Архіў

Трымайце сьцяг вышэй

7 чэрвеня 1995 г. на стадыёне «Дынама» зборная Беларусі выйграла ў аднаго з грандаў сусьветнага футболу, зборнай Галяндыі, — 1:0. Роўна праз восем гадоў, 7 чэрвеня 2003 г. нашы сустракаліся на тым жа «Дынама» з тымі ж галяндцамі — і прайгралі 0:2. Адзінае адрозьненьне ў гэтых дзьвюх гульнях, якое дагэтуль стаіць у мяне ўваччу, — сотні бел-чырвона-белых сьцягоў, ужо забароненых Лукашэнкам, на трыбунах у 95-м і мора чырвона-зялёных сёлета.

Тады, у год ганебнага рэфэрэндуму, дэпрэсія нацыянальнага руху была вельмі падобнай да сёньняшняй. Калі зьбілі дэпутатаў ад апазыцыі, з пратэстам на плошчу выйшлі колькі дзясяткаў актывістаў; на Дзяды-95 ля будынку КДБ, дзе выступалі яшчэ Пазьняк і Быкаў (!), сабралася чалавек трыста; а на выбарах у Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня ня быў абраны ніводзін фронтавец. Адчуваньне поўнае паразы й безнадзёгі трымцела ў паветры. І я добра памятаю, чаму ў тую восень 95-га прыйшоў на Варвашэні, 8, ва Ўправу БНФ: гэта было адзінае месца ў Менску, дзе на ўваходзе застаўся лунаць бел-чырвона-белы сьцяг.

Ніхто й уявіць сабе ня мог, што празь некалькі месяцаў увесну 96-га выбухне хваля шматтысячных маніфэстацыяў. Але сьцяг падымалі на кожным пікеце — каб даць сыгнал адкрытага супрацьстаяньня. Сьцьвердзіць знак, можа, далёкае, але перамогі.

Сёлета, калі мы фактычна страчваем астатні сымбаль незалежнасьці — нацыянальную валюту, большасьць апазыцыйных структураў ужо адмаўляецца ад вулічных акцыяў як мэтадаў супраціву. Партыі й рэгіёны мігруюць у бок «сыстэмнае палітыкі». Нават хартысты з сваім мітынговым іміджам, засноўваючы новы рух, абвясьцілі, што змаганьне пойдзе за месцы ў палатцы. Партыйныя й сіне-зорныя штандары, а часам і чырвона-зялёныя дэпутацкія значкі паўсюль замяняюць сабой бел-чырвона-белы сьцяг. Праўда, як паказваюць сацыялёгія і футбол, вынік горшы, чым у 1995-м.

Сымбалічны ўзровень супраціву — знакавыя акцыі, мінімальныя пікеты, вывешваньне сьцягоў на ўгодкі, Курапацкая абарона й нават адстойваньне назвы станцыі мэтро — рэч надзвычай важная й паказальная. Гэта не імітацыя і не «піяр». Гэта эфэкт прысутнасьці Беларусі. Гэта сыгнал, што пасьля дзевяці гадоў рэжыму нехта яшчэ гатовы ўстаць на ўвесь рост. Бо калі мы зьнікаем з вуліцы — будзьце пэўныя, па нашыя душы хутка пачнуць прыходзіць ужо дахаты.

Ведаеце, чаму пратэстны настрой беларусаў застаецца на ўзроўні бурклівага шэпту і папяровых адсоткаў? Ды проста, пакуль дзеячы апазыцыі сядзяць ціха і, не падымаючы галавы, рыхтуюцца да чарговых «выбараў», народ сабе думае: «О-о, нават адмарозкі ў кусты пахаваліся. Значыць, зусім гамон», — і прыгінаецца яшчэ ніжэй.

Бел-чырвона-белы сьцяг, што цудоўным чынам узьнікаў як заклік да наступу ў вырашальныя моманты беларускай гісторыі, — гэта белая палатніна з крывёю ўкрыжаванага Ісуса, гэта перамога, у якую трэба верыць.

Хочаце перамагчы? Трымайце сьцяг вышэй!

Павал Севярынец

Каментары

Цяпер чытаюць

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Спявачка Арыяна Грандэ запатрабавала ад Белага дома не выкарыстоўваць яе песень у антыіміграцыйных роліках

12‑гадовую іспанскую дзяўчынку згвалцілі пяць аднакласнікаў на дні нараджэння. Ім за гэта нічога не будзе28

Двухмесячнае дзіця выпадкова атруцілася лімоннай кіслатой з чайніка

На «Беларуськаліі» загінуў рабочы, яшчэ двое атрымалі траўмы

Памерла тайская прынцэса Баджракіціябха — старэйшая дачка караля і абаронца правоў вязняў. Тры гады яна была ў коме

Дзмітрый Мядзведзеў апублікаваў здзеклівае віншаванне з Днём Расіі38

«Большая частка сядзіць сумленна, але ціха». Павел Вінаградаў пра палітвязняў, чые прозвішчы невядомыя6

Беларус зрабіў прапанову каханай каля знакамітага фантана Трэві ў Рыме — пад апладысменты дзясяткаў турыстаў49

Як замяніць старыя сапсаваныя аўтамабільныя нумары на новыя5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе9

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць