Купалле — адно з самых старажытных і містычных святаў, што аб’ядноўвае ўсходніх славян. У кожнага народа склаліся свае традыцыі святкавання летняга сонцастаяння. Але, напэўна, менавіта ў Беларусі яны захаваліся найбольш поўна, адметна, каларытна. Мы сабралі для вас варыянты, куды можна паехаць пашукаць чароўную папараць-кветку, паскакаць праз вогнішча і павадзіць карагоды.
1. Купальскае кола
Фестываль насычаны народнай музыкай, гуляннямі, абрадамі ў найлепшых традыцыях сапраўднай беларускай культуры. Сёлета фэст адбудзецца ўжо ў 11-ы раз. Гасцей і ўдзельнікаў традыцыйна чакаюць мноства пляцовак і забаў, рэканструкцыя святкавання Купалля, а таксама маштабная канцэртная праграма.
Сам фэст пройдзе ў Музеі народнай архітэктуры і побыту (музей знаходзіцца за 4 км ад МКАД за аўтарынкам «Малінаўка» каля аг. Азярцо). Арганізатары раяць дабірацца туды альбо на сваіх аўтамабілях, альбо грамадскім транспартам: ад аўтастанцыi «Паўднёва-Заходняя», прыпынкаў «Пятроўшчына», «Малінаўка-6» ідуць прыгарадныя аўтобусы ў напрамках: Мінск — Дубянцы, Чыкі, 170Э а таксама маршрутнае таксі 1277.
Калі? | 21 чэрвеня 18:00-22:00 22 чэрвеня 14:00-22:00 23 чэрвеня 14:00-19:00 |
Квіткі можна набываць на кожны дзень фестывалю, а таксама на ўсе адразу.
— Квіток на 21 чэрвеня — 15 рублёў (толькі ў касе музея),
— Квіток на 1 дзень фестывалю (22 або 23 чэрвеня) — 35 рублёў,
— Квіток, набыты да 20 чэрвеня на 2 дні фестывалю (22-23.06.19) — 50 рублёў (дае права бясплатнага наведвання і 21.06.19),
— Квіток, набыты з 21.06.19 на 2 дні фестывалю (22-23.06.19) — 55 рублёў (дае права бясплатнага наведвання і 21.06.19).
— Дзецям да 7 год — бясплатна.
Анлайн квіткі можна набыць на bezkassira.by/kupalskaekola2019.
Дзе: Музей народнай архітэктуры і побыту, аг. Азярцо
Калі: 21-23 чэрвеня
Колькі: 15.00 — 55.00 BYN
2. Свята Сонца
Таксама этнафестываль. Арганізатары абяцаюць прадставіць на фэсце ўсе віды фолк-музыкі: фолк / фолк-рок / фолк-метал / пэган, а таксама сумежныя кірункі. Тут зайграюць і «Стары Ольса», і NaviBand, і гурт Pawa, і многія іншыя.
Праграма будзе насычанай: этна-пляцоўка, рамесныя майстэрні, старадаўні кірмаш, лучны, арбалетны цір, факельнае шэсце, і, вядома, шмат музыкі. На фэсце будзе аргнізаваны намётавы гарадок.
Развернецца «Свята Сонца» ў музеі «Дудуткі», што знаходзіцца за 40 км ад Мінска. Вось так выглядае мапа праезду:
22 чэрвеня фэст пачнецца а 10-й гадзіне раніцы і працягнецца да самай ночы. 23 чэрвеня гуляць будзем з 10:00 да 17:00.
Вельмі дэталёва пра квіткі, праграму, праезд напісана на сайце арганізатараў.
Дзе: Музей «Дудуткі»
Калі: 22-23 чэрвеня
Колькі: 7.00 — 40.00 BYN
3. Жук-Трэйл #12 Купалле
Масавыя забегі ў Купальскую ноч (і дзень) на розныя дыстанцыі: 5, 10 і 21 кіламетр. Маршрут пракладзены па палявых і лясных сцежках, па глыбокіх ровах. Даўжыня круга — 5 км. У залежнасці ад абранай дыстанцыі, удзельнікі прабягаюць адзін, два ці чатыры кругі. На фінішы ўдзельнікаў чакае памятны медаль. Апроч таго — фатограф на дыстанцыі, гарбата, печыва і садавіна на пункце харчавання, а таксама вялікае купальскае вогнішча на фінішы. Забегі ладзяцца як ноччу, так і днём. На начны забег трэба ўзяць ліхтар.
Можна прыехаць са сваім намётам і пасля забегу выдатна адпачыць.
Забегі ладзяцца 6-7 ліпеня ля парка забаў «Кукуполіс» (30 км ад Мінска). Вось схема праезду:
Начны забег пачнецца а 00:00, дзённы — а 12:30.
Квіткі анлайн можна набыць на bezkassira.by/nochnojzabegkupalle.
Калі ў вас засталіся пытанні, адказы на іх вы можаце знайсці на сайце арганізатараў.
Дзе: «Кукуполіс»
Калі: 6-7 ліпеня
Колькі: 10.00 — 39.00 BYN
4. Купальская ноч у Купалавым доме
Літаратурны музей Янкі Купалы не змог абмінуць увагай свята, што дало псеўданім беларускаму песняру. Тут правядуць квэст «У пошуках папараць-кветкі» па музеі і тэрыторыі парку. Таксама гасцей свята чакаюць майстар-класы па беларускіх песнях і танцах, пляценні купальскіх вянкоў.
Дзе? Літаратурны музей Янкі Купалы і Купалаўскі парк
Калі? 23 ліпеня, 19:00
Колькі? Уваход на мерапрыемства — 3.00 BYN.
5. Александрыя збірае сяброў
У праграме — выступы артыстаў беларускай эстрады і Магілёўскай абласной філармоніі, гурта «Лепрыконсы», найлепшых дыджэяў Беларусі. Пасля гала-канцэрта гасцей запросяць на бясплатную начную дыскатэку. Завершыцца гулянне святочным феерверкам. Падрабязную праграму глядзіце тут.
Дзе? Свята пройдзе на традыцыйнай пляцоўцы на беразе Дняпра ў аграгарадку Александрыя (Шклоўскі раён).
Калі? 6-7 ліпеня.
Колькі? 12.50 — 31.50 BYN. Квіткі можна набыць на сайце kvitki.by/aleksandrija-sobiraet-druzej.
6. Купальскія гулянні ў Станькаве
Карагоды, спевы, танцы, пляценне вянкоў, выбар Купалінкі і Купаліша, скокі праз вогнішча. На свяце таксама будзе працаваць пляцоўка рамеснікаў. Пасля часткі з традыцыйнымі забавамі арганізатары запрашаюць гасцей на дыскатэку.
Дзе? Цэнтр экалагічнага турызму «Станькава». Знаходзіцца за 40 км ад Мінска
Калі? 6 ліпеня. Дакладны час пакуль невядомы, але бліжэй да свята расклад з'явіцца па гэтай спасылцы. Арганізатары адказваюць аператыўна.
7. Задзвінскае Купалле
Гулянні ў вельмі каларытным месцы на беразе Дзвіны. У праграме запланаваны мюзікл «Неверагоднае Купалле», конкурс на самы прыгожы вянок (калі вялікага вопыту ў іх пляценні вы не маеце, то вам дапамогуць на адмысловым майстар-класе), выступы творчых калектываў, святочнае шэсце.
Дзе? Мерапрыемства адбудзецца ў культурна-гістарычным комплексе «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна». (Віцебск, вул. Чайкоўскага, 5)
Калі? 6 ліпеня з 19:00 да 23:00.
Колькі? За ўваход трэба будзе заплаціць 3 рублі. Дзеткам да 4-х год — бясплатна.
Каментары