысментаў», калі людзі выходзілі на плошчы сваіх гарадоў без лозунгаў і скандаванняў, рэагуючы на сітуацыю апладысментамі. Акцыі 22 і 29 чэрвеня былі жорстка разагнаныя спецназам і людзьмі ў цывільным. Так, 22 чэрвеня ў краіне было затрымана каля 560, а 29 чэрвеня — каля 240 чалавек. Удзельнікі акцыі зведалі штрафы і адміністрацыйны арышт.

2 ліпеня адміністратары сеткі Вконтакте заблакавалі асноўную старонку «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі».

Калі зайсці на старонку групы, то ўбачыце толькі аб’яву: «Група часова заблакаваная і правяраецца адміністратарамі, бо некаторыя карыстальнікі мяркуюць, што яна не адпавядае правілам сайта». Блакаванне адбылося паміж 10.00 і 11.00 у суботу 2 ліпеня.

Адміністратары групы РПСС мяркуюць, што за банам стаяць беларускія спецслужбы. Яны сцвярджаюць, што задуманыя пратэсты носяць мірны, легітымны характар і адпавядаюць канстытуцыйнаму праву на свабоду сходу і меркавання. Вячаслаў Дзіянаў, адзін з завадатараў пратэсту, на сваіх старонках Вконтакте заклікае ўсіх актывістаў устрымацца ад выкарыстання сімволікі і пазбягаць канфліктаў.

Тым часам блакаваныя і некаторыя іншыя, не такія шматлікія групы Вконтакте, якія мелі антылукашэнкаўскую накіраванасць.

Група «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» на момант блакавання налічвала каля 20 тысяч сяброў.

На працягу чэрвеня на заклік супольнасці «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» людзі выходзілі на цэнтральныя плошчы гарадоў кожную сераду, а 19-й і проста гулялі.
У Мінску далучыліся аўтамабілісты. Яны прыязджаюць у цэнтр і сігналілі. У такі спосаб людзі патрабавалі палітычных і эканамічных перамен. Першыя акцыі СМІ, у тым ліку і «Наша Ніва», нават не заўважылі. Заклікі на іх распаўсюджваліся толькі ў сацыяльных сетках, а выходзіла на плошчы пара дзясяткаў людзей.

Аднак ідэя спадабалася сваёй простасцю. І 15 чэрвеня ў цэнтр Мінска высыпала столькі людзей, што напалоханыя ўлады закрылі для выхаду станцыі метро «Купалаўская» і «Кастрычніцкая» і заблакавалі турнікетамі плошчы Кастрычніцкую і Свабоды.

У Мінску найбольшая акцыя адбылася 22 чэрвеня, у ёй узялі ўдзел некалькі тысяч пратэстоўцаў. У Гомелі, Брэсце і Гродне — 29 чэрвеня, з удзелам соцень людзей.

Лідары апазіцыі падтрымалі пратэстоўцаў.

У той жа час апазіцыйныя інтэлектуалы і аналітыкі выказвалі меркаванне, што ў краіне не стварылася крытычнай масы пратэсту, а выступам, арганізаваным праз інтэрнэт, бракуе цэласнай праграмы.

Адзначаць 3 Ліпеня як дзяржаўнае свята пачалі ад 1996 года. У гэты дзень у 1944 годзе савецкія войскі занялі Мінск.

Каментары129

Цяпер чытаюць

Пад Смалявічамі са стралянінай затрымалі трох малалетак-замежнікаў, якія на замову напалі на дом пенсіянераў10

Пад Смалявічамі са стралянінай затрымалі трох малалетак-замежнікаў, якія на замову напалі на дом пенсіянераў

Усе навіны →
Усе навіны

«Масква паказвае Лукашэнку, што ніякі Коля не будзе наступным прэзідэнтам Беларусі»22

Экс-міністра энергетыкі Украіны затрымалі пры спробе з'ехаць з краіны2

Беларусы атрымліваюць жыроўкі пасля студзеньскіх маразоў. Колькі за ацяпленне?3

Блогер Павел Спірын выехаў у Літву2

«Па-таварыску заклікаем беларускіх сяброў». У МЗС Расіі папярэдзілі Лукашэнку пільнаваць расійскія інтарэсы ў адносінах з ЗША32

У Бабруйску пацярпела жанчына — на яе з даху ўпаў снег

Карткі літоўскай Paysera перасталі працаваць у Беларусі14

У Беларусь вярнуліся дваццаціградусныя маразы

Актрыса Купалаўскага прызналася, што тэатр так і не змог адысці пасля 2020 года12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Смалявічамі са стралянінай затрымалі трох малалетак-замежнікаў, якія на замову напалі на дом пенсіянераў10

Пад Смалявічамі са стралянінай затрымалі трох малалетак-замежнікаў, якія на замову напалі на дом пенсіянераў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць