Веласіпедыст Кірыенка, які праваліўся ў Рыа: «Алімпіяда мне не вельмі цікавая»
Васіль Кірыенка пасля алімпійскай раздзелкі, у якой заняў 17-е месца, падзяліўся ўражаннямі ад Алімпіяды.

Васіль Кірыенка. Фота Reuters.
— Вам падабаецца атмасфера Алімпіяды? Вярнуліся б праз чатыры гады?
— Ведаеце, асабіста ў мяне арганізацыя Гульняў ніякіх эмоцый не выклікае. У сваім жыцці бачыў прафесійныя спаборніцтвы самага высокага ўзроўню. Туды прыходзяць людзі, якія любяць веласпорт. А тут сярод заўзятараў палова — журналісты, палова — валанцёры. Ёсць яшчэ нейкіх пятнаццаць чалавек. Упершыню звярнуў на гэта ўвагу ў Пекіне, дзе на трасе наогул нікога не было. А на Вялікабрытаніі ці «Тур дэ Франс» збіраецца каля трох мільёнаў гледачоў.
— Алімпіяда зжывае сябе?
— Яна мне не вельмі цікавая як форум. Плюс нешта абвастрылася наконт допінгу. Спартсмены абвінавачваюць адзін аднаго… Сустрэў нядаўна былога таварыша па камандзе Сашу Сярова — катаўся па трасе, дзе праходзіла індывідуальная гонка. Пацікавіўся, як справы. Кажа: «Ды якія справы? У нас траім забаранілі стартаваць…» Сёння ехаў брытанец — мой таварыш па камандзе, добры хлопец. Толькі я, каб мець дзве ліцэнзіі для Беларусі, выйграў чэмпіянат свету. А ён стартаваў проста таму, што добры хлопец. Расіянаў жа не дапускаюць па ліцэнзіях, якія заслужылі. Гэта ўжо рэальна падвойныя стандарты.
— А веласпорт, па-вашаму, прайшоў ачышчэнне ад допінгу?
— Не ў маёй кампетэнцыі кагосьці вінаваціць і нешта каментаваць. Але хачу заўважыць, што тут, у Рыа, сутыкнуўся з цікавай з'явай пры праходжанні допінг-кантролю. Мне зусім няма чаго баяцца, аднак былі парушэнні. У прыватнасці, прасіў дапісаць у пратакол, што не знішчылі штрых-коды для прабірак. Сказалі, кудысьці трэба прыляпіць. Але гэта ж строга рэгламентаваная працэдура. Я здаваў пяць кантроляў на «Тур дэ Франс» — заўсёды ўсё рабілася па правілах.
Каментары