Архіў

Вайна — гэта бяда

У нашым зьмененым сьвеце вайна, любая, — гэта бяда. Так і перадайце тэарэтыкам. Справядлівая ці несправядлівая, наступальная ці абарончая, нават антытэрарыстычная — бяда. Учора Югаславія, сёньня Ірак, заўтра… Заўтра цывілізаваны і дэмакратычны сьвет убачыць найярчэйшы свой антыпод у Паўночнай Карэі. Пасьлязаўтра — у Беларусі, дзе пануе апошні дыктатар Эўропы.

Рэжымы — як людзі. Ёсьць малыя, як дзеці; ёсьць не такія, як наш; ёсьць і зусім вар’яты, якіх цывілізаваныя супольнасьці называюць цяпер не вар’ятамі, а «іншымі»; ёсьць адкрыта варожыя. Але зь нядаўняга часу людзі перасталі забіваць наравістых і шкадлівых дзяцей, перасталі зьнішчаць вар’ятаў. У дачыненьнях зь імі зьявіўся іншы матыў — размаўляць. Якім бы немагчымым і безнадзейным гэта ні выглядала, трэба размаўляць. Якая б прорва ні была паміж намі — цывілізаванымі, адукаванымі і міралюбнымі — і імі — дзікімі, цёмнымі й ваяўнічымі, — мы мусім размаўляць. Са шкадлівым дзіцёнкам, з вар’ятам-«іншым», зь непрымірымым ворагам.

Кажуць, Амэрыка мае свае шкурныя інтарэсы ў гэтай вайне з Іракам. Маўляў, там, на далёкім полі бою, яна знойдзе сваю ўнутраную стабільнасьць, свой падноўлены імідж звышдзяржавы і бясконцыя запасы нафты. Але ня ў гэтым рэч. Трэба зусім ня ведаць Амэрыкі, каб падазраваць у ёй адно шкурніцтва. Сама Амэрыка кажа, што хоча захінуць сьвет ад пагрозы, якая сыходзіць з Іраку, ну і ў дадатак — зьнішчыць дыктатуру Садама, ашчасьлівіць ірацкі народ. Вось два матывы, якія нібыта апраўдваюць бяду.

Пачну з другога, бо ён бліжэйшы нам. Нас таксама можна захацець ашчасьлівіць, пазбавіўшы ад апошняга дыктатара Эўропы. Дыктатара гэтага выбірала большасьць нас і большасьць нас падтрымлівае дагэтуль — не таму, што ён такі ўжо нам любы, не, а таму, што яму пакуль што няма альтэрнатывы. Няма такой асобы, такой праграмы, такой энэргетыкі, такой хітрасьці, калі хочаце, якая б пераўзышла хітрасьць цяперашняга кіраўніка. Гэта значыць, што мы з вамі, усе разам, як народ яшчэ не гатовыя нарадзіць такога. Мы яшчэ толькі фармуемся як сучасная нацыя. Гэта адбываецца марудна і цяжка, але прысьпешыць гэта немагчыма. Ужо гадоў дзесяць амэрыканская дэмакратыя спрабуе дапамагчы нам дасьпець, аднак нічога з гэтага не выходзіць. Таму што немагчыма нікога загнаць палкамі ў рай. Трэба размаўляць. Бо нясьпеласьць нацыі ня можа быць падставаю для вайны.

Амэрыка мае досьвед размаўляньня — радыёстанцыі (успомнім, якую ролю ў развале імпэрыі СССР адыграла амэрыканскае радыё «Свабода»), тэлеканалы (для Кубы, а цяпер ствараюць і для арабскіх краінаў). Гэта ўсё — размаўляньне з-за мяжы. Ёсьць і «кантактны» спосаб — зварот да культураў у недэмакратычных краінах. Скажам, сёньня ў сьвеце зьявілася такое паняцьце, як іранскае кіно, — і мы раптам пачулі іх, яшчэ ўчора зусім закрытых ад нас іранцаў. Культура, найперш яе мастацкія жанры, — заўсёды і першы дысыдэнт, і першы парлямэнтар, і першы міратворца. Бо зь яе сьвет даведваецца пра рэальны стан розумаў у краіне-ізгоі. Хіба не з раманаў Маркеса мы глядзелі на лацінаамэрыканскія дыктатуры, быццам зь сярэдзіны.

Найважнейшыя складнікі размаўляньня: пачуць і быць пачутым. Не сказаць і нават не паслухаць, а менавіта пачуць і быць пачутым. Бо пачуўшы, ты можаш адчуць, а адчуўшы — суперажываць, прымаць бяду іншага як сваю. Нічога большага і больш боскага за суперажываньне ў чалавеку няма. Гэта наша жыцьцё і ўсё, што ў нас ёсьць перад сусьветам, у якім мы яшчэ так мала ведаем і можам. Але ў выпадку з Іракам дамінуе пакуль што іншы матыў — сказаць. Сказаць, што наша цярпеньне вычарпанае і мы гатовыя пакараць ізгоя. Нягледзячы нават на тое, што статут ААН забараняе нам прэвэнтыўныя войны. Пры гэтым мы ня можам сказаць, што чуем Ірак і што Ірак чуе нас.

Другі матыў — пагроза, што зыходзіць ад Іраку для іншага сьвету. Але сучаснаму сьвету стакроць прасьцей забясьпечыцца ад такой пагрозы, чым стакроць большыя сродкі выдаткоўваць на бяду, якая стане агульнай для ўсіх.

Новая вайна ня дасьць такой сатысфакцыі, якую магла б даць яшчэ ня так даўна. Бо цяпер любая вайна, паўтаруся, — гэта бяда, а ў бяды ня можа быць перамогі. У сучаснай вайны ня можа быць пераможнага канца. Што ў вайны з талібамі ў Аўганістане, што ў антытэрарыстычнай вайны супраць бэн Ладэна, што ў расейскай вайны ў Чачэніі... Адно цягам гэтых войнаў множацца і множацца да бясконцасьці чалавечыя трагедыі. Гэта гібель непачутых і тых, хто ня даў сабе клопату пачуць. Пра гэтыя войны ўжо ня будзе такіх фільмаў, як пра другую сусьветную або нават карэйскую ці віетнамскую. Сьвет зьмяніўся. Мне цяжка ўявіць, каб бацькі амэрыканскага салдата, стоячы над ягонай труной, адгружанай з Іраку, адчувалі высокі гонар за свайго сына-героя. Калі вайна стала бядой, гэта значыць, што ў ёй не засталося месца анічому высокаму, сьцьвярджальнаму і сьветламу, як гэта было раней. Вайна стала татальным занудным холадам у сэрцы ўсіх яе ўдзельнікаў, бо ў бяды няма пераможцаў. Пераможцы могуць быць толькі над бядою, над вайною, над ідэяй бамбаваць нейкую краіну і нейкі народ толькі таму, што гэты народ выбірае дыктатара. Таму сапраўдным героем у сёньняшнім сьвеце стане той, хто прадухіліць бяду. Гэта значыць — здолее быць пачутым на тым баку лініі фронту і пачуе, што кажуць там.

Сяргей Дубавец

Каментары

Цяпер чытаюць

Топ сучасных элітных жыллёвых комплексаў Мінска. Квадрат там каштуе да 11 000 даляраў1

Топ сучасных элітных жыллёвых комплексаў Мінска. Квадрат там каштуе да 11 000 даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

Захоп закладніка і катаванні: у Закапанэ будуць судзіць беларуса за выкраданне чалавека2

У Беларусі прадаюць унікальны 47‑гадовы BMW 5‑серыі — часоў Машэрава. Цана — $25 тысяч6

Ізраіль заявіў пра забойства архітэктара ядзернай праграмы і адной з самых уплывовых фігур Ірана Алі Ларыджані10

Ізраіль заяўляе, што забіты кіраўнік іранскай арганізацыі «Басідж», якая падаўляе пратэсты5

Турчын заявіў, што Беларусь не будзе канфіскоўваць літоўскія фуры10

Беларускі добраахвотнік збіраецца адкрыць у Кіеве рэстаран3

Рыбакі знайшлі на Бярэзіне дзіўную палонку, побач ляжаў ледабур2

Венгрыя цісне на ЕС адмяніць пошліны на беларускія ўгнаенні2

«Прывязалі да турніка, галаву абматалі скотчам». Блізкія вайскоўцаў у «ДНР» паскардзіліся на катаванні 10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Топ сучасных элітных жыллёвых комплексаў Мінска. Квадрат там каштуе да 11 000 даляраў1

Топ сучасных элітных жыллёвых комплексаў Мінска. Квадрат там каштуе да 11 000 даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць