Меркаванні33

Адзіная магчымасьць захаваць дзяржаву

З Рыгорам Сітніцам гутарыць Міхась Скобла: «Я перакананы, што адбудзецца паварот да нацыянальных каштоўнасьцяў».

З Рыгорам Сітніцам гутарыць Міхась Скобла: «Я перакананы, што адбудзецца паварот да нацыянальных каштоўнасьцяў».

Нядаўна ў курортным мястэчку Ніда, што на Куршскай касе ў Балтыйскім моры, адбыўся міжнародны літаратурна-мастацкі пленэр. У ім бралі ўдзел паэты й мастакі з Польшчы, Літвы й Беларусі. Сярод творцаў, што прадстаўлялі Беларусь, быў і мастак Рыгор Сітніца.

Міхась Скобла: “Рыгор, пленэр працягваўся шэсьць дзён. Паводле Старога Запавету, за гэткі ж час быў створаны сьвет. А што было створана на пленэры паэтамі й мастакамі з трох сумежных краінаў?”

“Ніда – узор таго, як людзі павінны ставіцца да сваёй старасьвеччыны”

Рыгор Сітніца: “Мы стварылі свой маленькі ўтульны сьвет, сьвет сумоўя, сяброўства. Творцам быў зладжаны цудоўны прыём, паклапаціўся пра ўсё Саюз пісьменьнікаў Літвы, а фінансаваўся пленэр літоўскім урадам.

Уражаньні ад Ніды – найлепшыя. Ніда – узор таго, як трэба ставіцца да спадчыны. Дзе ні бываю, я прыглядаюся да таго, як людзі ставяцца да старасьвеччыны. На вялікі жаль, гэтыя параўнаньні не на нашу карысьць. Ніда – колішняе рыбацкае паселішча, а цяпер там запаведнік. Там дамкі настолькі ўпісаныя ў ляндшафт! Бачна, што прафэсійны мастак распрацаваў адзін стыль і сказаў: усё ў Нідзе павінна гэтаму стылю адпавядаць. І таму там усё ў адной каляровай гаме. І калі ты хочаш збудаваць на касе супэрсучасны будынак, то будзь ласкавы – прытрымлівайся гэтага стылю. Прыкладам, у Нідзе стаіць сучасны касьцёл надзвычай дасканалай формы, стоадсоткава ўпісаны ў ляндшафт. Я прыгледзеўся – а ён накрыты чаротам”.

Скобла: “У нас такі касьцёл накрылі б мэталёвай дахоўкай”.

Сітніца: “У нас і накрываюць. Касьцёл сьвятога Язэпа, адзін з самых старых будынкаў у Менску, які калісьці быў накрыты натуральнай дахоўкай, цяпер накрылі мэталёвай, зрабілі “красіва”. Мала таго, з яго зьбіраюцца зрабіць гатэль пяцізоркавы. Ну, я аналягаў у сьвеце ня ведаю, тут мы паперадзе плянэты ўсёй”.

Скобла: “А як на пленэры паразумеліся тры розныя мовы, культуры?”

Сітніца: “Пленэр у Нідзе мне надзвычай спадабаўся сваёй цеплынёй, шчырасьцю. Сабраліся людзі практычна незнаёмыя, але, як аказалася, блізкія. Ад кожнай краіны было па дзесяць чалавек – па пяць літаратараў, і па пяць мастакоў – агулам трыццаць чалавек удзельнікаў. Беларускую літаратурную дружыну прадстаўлялі Ўладзімер Някляеў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, а таксама віленскія беларусы Тацяна Сапач і Алег Аблажэй. Мастацкі бок – Аляксей Марачкін, я, Генадзь Драздоў, Кацярына Сумарава.

Скобла: “Я так зразумеў, што творчы працэс адбываўся непасрэдна на месцы: мастакі хадзілі на эцюды, паэты перакладалі адзін другога. З беларускага боку ў пленэры бралі ўдзел паэты, якія карыстаюцца традыцыйным вершам. У той час, як літоўцы з палякамі ледзь не пагалоўна перайшлі на вольны верш – вэрлібр. Розныя творчыя манэры не заміналі пры перакладах?”

“Хваліць сваю родную нацыю – ніколі ня сорамна”

Сітніца: “Гэта рухала ўсю справу ў станоўчы бок. Бо нашы творцы, нашы перакладчыкі толькі паляпшаюць арыгінал, я ў гэтым неаднойчы пераконваўся. Тое самае адбылося і ў Нідзе. Пагадзіся, калі перакладае Ўладзімер Някляеў, то ягоная энэргетыка перадаецца й таму аўтару, якога ён перакладае, і якому, магчыма, някляяеўскай энэргетыкі, акурат і не стае. Так што беларускія пераклады пайшлі на карысьць нашым польскім, і, асабліва, літоўскім калегам”.

Скобла: “Ох і любяць беларусы самі сябе пахваліць”.

Сітніца: “А чаму ж не пахваліць, калі ёсьць чым хваліцца? Ну, хай паспрабуюць літоўцы перакласьці някляеўскую паэму “Палянэз” – зь ейнай рытмікай, рыфмоўкай, энэргетыкай. Гэта вельмі складана”.

Калі мы ў Нідзе зьбіраліся на вечаровыя сустрэчы зь лёгкімі напоямі, то ўрэшце даходзіла да сьпеваў. Вось у сьпевах беларусам і насамрэч роўных няма! Літоўцы яшчэ так-сяк тры-чатыры песенькі ўспомнілі, палякі – адну-дзьве. Ну, а беларускіх песьняў хапіла ледзь не на ўсю ноч! Прычым, з камэнтарамі. “Вось песьня “Волы” – гэта нашы прадзеды едуць у Крым па соль. А песьня “Купалінка” сьпявалася на Купальле…” Усім гэтым мы ня проста зьдзівілі, а проста ашаламілі й літоўцаў, і палякаў! І нас кожнага разу прасілі паўтарыць праграму. Што мы з задавальненьнем і рабілі. Зрэшты, дзе ні бываю, гэты “цьвік” праграмы я стараюся выкарыстоўваць на ўсе сто адсоткаў. Гэта называецца – ведай нашых!”

Скобла: “Ты штогод удзельнічаеш у мастацкіх пленэрах за мяжой. І там гэта – адна з яскравых праяваў культурнага жыцьця. Ці часта ладзяцца падобныя пленэры ў Беларусі, і чым яны адрозьніваюцца ад замежных?”

Сітніца: “На жаль, у нас пленэры ладзяцца зусім нячаста. Найчасьцей, мне даводзіцца бываць у Польшчы – там штогод праводзяцца дзясяткі, калі ня сотні самых розных пленэраў. Яны ладзяцца ў кляштарах, у другіх незвычайных месцах. Напрыклад, усясьветна вядомы рэжысэр Кшыштаф Занусі праводзіць прыватны пленэр на сваёй віле пад Варшавай. А што ў нас? У нас ёсьць пленэр імя Язэпа Драздовіча, які штогод ладзіць на Віцебшчыне суполка мастакоў “Пагоня”. Ладзіцца яшчэ адзін салідны пленэр імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі на Магілёўшчыне. Ён ладзіцца на дзяржаўныя сродкі, і ён — беларуска-расейскі: адбываецца на Магілёўшчыне і ў Расеі, на Акадэмічнай дачы. Гэты пленэр мае добрае фінансавае забесьпячэньне, і дзякуй Богу, што дзяржава лічыць патрэбным яго падтрымаць. Я хацеў бы, каб падобныя пленэры ладзіліся і ў гонар Напалеона Орды, Валенція Ваньковіча, Віталя Цьвіркі. Гэта маглі б быць магутныя пленэры. Але тут павінна дапамагаць дзяржава”.

Скобла: “Віктар Карамазаў, які вельмі шмат зрабіў дзеля ўшанаваньня памяці Бялыніцкага-Бірулі, расказваў, што некаторыя замежныя мастакі пакідаюць магілёўскі пленэр на знак пратэсту супраць афіцыёзу, які там пануе. Разам з дзяржаўнай дапамогай на пленэр прыходзіць афіцыёз. Як тут быць?”

“Паварот да нацыянальных каштоўнасьцяў – адзіная магчымасьць захаваць і дзяржаву, і саміх сябе”

Сітніца: “Ды вельмі проста. Дзяржава (якая б ні была, яна – наша) павінна станавіцца больш культурнай. І той кіраўнік пленэру, які прызначаецца дзяржавай, павінен быць адукаваным, культурным чалавекам. Дзяржава павінна дбаць пра свой нацыянальны прэстыж”.

Скобла: “Рыгор, я прыгадваю адну тваю графічную працу: крыж з абгарэлых галавешак на прыступках станцыі мэтро “Няміга”. І напісана яна была за гадоў пяць да трагедыі, калі на тых самых прыступках загінулі 53 чалавекі. Ты нібы прадбачыў бяду. У сувязі з гэтым пытаньне. Днямі ўключаю БТ – а там рэклямуецца часопіс “Дзеяслоў” – прытулак неляяльных да ўлады пісьменьнікаў. Праз пару дзён па тым жа БТ – выдатны канцэрт беларускай песьні на словы Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Уладзімера Някляева. І гэтым разам – з пазначэньнем аўтараў, чаго звычайна не бывае. Зноў жа – днямі прынята рашэньне аб наданьні менскім вуліцам імёнаў Льва Сапегі й Янкі Брыля. Вы верыце, што гэтая ўлада нарэшце павернецца тварам да нацыянальнай культуры?”

Сітніца: “Я перакананы, што дзяржава рана ці позна павернецца тварам да нацыянальных каштоўнасьцяў, бо гэта адзіны разумны шлях. Гэта адзіная магчымасьць захаваць і дзяржаву, і саміх сябе – як нармальных цывілізаваных людзей. Мяне вельмі цешыць, што зьявяцца вуліцы, якія будуць насіць імёны нашых славутых нацыянальных дзеячаў. Але гэтыя вуліцы не павінны быць у Малінаўцы ці Шабанах. Ды гэта асобная гаворка... Даўно ўжо дзяржаўным СМІ варта зьвярнуць увагу на самы лепшы літаратурны часопіс краіны – “Дзеяслоў”, хай сабе ён і не дзяржаўны. Дзяржаўныя зь яго прыклад павінны браць.

Часам чалавек, які доўга не галіўся, хадзіў зарослы, раптам паголіцца, то ўсе адразу заўважаюць перамену – гляньце, чалавекам стаў! Так можа быць і з нашай дзяржавай. Але нічога дзіўнага тут няма. Гэта – норма”.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Дэмакраты адбіраюць у рэспубліканцаў Сенат і Палату прадстаўнікоў у ЗША

Дэмакраты адбіраюць у рэспубліканцаў Сенат і Палату прадстаўнікоў у ЗША

Усе навіны →
Усе навіны

«Сіл няма, рэсурсаў няма, усе стаміліся». Лукашэнка заявіў, што вайна ва Украіне ў найбліжэйшыя месяцы будзе скончаная24

У ЗША пачынаецца вырашальны дзень прамежкавых выбараў у Кангрэс. Больш за 50 мільёнаў выбаршчыкаў ужо прагаласавалі1

Над Кіевам стварылі купал РЭБ супраць рэактыўных «Шахедаў»1

Мінчанка знайшла абгарэлыя купюры. Ці можна іх абмяняць?

Яму далі 15 гадоў па паказаннях Пратасевіча. Ён пасівеў за адну ноч40

29‑гадовага беларуса забілі ў Маскве. Падазраюць іншага беларуса4

У Лёзне ў гаражы знайшлі бітоны з чалавечымі парэшткамі1

Жанчына ў Бабруйскім раёне памерла ад укусу змяі

На «Мінск-Арэне» шайба трапіла заўзятарцы ў галаву. Хакеісты наведалі яе ў бальніцы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дэмакраты адбіраюць у рэспубліканцаў Сенат і Палату прадстаўнікоў у ЗША

Дэмакраты адбіраюць у рэспубліканцаў Сенат і Палату прадстаўнікоў у ЗША

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць