Здарэнні11

Маці васьмімесячнай дзяўчынкі, загрызенай сабакам, прысуджаная да трох гадоў пазбаўлення волі

11 жніўня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска абвешчаны прысуд па справе 25-гадовай мінчанкі Кацярыны Пашук, васьмімесячную дачку якой загрыз сабака. Яна прысуджаная да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 200 базавых велічынь. Прысуд абвясціла суддзя Юлія Крэпская.

Дзяржаўны абвінаваўца, старшы памочнік пракурора Фрунзенскага раёна Крысціна Асран, прасіла прыгаварыць жанчыну да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі-пасяленні. Сваю пазіцыю дзяржабвінаваўца выказала 9 жніўня.

Абаронца Васіль Лушнікаў прасіў суд прызначыць абвінавачванай арышт і з улікам знаходжання яе ў СІЗА вызваліць з-пад варты ў зале суда.

Мінчанцы інкрымінавалася ўчыненне злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 159 КК (яўнае пакіданне ў небяспецы, учыненае асобай, якая сама па неасцярожнасці ці з ускосным намерам паставіла пацярпелага ў небяспечны для жыцця або здароўя стан). Максімальнае пакаранне за гэта злачынства — тры гады пазбаўлення волі са штрафам ад 30 да 1.000 базавых велічынь.

Трагедыя адбылася позна ўвечары 27 сакавіка 2016 года ў кватэры дома па вуліцы Янкоўскага, якую здымала абвінавачваная. Пакуль п'яная маці спала, галодны, як сцвярджае абвінавачанне, хаскі пакусаў дзяўчынку за галаву і адкусіў ёй правую руку амаль па плячо. Дзіця памерла ў выніку траўматычнай ампутацыі рукі, страты крыві і шоку. Крыкаў дзяўчынкі ніхто з суседзяў не чуў, толькі неяк незвычайна скроб падлогу сабака, расказала суседка. Устаноўлена, што да трагедыі маці ў розных дозах ужывала алкаголь на працягу трох сутак. 27 сакавіка, прыйшоўшы дадому, яна паклала дачку спаць побач з сабой на канапу, а не ў дзіцячы ложак, які быў зламаны.

Чатырохмесячны на момант трагедыі шчанюк хаскі не быў зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку. Следства і абвінавачанне настойваюць на тым, што сабаку ніхто не дрэсіраваў, карміла гаспадыня яго дрэнна, жывёла галадала. Таксама абвінавачанне настойвала на тым, што дзеці Пашук галадалі. Пацвярджэння гэтаму ў судзе не знайшлося.

9 жніўня заводчык сабакі з Талачына заявіў, што гатовы забраць хаскі назад. Яго права ўласнасці на жывёлу пацверджана дамовай з Кацярынай Пашук, падпісанай у студзені гэтага года пры куплі шчанюка ў растэрміноўку. Грошы за сабаку абвінавачваная не заплаціла.

Па рашэнні суда жывёла будзе вернута заводчыку.

Заводчык падчас яго допыту ў судзе 9 жніўня заявіў, што хаскі не магла мучыць жывога чалавека. Версія гібелі васьмімесячнай Ангеліны да таго, як хаскі адкусіў ёй руку, у судзе не правяралася. У той жа час у судзе абнародаваліся вынікі экспертыз, згодна з якімі ў выпаражненні сабакі не было біялагічнага матэрыялу загінулай дзяўчынкі. А ветурач «Фаўны горада» адназначна заявіў, што хаскі ўжываў мяса з крывёю — гэта было бачна па яго калу. Ручку загінулай Ангеліны так ніхто і не знайшоў.

Адвакат Кацярыны Пашук Васіль Лушнікаў упэўнены, што кваліфікацыя яе дзеянняў па ч. 3 арт. 159 КК «завышаная» і яны ўтвараюць толькі склад злачынства па ч. 2 арт. 159 КК.

Паводле яго слоў, засталося нявысветленым, чаму сабака напаў на дзіця, не даказана, што жывёла галадала, і абвінавачанне будавалася на здагадках. «Гэта спадар няшчасны выпадак», — упэўнена заявіў абаронца падчас спрэчак 9 жніўня і ў чарговы раз папракнуў былых мужоў Кацярыны ў бяздзейнасці.

Адвакат быў абураны тым, што абвінавачанне, акрамя маладосці, не ўбачыла іншых акалічнасцяў, якія змякчаюць віну Пашук. Асабіста ён упэўнены ў яе поўным раскаянні, усведамленні віны. У абвінавачванай застаюцца двое малалетніх дзяцей, і, хоць яны жывуць у бацькоў, бацькоўскіх правоў яе ніхто не пазбаўляў.

Акрамя таго, абаронца звярнуў увагу суда на псіхалагічныя траўмы, атрыманыя Пашук. У 13-гадовым узросце на яе вачах была забітая маці. 3 ліпеня 2008 года дзяўчына пацярпела ў выніку тэракта на Дзень Незалежнасці ў Мінску.

«Яна выхоўвала адна траіх дзяцей без якой-небудзь, акрамя бабулінай, дапамогі», — заявіў адвакат 9 жніўня.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту36

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту

Усе навіны →
Усе навіны

Свабода дурніц. Як амерыканцы пачалі вырошчваць ягады ў Кітаі, але радаваліся нядоўга7

26 палос мае хіба што самая шырокая аўтастрада свету. Але ад затораў не ратуе

Гомельскага блогера Мелстроя, магчыма, затрымалі на Кіпры на запыт Казахстана3

«Пакуль мы памятаем сваіх, ніхто ў нас іх не скрадзе». Гурневіч растлумачыў, чаму думка Парфёнава пра Шагала нам да «сиреневой луны»25

Стала вядома, як будзе выглядаць абноўленая Валадарка знутры ФОТЫ1

«Пытанне справядлівасці». Удава беларускага ваяра змагаецца ва Украіне за выплаты і годнае стаўленне13

Самалёт Flydubai уратавалі пілот-індыец і тры пасажыры, адзін з якіх стаматолаг. Другога пілота звязалі правадамі ад слухавак і маланкамі6

Радаслаў Сікорскі пра адносіны Польшчы з Беларуссю: У нас лёгкая адліга13

У Паўднёвай Карэі 600 тысяч чалавек прыйшлі паглядзець на акулу, якая захрасла ў канале1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту36

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць